Спасибо вам, люди в белых халатах! 20 июня — День медицинского работника

Общество

Клініка-дыягнастычная лабараторыя ў любой медустанове толькі называецца дапаможнай службай. На самой жа справе гэта ключавое звяно ў лячэбным працэсе, без даследаванняў якога дактарам не абысціся. Некалькі гадзін (а часам нават хвілін) – і ўзбуджальнік захворвання знойдзены. Ва Ушацкай райбальніцы на працягу амаль 7 гадоў адказвае за гэта, ператвараючы руцінны працэс у высокатэхналагічныя аперацыі, урач лабараторнай дыягностыкі С.В.Шыла.

– Я з тых шчасліўчыкаў, якія штодня займаюцца не работай, а любімай справай, – прызнаецца Святлана Віктараўна. – Дакладна не прагадала, калі пасля заканчэння Ушацкай школы вырашыла звязаць лёс з медыцынай. З чырвоным дыпломам скончыла Полацкае медвучылішча, атрымаўшы спецыяльнасць фельчара-лабаранта, працавала ў Глыбокім, Віцебску, пасля замужжа – ва Усінску Рэспублікі Комі Расійскай Федэрацыі, паралельна вучылася ў Смаленскай медакадэміі…

На малую радзіму гераіня нашага аповеду вярнулася ў 2014-м. Спецыяліста з вышэйшай адукацыяй і пройдзенай у абласным цэнтры інтэрнатурай прызначылі на пасаду загадчыка клініка-дыягнастычнай лабараторыі райбальніцы. І тут С.В.Шыла адразу адчула сябе сваёй.

– Не лічу сябе “важным начальнікам”, таму пасля выканання сваіх непасрэдных абавязкаў – афармлення дакументацыі, закупу рэагентаў, праліку паталагічных формул крыві і іншага – дапамагаю падначаленым, – кажа Святлана Віктараўна. – Для мяне не праблема – узяць у пацыента біялагічны матэрыял ці правесці якое-небудзь даследаванне. У нас як у вялікай дружнай сям’і: усе спецыялісты (у штаце зараз нас 13) гатовы падставіць плячо адзін аднаму, чаму я вельмі рада.

Кожны дзень праз лабараторыю праходзіць каля сотні агульных аналізаў крыві, больш чым па 500 пунктах аналізуецца “біяхімія”, а гэта яшчэ каля 50 проб. Усяго ж за 2020 год тут амаль 44 тысячам чалавек праведзена без малога 365 тысяч даследаванняў (па тысячы ў дзень!), у тым ліку новага – на антыцелы да каранавіруса. Апошні, дарэчы, быў надзвычай запатрабаваны ў верасні – за дзень, бывала, выяўлялі па 100 выпадкаў заражэння на COVID-19.

Пад кантролем урача лабараторнай дыягностыкі – не толькі правільнасць, своечасовасць правядзення аналізаў, але і аператыўнае інфармаванне пра наяўнасць крытычных паказчыкаў таго спецыяліста, які накіраваў пацыента. Часам, убачыўшы падазронае, Святлана Віктараўна сама прапануе дабавіць якое-небудзь даследаванне. Адказвае яна і за бесперабойную работу кругласутачнага паста лабараторыі, у якой экстранныя аналізы робяцца тым, хто паступае па “хуткай ” ці знаходзіцца ў стацыянары. На пытанне “Ці бываюць у занятых тут работнікаў бяссоныя ночы?” доктар са здзіўленнем перапытала, ці не памыліліся мы ў фармуліроўцы. І патлумачыла: добра, калі раз у месяц выдаецца адносна спакойнае дзяжурства – з парай-тройкай даследаванняў, звычайна ж справы тут кіпяць.

На занятасць, іншыя цяжкасці наша гераіня не скардзіцца, бывае, і пасля заканчэння рабочага часу затрымліваецца ў лабаротарыі. Да гэтага, дарэчы, прывыклі не толькі яе калегі, але і педагогі ясляў-сада №1, які наведвае малодшая дачушка медыка. Яны не скардзяцца на “адкладзены” да апошняга візіт: разумеюць важнасць той справы, якой займаецца С.В.Шыла. Адказны падыход да прафесійных абавязкаў, стараннасць доктара высока цэняць у калектыве райбальніцы, таму занясенне прозвішча Святланы Віктараўны па выніках работы за 2020-год на раённую Дошку гонару ўсе лічаць стапрацэнтна апраўданым.

*  *  *

Ніякія довады, журналісцкія ўлоўкі не дапамаглі ўгаварыць гэтых спецыялістаў сфатаграфавацца без масак. Паколькі інфекцыйнае аддзяленне, у якім працуюць, рэжымнае, без сродкаў індывідуальнай абароны тут не абысціся. Да такога не заўсёды зручнага “абмундзіравання” медыкі даўно прывыклі. Навучыліся пазнаваць іх і пацыенты, якіх у апошні год дакладна пабольшала.

Распаўсюджанне каранавіруса, сапраўды, унесла свае карэктывы ў работу аддзялення. Яшчэ да з’яўлення ва Ушачах першых выпадкаў заражэння COVID-19, тут актыўна ішла падрыхтоўка да прыёму такіх пацыентаў: вывучаліся ўмовы шпіталізацыі, тактыка лячэння і многае іншае. У разгар першай хвалі медыкам даводзілася працаваць на мяжы сваіх сіл. Практычна жыла ў аддзяленні яго загадчыца, адзіны ў раёне ўрач-інфекцыяніст В.П.Ярмош – размяшчала хворых, назначала лячэнне, цесна кантактуючы са спецыялістамі тэрапеўтычнага і рэанімацыйнага профіляў, кансультуючыся ў куратараў з абласнога цэнтра. “Даставалася” і медыцынскім сёстрам, якія падоўгу “прыцэльваліся”, каб трапіць у вену з першага раза: з запацелым экранам, ды яшчэ ў дзвюх парах пальчатак яны, як тыя вадалазы на дне каламутнай ракі, працавалі лічы што навобмацак. Дадалося спраў у санітарачак – пасля выпіскі пацыента трэба максімальна хутка прывесці бокс у парадак, усё прадэзінфікаваць: не выключана, што месца вось-вось спатрэбіцца іншаму… Кожны раз, выходзячы на вуліцу і чуючы гукі сірэны, усе яны спадзяваліся, што гэта не да іх. Аднак напалоханыя хворыя працягвалі паступаць… Ну а каб “суседства” з з іншымі паталогіямі нікому не нашкодзіла, персанал строга сачыў за выкананнем усіх мер і рэкамендацый. Без праблем асвоілі медыкі і работу з новым абсталяваннем: нядаўна тут з’явіліся кіслародныя кропкі для аказання максімальна поўнай дапамогі хворым на каранавірус.

– Я вельмі ўдзячна калегам – першай маёй памочніцы, старшай медыцынскай сястры Алене Аляксееўне Шакута і іншым спецыялістам аддзялення, якія з разуменнем аднесліся да новых умоў працы, – кажа В.П.Ярмош. – Ніхто не папрасіўся ў водпуск, не браў дадатковых выхадных за свой кошт. Увесь гэты час мы выконваем сваю справу зладжана, з аптымізмам. Апошнім, дарэчы, дзелімся з пацыентамі, што дапамагае ў працэсе лячэння.

Напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў з цеплынёй прыгадала Вольга Пятроўна і тых, хто ўжо выйшаў на заслужаны адпачынак, аднак на першых парах яе прафесійнай дзейнасці даў нямала добрых урокаў: Марыю Іванаўну Падрэз, Наталлю Яўгенаўну Юркевіч, Галіну Аляксандраўну Коршун, Лілію Іванаўну Клемянцёнак.

Усе 15 ложкаў аддзялення рэдка пуставалі. Летась тут пралечана 598 чалавек, з якіх 487 – дарослыя, 111 – дзеці. Вядома, гэта не толькі факты каранавіруса (іх было 166), у большасці выпадкаў гаворка ішла пра звычайныя інфекцыйныя паталогіі.

Цяпер у аддзяленні больш-менш спакойна – з панядзелка яно зноў стала “чыстай” зонай. Аднак гэта не значыць, што каранавіруса ў раёне няма – проста хворыя накіроўваюцца на лячэнне ў Полацк. Расслабляцца, як запэўнівае Вольга Пятроўна, ні ў якім разе нельга: пры агульным змяншэнні выпадкаў заражэння на COVID-19 значна павялічылася колькасць цяжкіх яго форм. Таму спецыяліст раіць па-ранейшаму насіць маскі, захоўваць сацыяльную дыстанцыю і абавязкова падумаць аб праходжанні вакцынацыі. Калі ж хвароба не абміне, персанал інфекцыйнага аддзялення зробіць усё, каб хутка паставіць вас на ногі. Неабходнае для гэтага ёсць: абсталяванне, медыкаменты і, канечне, неабыякавасць калектыву, які па выніках работы за 2020 год занесены на раённую Дошку гонару.

*  *  *

Ураджэнка Мар’янполля А.Ю.Ярмош з усмешкай называе сябе “маленькім доктарам”. За амаль 30 гадоў прафесійнай дзейнасці на пасадзе фельчара выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі яна навучылася з парога распазнаваць захворванні, праводзіць неабходныя маніпуляцыі, прызначаць медыкаменты… Ведае Алена Юльянаўна і практычна ўсе пад’язныя шляхі да населеных пунктаў Ушаччыны, трымае ў памяці дыягназы соцень сваіх землякоў.

– Напачатку маёй кар’еры ўсё было інакш: ні пераносных апаратаў ЭКГ, ні інгалятараў пад рукой не было – “угадаць”, скажам, інфаркт трэба было праз простае праслухоўванне сэрцабіення, – расказвае А.Ю.Ярмош. – Цяпер жа ў нашых чамаданчыках – лекі і медабсталяванне на ўсе выпадкі, што радуе.

