Галіна Пятроўна Чарнышова гэты дзень праводзіла як звычайна. Раніцай падрыхтавала сняданак. Справілася па гаспадарцы (а гэта карова, свінні, цяляці, куры), выцепліла ў печы, паставіла варыць страву. Гадзін у адзінаццаць у хаце было ўжо ідэальна прыбрана, у печы тушылася свініна. Нават апошнія восеньскія кветкі красаваліся ў вазе. Так Галіна Пятроўна Чарнышова чакала на абед свайго мужа. Столькі ж з ім звязана рознага ў яе жыцці, што клапоціцца аб ім перш за ўсё, асабліва пасля таго, як дзеці параз’язджаліся.
Родам яна з вёскі, што пад Курскам. Працавала ў горадзе на заводзе. Тады і адбылося знаёмства мясцовай дзяўчыны і хлопца з Ушаччыны, які жыў там разам са сваёй маці. Пажаніліся. Бацькоў не было, вось і рызыкнула Галіна ехаць у незнаёмую ёй старану. Уладкаваліся муж, яго маці Раіса Ягораўна і жонка ў калгас “Савецкая Беларусь”. Усё складвалася добра. Было выдзелена жыллё, нарадзіліся трое дзяцей.
Ды сям’ю Чарнышовых чакала няшчасце. У той дзень гаспадар пасвіў вясковы статак непадалёк ад дома. Убачыў дымок, але нічога дрэннага спачатку не падумаў. А потым зразумеў, што гарыць хата.
Сям’я аказалася на папялішчы. І ў гэты ж дзень да Чарнышовых сталі ісці і ісці людзі. Як добрую даярку і шчырую аднавяскоўку Галіну Пятроўну ведалі многія. Так жа ўспрымалі і яе мужа Міхаіла Мікалаевіча, які працаваў механізатарам. Хто чым мог, дзяліўся з сям’ёй пагарэльцаў: грашыма, адзеннем, посудам. Дапамагла гаспадарка, быў куплены дом, былы старшыня калгаса Васіль Станіслававіч Спірчонак праявіў разуменне. Усё пачаўшы з нуля, Чарнышовы зажыліся, зноў цвёрда сталі на ногі. Галіна Пятроўна сцвярджае, што да апошняга яны застануцца ўдзячны людзям, якія не былі абыякавымі да іх гора.
Калі здарыўся пажар, іх старэйшы сын служыў у арміі, двое дзяцей былі ў школе. Прайшло дзесяць гадоў. Усё ідзе да лепшага. Адна дачка са сваёй сям’ёй жыве ва Ушачах, другая ў Мінску працуе медсястрой. Сын – на аварыйна-выратавальным пасту вёскі Глыбачка.
Бацькі дапамагаюць дзецям зажыцца. Не дзеля адных сябе трымаюць гаспадарку, вырошчваюць неабходнае для кармлення жывёлы, агародніну на 85 сотках. Раней яшчэ большы агарод быў – аж два гектары. І дзвюх кароў трымалі.
У сям’і Чарнышовых дастатак і спакой. А тое, што было, засталося ў памяці як чорнае пляма, якое зацягваецца з гадамі туманам.