НЯЎДАЛЫ ЖАРТ
(гумарэска)
Перад Новым годам вечар.
Яську запрасіў Мяфодзь.
– Хочаш, брат, папарыць плечы?
У лазню да мяне прыходзь.
Ясь сабраў бялізну хутка,
Пачаў венік выбіраць.
І надумаў той мінуткай
Ён Мяфодзю напужаць.
Як у лазні распрануўся,
То Мяфодзю кажа: “Стой!
Скокні, покуль не разуўся
Ты да студні за вадой”.
– Дык жа хопіць халадзёнкі.
Я ж даволі нанасіў.
– У мяне, брат, завядзёнка,
Каб са студні. Прынясі!
За вадой пайшоў Мяфодзя,
Ясь жа гэтага й хацеў.
Пару даў і на падлозе
Лёг, нібыта ён самлеў.
Вось вады прынёс Мяфодзя,
Распранаецца хутчэй:
– Прывалок! Цяпер, мо, годзе
– Пару дай там гарачэй.
Адчыніў у лазню дзверы,
Бачыць – ніцма Ясь ляжыць.
Той вачам сваім не верыць,
Як стаяў, дамоў бяжыць.
Напалоханы, раздзеты
Ён дзвярамі у хату – бразь!
А да жонкі там кабеты
Пазбіраліся якраз.
Як убачылі Мяфодзю,
Вэрхал справілі такі…
Чорным ходам па гародзе
Перлі з хаты напрасткі.
А сцяжынкай той жа самай
Яська з лазні выбягаў.
Ён без вопраткі таксама
Прад жанчынамі прадстаў.
Тыя бедныя кабеты
Яшчэ больш узнялі гвалт.
Нарабіў ім жаху гэты
Не зусім удалы жарт.