В Ушачах состоялось открытие памятников-бюстов Василю Быкову и Рыгору Бородулину

Общество

Кожны ведае, што Ушаччына – малая радзіма знакамітых беларускіх літаратараў – Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, Народных паэтаў Беларусі Рыгора Барадуліна і Петруся Броўкі, Еўдакіі Лось, Сяргея Законнікава, Арцёма Вярыгі-Дарэўскага. Іх памятаюць, чытаюць, захапляюцца. Асобнай старонкай у літаратурным жыцці праходзяць Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў. Сёння, якраз напярэдадні дня нараджэння Васіля Быкава, у цэнтры Ушач былі ўрачыста адкрыты помнікі-бюсты гэтым славутым землякам, ганаровым грамадзянам Ушацкага раёна.

Ініцыятарам гэтай справы выступіў грамадскі актывіст Глеб Лабадзенка, у актыве якога цэлы шэраг рэалізаваных праектаў па ўшанаванні памяці знакамітых асоб. Ушацкі райвыканкам адразу падтрымаў добрую ініцыятыву. Сотні прыхільнікаў творчасці В.Быкава і Р.Барадуліна ахвяравалі грашовыя сродкі на выраб бюстаў. Аўтарамі помнікаў сталі скульптары Ігар Засімовіч і Аляксей Сарокін, архітэктар Віктар Карака, а пастаменты стварыла Заслаўская майстэрня “Гранітны свет”.

Немалую работу па падрыхтоўцы пляцоўкі пад помнікі правяло УП ЖКГ – выкладзена не толькі тратуарная плітка, а і спецыяльная брукаванка. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама зрабіў заліўку фундамента пад пастаменты. Зрэшты, спонсарскую дапамогу ў гэтай справе аказала і прадпрыемства “Бурэнергасэрвіс” на чале з ушачанінам Сяргеем Фаміным. Будаўнічы кран для ўстаноўкі помнікаў выдзеліла ПМК-66.

– Гэта сапраўды знакавая падзея не толькі для раёна, а і для ўсіх беларусаў. Ушачы можна смела называць самым паэтычным куточкам Беларусі, і мы гэтым ганарымся, – адзначыў падчас урачыстага адкрыцця старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка. – Ніхто не пісаў пра вайну так рэалістычна, як Васіль Быкаў. Вершы Рыгора Барадуліна разабраны на цытаты, некаторыя радкі, яшчэ пачуўшы ў школе, немагчыма забыць. Яны сапраўдныя патрыёты сваёй малой радзімы – гэта адчувалася не толькі ў слове, а і ўчынках: Васіль Быкаў сваю Дзяржаўную прэмію накіраваў на будаўніцтва дарогі ў родную вёсачку Бычкі. І вельмі сімвалічна, што мы адкрываем помнікі ў Год народнага адзінства – не важна, хто мы па веравызнанні, прафесіі, палітычных поглядах – мы ўсе з вялікай павагай ставімся да творчасці гэтых волатаў беларускай літаратуры. Хачу выказаць вялікую ўдзячнасць усім людзям, якія задумалі і ажыццявілі гэты праект, у першую чаргу гэта Глеб Лабадзенка, аўтары скульптур Ігар Засімовіч і Аляксей Сарокін. Хочацца адзначыць і нашага земляка Сяргея Фаміна, які, як кажуць, трымаў руку на пульсе будоўлі і дапамагаў матэрыяльна. Дзякуй кожнаму, хто ўнёс сваю лепту ў ажыццяўленне задуманага.

– У мінулым годзе ў сацыяльных сетках разгарнулася цэлая кампанія па зборы сродкаў для ўстаноўкі помнікаў. Мяне, шчыра кажучы, таксама ахапілі эмоцыі, і я вырашыў далучыцца, – падзяліўся Сяргей Васільевіч Фамін на ўрачыстым мерапрыемстве (на здымку). – Дзе б я ні бываў, ні ездзіў, калі мяне пыталіся, адкуль я родам, я з гонарам казаў пра Ушачы, і што славіцца край Быкавым, Барадуліным, партызанскімі героямі. На што ў адказ чуў: “Нічога сабе!” Запуск праекта для Ушач азначаў эпоху адраджэння памяці, удзячнасці землякам”.

Далучыцца да ўрачыстасці меркаваў і член Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў, адзін з аўтараў помнікаў і чалавек, які сваімі рукамі іх напярэдні ўстанаўліваў – Ігар Сяргеевіч Засімовіч (ён жа рабіў помнік на магіле Р.Барадуліна), аднак па абставінах не змог прыехаць ва Ушачы. Адметна, што якраз у гэты дзень ён адзначаў свой уласны юбілей.

Да мерапрыемства далучыліся прадстаўнікі працоўных калектываў, выхаванцы аздараўленчых лагераў, многія ўшачане і госці раёна. “Мы ва Ушачы прыехалі да родных і вырашылі прыйсці на ўрачыстасць усёй сям’ёй. Цудоўная навіна і падзея, прыгожыя бюсты!” – казала сям’я Ткачовых з Мінска.

Да помнікаў ляглі кветкі, сотні фота было зроблена ўшачанамі каля новага аб’екта. Фінальным акордам адкрыцця стала песня ў выкананні гурта “Натхненне” на верш “Я не магу пра вас забыцца”, які напісаў яшчэ адзін наш знакаміты зямляк Пятрусь Броўка. І гэта вельмі кранальна і сімвалічна, бо як адзначыў У.Г.Аўдошка, у перспектыве тут будзе алея нашых знакамітых землякоў, якую дапоўняць П.Броўка, Е.Лось, Г.Гарбук…

Працягнулася ж урачыстасць у сядзібе-музеі Васіля Быкава.

“Жыву зараз на Міншчыне ў сына з нявесткай, яны спецыяльна ўзялі водпуск, каб прыехаць у гэтыя дні ў родныя Бычкі”, – расказвала Антаніна Аляксандраўна Быкава – жонка брата Васіля Уладзіміравіча, упрыгожваючы партрэт Народнага пісьменніка півонямі з уласнага палісаду.

Штогод гэтымі чэрвеньскімі днямі ў Бычках бывае шмат гасцей. Дзень нараджэння пісьменніка – нагода, каб выказаць бязмерную павагу да вялікага чалавека, па творах якога людзі спазнаюць суровую праўду вайны і яе антычалавечую сутнасць. А імпрэзы, што ладзяцца ў двары сціплай вясковай хаты, якая беражліва захоўвае атмасферу даваенных часоў, заўсёды атрымліваюцца вельмі шчырымі і кранальнымі.

Так было і сёлета. Затаіўшы дыханне, гледачы сачылі за сустрэчай сялянкі Серафімы і цяжка параненага капітана Хлебнікава з аповесці “Бліндаж” – у герояў Быкава пераўвасобіліся самадзейныя артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Клачок і Кірыл Шалыга. Работнікі раённай бібліятэкі падрыхтавалі літаратурную кампазіцыю, у якой прагучалі вершы паэтаў розных краін, прысвечаныя Васілю Быкаву. З такіх твораў выдадзены нават адмысловы зборнік “Пасланец мужнасці”. І, вядома ж, на яго старонках шмат радкоў ад земляка і сябра Народнага пісьменніка – Рыгора Барадуліна. У тым ліку і гэтыя, вобразныя і прароцкія:

Будуць часам ідалы раструшчаны,

Свет разумны стоміцца ад крыкаў.

Васільком у жыце Беларушчыны

Назаўсёды застанецца Быкаў.

Назаўжды застанецца ён і ў сэрцах землякоў.

Вольга КАМАРКОВА, Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *