“Летась конкурс не праводзіўся, дык мы аж засумавалі!” – зазначалі вальшчыкі лесу Ушацкага лясгаса, якія ў пятніцу сабраліся на раённыя спаборніцтвы прафесійнага майстэрства “Лесаруб-2021”. Удзел у іх прынялі па два прадстаўнікі ўсіх сямі лясніцтваў і лесапункта, а праявіць свае навыкі ім неабходна было ў пяці выпрабаваннях.
Мерапрыемства праходзіла адразу на дзвюх пляцоўках: самага спрытнага ў валцы лесу выяўлялі на дзялянцы Ушацкага лясніцтва, а вось астатнія этапы, яны ж і самыя відовішчныя, ладзіліся на стадыёне лясгаса.
Уявіць вальшчыка немагчыма без інструмента, таму адно з заданняў – замена ланцуга бензапілы. І тут роўных не аказалася аксакалу справы Міхаілу Карабаню з Ушацкага лясніцтва, які справіўся з заданнем у рэкордна кароткія 18 секунд. Да слова, уладальнік другога месца ў гэтай намінацыі Аляксей Первянёнак з Сарочынскага лясніцтва выканаў яго за 24 секунды. У дакладным распілоўванні трэба было разрэзаць бервяно і не закрануць памост, на якім яно ляжыць, а пры камбінаваным рэзе ад бервяна здымаўся кавалак таўшчынёй 3-8 см спачатку зверху, а потым знізу. На гэтым этапе лепшыя вынікі паказалі Анатоль Бычынскі з Касарскога лясніцтва і Павел Мацвееў з лесапункта. Пры абрэзцы сукоў, акрамя хуткасці, значэнне мела наяўнасць выступаў: чым меншыя, тым лепш, трэба было пастарацца і не пашкодзіць дрэва. З гэтым ідэальна справіўся зноў жа М.Карабань. А вось непасрэдна ў валцы лесу лепшым стаў прадстаўнік Плінскага лясніцтва Аляксандр Шараеў.
У сёлетніх спаборніцтвах удзельнічалі як вальшчыкі, за плячыма якіх багаты стаж, так і навічкі. Сярод іх, напрыклад, Андрэй Клопаў з Пліна, а для кублічан Сяргея Мялешкі і Віктара Сініцы дэбют наогул стаў паспяховым – абодва ўвайшлі ў тройку лідараў у абрэзцы сучча.
Майстэрства ў кожным конкурсе традыцыйна ацэньвалася ў балах, колькасць якіх залежала ад шматлікіх паказчыкаў. Абсалютную перамогу ў спаборніцтвах у выніку прадказальна заваяваў сёлетні лаўрэат раённай Дошкі гонару Міхаіл Карабань, другое месца заняў яшчэ адзін пастаянны ўдзельнік “Лесаруба” Аляксей Первянёнак, “бронза” конкурса дасталася прадстаўніку Вялікадолецкага лясніцтва Уладзіміру Кастаненку.
Кожны ўдзельнік працаваў не толькі на асабісты вынік, а і на камандны. Так, сярод лясніцтваў першае месца прысуджана Ушацкаму, другое – Сарочынскаму, трэцяе заняло Плінскае.
Пераможцы атрымалі не толькі граматы, а і грашовае ўзнагароджанне, таксама ім давядзецца абараняць гонар Ушацкага лясгаса на адпаведных абласных спаборніцтвах, якія хутка пройдуць у Глыбоцкім раёне. Усім жа, хто не трапіў на п’едэстал, конкурс як мінімум даў стымул удасканальваць свае навыкі.
Вольга КАМАРКОВА.