У апошнія дні ў Беларусі ўсталявалася анамальная спёка. Пра тое, як паводзіць сябе ў такіх умовах, расказвае інструктар-валеолаг Ушацкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Васільеўна НІКІЦЕНКА:
– Піце шмат вадкасці, каб пазбегнуць абязводжвання. Аднак ад напояў з кафеінам адмоўцеся: яны дадаткова нагружаюць сэрца. Аддайце перавагу морсам, мінеральнай вадзе, якая не толькі прагоніць смагу, але і падтрымае нармальны водна-салявы баланс. Пазбягайце цяжкіх прадуктаў: мяса і вырабаў з яго, грыбоў, вострай і вэнджанай ежы. Ужывайце больш агародніны і садавіны. Дарэчы будуць халодныя стравы. Важна харчавацца невялікімі порцыямі, не пераядаць.
Практыкуйце водныя працэдуры: часцей прымайце халаднаваты душ, рабіце абціранні. Можна выкарыстоўваць і ванны з настоямі траў-антысептыкаў (рамонкаў, чыстацелу) – яны добра дэзынфікуюць скуру. У адкрытых вадаёмах не варта купацца ў самую спякоту, ныраць у халодную ваду – рэзкі перапад тэмператур справакуе спазм сасудаў.
Насіце прасторнае светлае адзенне з натуральных тканін (бавоўна, лён). Галаўны ўбор – абавязковы!
Па магчымасці заставайцеся дома з 11.00 да 15.00, калі сонца найбольш агрэсіўнае. Варта перагледзець свой распарадак і перанесці справы на раніцу ці вечар. Калі ўсё ж прыйшлося выйсці ў “пекла”, трымайцеся ў цені.
Не ператруджвайцеся: гэта датычыцца дачных спраў, працяглых прагулак.
Разумна выкарыстоўвайце кандыцыянер. Каб не было рэзкага перападу тэмператур пры наступным выхадзе на вуліцу, лепш устанавіць паказчык, ненамнога ніжэйшы (аптымальная розніца складае 5 градусаў). Такая тэхніка павінна знаходзіцца на адлегласці 2-3 метраў ад чалавека і размяшчацца так, каб не было скразняку, інакш яна можа стаць прычынай абвастрэння хранічных лёгачных захворванняў, узнікнення вострых рэспіраторных.
Першая дапамога пры цеплавым і сонечным удары:
Хворага неабходна перанесці ў халаднаватае месца або цень, пакласці з прыўзнятай галавой. Адзенне зняць, галаву і вобласць сэрца ахалодзіць, але не рэзка, даць халаднаваты напой і панюхаць нашатырны спірт.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.