Дарэчы, такая ноша не з лёгкіх. А з ёй прадстаўніцы прыгожай паловы даводзіцца пераадольваць немалыя дыстанцыі: напрыклад, узняцца на высокі паверх шматкватэрнага дома, па гурбах дабегчы да пацыента. Прыгадвае фельчар выпадак, калі некалькі год таму ўзімку ехала ў Забалацце на выклік да дзіцяці. Дарогу пасля завеі расчысціць не паспелі – аўтамабіль “хуткай” стаў за кіламетр ад неабходнага адраса. Разумеючы, што малога з высокай верагоднасцю давядзецца везці ў бальніцу, А.Ю.Ярмош параіла вадзіцелю іншы варыянт пад’езду, а сама, каб не губляць часу, пабегла да месца.

Падобных выпадкаў у Алены Юльянаўны было нямала. Аднак да іх жанчына адносіцца спакойна, нават жартуе, маўляў, да фізічных нагрузак рыхтавалася з дзяцінства, калі актыўна займалася спортам: лыжамі, бегам, валейболам.

Пасля заканчэння Плінскай школы гераіня нашага аповеду хацела стаць кадравіком – новая спецыяльнасць якраз з’явілася ў Гарадку. Аднак вялікі конкурс прайсці не дазволіў – цяпер за гэта жанчына толькі ўдзячна лёсу. Тады ж, каб не сядзець на шыі ў блізкіх, уладкавалася на прамкамбінат швачкай і паціху рыхтавалася да новай уступнай кампаніі. Калі ж ад знаёмых дзяўчат пачула прапанову паспрабаваць сябе ў медыцыне, падумала: а чаму б не, бацькі ўжо ў сталым узросце, медык у доме – вельмі дарэчы. Так Алена Юльянаўна стала студэнткай Полацкага медвучылішча. Вучоба, хоць і давалася няпроста, была па душы. Першыя фельчарскія навыкі дзяўчына адпрацоўвала на бацьку – калола модныя тады вітаміны для сэрца АТФ і какарбаксілазу.

Бацька гераіні не супраціўляўся ўколам і, каб падтрымаць яе, казаў, што рука ў той надзвычай лёгкая. Дарэчы, не падманваў, у гэтым паспелі ўпэўніцца ўжо тысячы ўшачан.

У 1992 годзе А.Ю.Ярмош па размеркаванні трапіла на малую радзіму і ўвесь гэты час працуе ў аддзяленні хуткай дапамогі райбальніцы. Колькі было выклікаў за гэты час, падлічыць немагчыма – толькі за змену бывае каля двух дзясяткаў. Аднак першы свой выезд да пацыента фельчар памятае дакладна – жыхару вёскі Ваўчо трэба было купіраваць прыступ бранхіяльнай астмы.

– Вядома, хвалявалася, – прызнаецца жанчына. – Аднак калі хворы пасля аказанай мной дапамогі на вачах папрыгажэў, змагла выдыхнуць. Зрэшты, справа тут не ў вопыце – і зараз, едучы па адрасах, спакойна сябе не адчуваю, выстройваю ў галаве план магчымых дзеянняў, прыкідваю спіс неабходных прэпаратаў.

Самыя складаныя выпадкі, па меркаванні А.Ю.Ярмош, – тыя, што звязаны з інфарктам, ацёкам лёгкіх. Заўсёды з трывогай едзе яна на аварыі: ніколі не вядома, што там чакае. Неяк у далецкім баку ў начны час аўто вылецела ў кювет. Ужо на месцы на пытанне “Колькі вас было?” пацярпелыя, што знаходзіліся ў цяжкім стане, нічога зразумелага адказаць не змаглі. Каб не дай Бог не пакінуць некага без дапамогі, пасля адпраўкі іх у бальніцу, Алена Юльянаўна абходзіла з ліхтарыкам бліжэйшую мясцовасць.

А.Ярмош: “Прашу землякоў, калі тыя тэлефануюць у “хуткую”, з разуменнем адносіцца да просьбы расказаць, што чалавека непакоіць. Гэта не займае шмат часу, а ў перспектыве яго эканоміць, паколькі фельчару прасцей зарыентавацца і аказаць пацыенту годную дапамогу.

Важнасць работы такіх спецыялістаў цяжка пераацаніць. Хаця, на жаль, знаходзяцца асобныя “экземпляры”, якія дазваляюць сабе і лішняга сказаць, і нават у п’яным угары руку падняць. На выручку А.Ю.Ярмош прыходзіць у такіх выпадках вадзіцель, а па сумяшчальніцтве – верны сябар і памочнік Васіль Яўгенавіч Дубёнак.

Пра медыцынскія справы Алена Юльянаўна думае нават дома (часова “выратоўваюць” хіба што агародніцкія заняткі на дачы ў Баяршчыне і цёплыя пасядзелкі з блізкімі) – абавязкова патэлефануе калегам, пацікавіцца станам пацыентаў, якіх прывозіла ў бальніцу. Калі ж чуе ад тых, хто паправіўся, шчыры “дзякуй”, адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслівай, забывае пра ўсе цяжкасці і зноў на крылах імчыць на любімую работу.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *