Работники «Маяка-Ушачского» достойно проявят себя на любом участке и никогда не подведут

Общество Сельское хозяйство

Так атрымоўваецца, што літаральна кожная, здавалася б, радавая паездка на палеткі “Маяка-Ушацкага” ператвараецца для нас, карэспандэнтаў, у захапляльнае падарожжа, насычанае падзеямі і ўражаннямі. Вось і ў мінулы чацвер разам з галоўным аграномам гаспадаркі Антонам Юльянавічам Анецькам мы скалясілі на “Ніве” маляўнічае плінска-матырынскае наваколле, прасачылі ўвесь ланцужок аперацый “зялёнага канвеера”, “прыклалі руку” да трамбоўкі траншэі і ўхілення тэхнічных форс-мажораў, а яшчэ трапілі пад лівень і прадэгуставалі смачныя падвячоркавыя катлеты!

“Маяк-Ушацкі” для старту серыі рэпартажаў з касавіцы быў абраны невыпадкова: гаспадарка раней іншых разгарнула шырокі фронт адпаведных работ. З 1 чэрвеня зялёны корм пайшоў на комплексы, а напрыканцы мінулага тыдня ля Матырынскай фермы закладалі першую 500-тонную сянажную траншэю. Стартавае ж звяно прыгаданага вышэй ланцужка мы сустрэлі на полі насупраць “Маяка” – Раман Ладзік і Андрэй Лапо (на здымку зверху) дружным дуэтам касілі сакавітыя сенажаці.

С.Аўдошка, Д.Прашкевіч, Я.Кулянок, І.Апёнак, П.Казачонак, В.Алексяёнак, А.Коўшаль.

“Спеласць траў – аптымальная: вышыня каля 80 сантыметраў, у цімафееўкі – пачатак калашэння, у канюшыны – стадыя бутанізацыі”, – з задавальненнем характарызаваў ураджай траў другога года галоўны аграном. У прыўзнятым настроі былі і механізатары: сонечнае надвор’е, добры травастой, а працоўная змена хоць і доўжыцца зараз з 7 раніцы да 9 вечара, аднак і ў рытм ужо ўвайшлі, і стаміцца яшчэ не паспелі.

На трамбоўцы – М.Цыбульскі.

Прыемна было назіраць і за работай маладога механізатара Аляксея Атрашкевіча, які хутка і спрытна ўтвараў валкі на полі ля Заазер’я. Выйшлі на тутэйшыя палеткі і кормаўборачныя камбайны – “цяжкая артылерыя” касавіцы. Набыты летась і давераны Пятру Феліксавічу Караткевічу ўніверсальны комплекс гэтым днём нечакана забарахліў, але вопытны майстар хутка выявіў і ўхіліў невялікую паломку і вярнуўся ў поле. Так жа аператыўна разабраліся і з сітуацыяй, калі ў КВК-800 Сяргея Аўдошкі скончылася паліва: па тэрміновым выкліку Антона Юльянавіча літаральна праз некалькі хвілін на бартавой “лятучцы” падвёз салярку работнік гаспадаркі Мікалай Карабань, а невялікі прастой мы выкарысталі, каб зрабіць калектыўнае фота камбайнера і шасці вадзіцеляў, што працавалі ў гэты дзень на адвозцы.

П.Караткевіч.

Летась у “Маяку-Ушацкім” нарыхтавалі 14 тысяч тон сенажу – кармоў хапіла і для сваіх патрэб, і на продаж. Сёлета, нягледзячы на позні старт касавіцы, гэтую лічбу спадзяюцца нават перавысіць. Каля паўтоны зялёнага корму плануюць упакаваць у стрэйч-плёнку. На ўчарашні дзень у гаспадарцы было скошана 320 гектараў траў і нарыхтавана 945 тон сенажу.

Пабывалі мы і на фінішным участку “зялёнага канвеера”. Як вядома, аптымальны тэрмін закладкі сянажнай траншэі не павінен перавышаць тры дні. Ну а работа па трамбоўцы працягвалася і ў начную змену. У тым жа, што працэс, на якім днём былі заняты Дзмітрый Дзегцяроў і Міхаіл Цыбульскі, даволі спецыфічны, упэўнілася ўвачавідкі. Апошні прапанаваў узняцца ў кабіну старэнькага “Кіраўца”, і я хутка зразумела, што ў спякоце і бясконцым руху ўзад-уперад непадрыхтаванаму чалавеку складана правесці нават некалькі хвілін. Міхаіл Пятровіч жа адчуваў сябе камфортна і бадзёра – і ўвогуле, як аказалася, менавіта на гэтым самым “Кіраўцы” ён працаваў калісьці ва Ушацкім ПМС, якому прысвяціў больш 30 год жыцця. Прадпрыемствы ствараюцца і рэарганізуюцца, а надзейная тэхніка працягвае служыць і зараз. Тое ж можна сказаць і пра руплівых работнікаў, якія годна праявяць сябе на любым участку і ніколі не падвядуць.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *