В ОАО «Агро-Селище» всегда готовы к напряжённой работе

Общество

Халаднік у спякотны поўдзень – якраз тое, што трэба. Гэтую аксіёму яскрава пацвярджалі ў момант апусцеўшыя міскі работнікаў “Агра-Селішча”, што на некалькі хвілін прыселі на траву, каб падсілкавацца. А тут і рэдакцыйная “Ніва” падаспела: гэта ж трэба было так падгадаць, каб прыехаць на поле ля Паперына лічы што ў першы дзень маштабных работ на касавіцы ды яшчэ і ў час, калі корманарыхтоўчая каманда сабралася разам і дружна прыпыніла тэхніку. Сапраўдны журналісцкі фарт!

В.Хадасевіч, А.Бараўцоў.

“І хто ж у вас сёлета на галоўнай адзінцы?” – ківаю ў бок кормаўборачнага комплексу. “Я – і сёлета, і летась, і ўжо некалькі год запар! Нікога больш угаварыць не могуць, а я падатлівы…” – падтрымлівае градус агульнага добрага настрою Аляксандр Бараўцоў.

“А гэта, дарэчы, не такі ўжо і жарт, – далучаюцца да размовы Віктар Хадасевіч і Анатоль Жаваранак. – На КВК як сядзеш з раніцы – і да цёмнага рухавік фактычна не заглушаеш. На адвозцы лягчэй, абслугоўваем жа камбайн утраіх (з намі яшчэ Дзмітрый Плігаўка), і калі поле блізка ад траншэі, як зараз – дык крыху і перадыхнуць атрымліваецца”.

Вопытныя і адказныя механізатары былі заняты і на астатніх этапах зялёнага канвеера: на касьбе ў гэты дзень шчыравалі Юрый Юркевіч і Алег Крывёнак, з граблямі – Генадзь Хадасевіч, а першую траншэю ля селішчанскай фермы на “Амкадоры” старанна трамбаваў больш малады, але таксама надзейны і ўмелы работнік Ілья Загародні.

Што датычыцца якасці траў першага ўкосу, то яна розная: на полі, якое ўбіралі падчас нашага візіту (а адбываўся ён тыдзень таму), была сярэдняй, але ёсць і маладыя сенажаці, дзе чакаюць добрага ўраджаю.

Ю.Юркевіч, А.Жаваранак, Д.Плігаўка.

Корманарыхтоўку, як і па ўсім раёне, селішчанцы сёлета пачалі са спазненнем, таму стараюцца трымаць высокі тэмп, затрымліваюцца на полі да 10 гадзін вечара. І гэта дае плён: па звестках на ўчарашнюю раніцу, травы тут былі скошаны на 202 гектарах з 326 запланаваных (62 працэнта плошчаў). Са 169 гектараў яны ўжо былі ўбраны. У гаспадарцы мяркуюць нарыхтаваць 3300 тон сенажу – і 700 з іх ужо закладзена з кансервантам у траншэі, гэта 21 працэнт да плана і лепшы на дадзены момант паказчык сярод гаспадарак раёна (у “Дземенцы” і “Маяку-Ушацкім” – каля 16 працэнтаў, у астатніх – менш).

Нарыхтоўваюць селішчанцы і сена – з планам па гэтым відзе кармоў пакуль што справіліся на 22,9 працэнта, гэта крыху менш сярэднераённай лічбы, самыя ж высокія тэмпы ў “Маяку-Ушацкім” – 60 працэнтаў.

Што датычыцца ўжо нарыхтаваных кармавых адзінак, то ў “Агра-Селішчы” гэты паказчык складае 13,7 працэнта да запланаванага – крыху вышэйшая лічба толькі ў “Дземенцы”.

Такім чынам, старт касавіцы ў селішчанскіх аграрыяў атрымаўся даволі ўпэўненым. Не падвяла б толькі тэхніка – а людзі да напружанай працы тут заўсёды гатовыя.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *