Волноваться не нужно! Рубка леса в Ушачском районе не приведёт к уменьшению запасов древесины

Общество

“Хутка ў раёне лесу не застанецца – лесавозы адзін за адным вывозяць драўніну з лесфонду, колькі разоў за дзень на вуліцах гарпасёлка іх убачыш. А з новай сучаснай тэхнікай, якая апошнім часам з’явілася ў лясгасе, у разы хутчэй справа пойдзе, так праз год-другі і ў грыбы-ягады некуды будзе схадзіць…” Меркаванні і водгукі такога кшталту апошнім часам даводзіцца чуць нярэдка. Каб пацвердзіць ці развеяць хваляванні ўшачан, за каментарыямі па гэтай хвалюючай тэме мы звярнуліся ва Ушацкі лясгас.

– Адразу хацелася б адзначыць, што рубка лесу на тэрыторыі дзяржлесфонду праходзіць не хаатычна, як захочацца, а згодна лесаўладкавальнага праекта – планава, асноўваючыся на навуковых даследаваннях, – расказвае начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення Ушацкага лясгаса Аляксандр Васільевіч Цішкоў. – Гэты праект распрацаваны рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам “Белдзяржлес”, прайшоў узгадненні, экалагічную экспертызу і зацверджаны Міністэрствам лясной гаспадаркі на дзесяцігадовы перыяд. У ім паказаны аб’ём, плошчы і месцазнаходжанне ўчасткаў, якія падлягаюць высечцы па тых ці іншых лесагаспадарчых мерапрыемствах. Звернемся да лічбаў. Запас драўніны на тэрыторыі лясгаса складае амаль 5 мільёнаў 600 тысяч кубаметраў. Згодна з праектам, распрацаваным на 2018-2027 гады, штогадовы аб’ём нарыхтоўкі па высечках галоўнага карыстання можа складаць 129,6 тысячы метраў кубічных, па высечках прамежкавага карыстання, сюды ўваходзяць і рубкі догляду – 36,2 тысячы. Больш высякаць мы не маем права, калі не здарыцца якіх-небудзь катаклізмах прыроды. Па факце, у сярэднім за тры гады дзеяння вышэйпрыгаданага праекта, нарыхтоўка па галоўным карыстанні склала 104,7 тысячы кубаметраў, па прамежкавым – 36 тысяч. Як бачым, запраектаваны штогадовы аб’ём асвойваецца нават не ў поўнай меры.

– Лес, як і чалавек, мае свой узрост, спеласць, пры дасягненні якой будзе адбывацца страта лесаўтваральных функцый і таварнай якасці. Гэта працэс натуральнага старэння. Высякаючы спелы лес, мы не толькі зарабляем грошы (а таксама даброты для людзей у выглядзе лесаматэрыялаў і ўсяго, што з іх вырабляецца), але і амалоджваем яго, робім пасадкі новых лясных культур. Кожны год прырост драўніны перавышае яе гадавую высечку. Напрыклад, за 2020-ы ў катэгорыю лесу пераведзена больш за 100 гектараў і за сёлетні сезон пасадкі закладзена 137,9 гектара, – дадае інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі Марыя Сямёнаўна Маршалкіна.

Плошча Ушацкага лясгаса складае 73,5 тысячы гектараў, у тым ліку пакрытая лесам – 65,1 тысячы. Асноўныя лесаўтваральныя пароды – іглічныя, яны займаюць 52,3% плошчы.

– Штогод прадпрыемства праходзіць аўдыт і мае адпаведныя сертыфікаты, выдадзеныя Міжнародным лясным папячыцельскім саветам (FSC) і міжнароднай некамерцыйнай і няўрадавай арганізацыяй (PEFC), якія пацвярджаюць, што ажыццяўляецца лесаўстойлівае лесакарыстанне і лесакіраванне. Таму ўшачанам не варта хвалявацца – усе рубкі ва ўшацкіх лясах вядуцца выключна ў рамках заканадаўства і не прывядуць да змяншэння запасаў драўніны і ў цэлым лясной тэрыторыі, – падводзіць вынік галоўны ляснічы лясгаса Аляксей Мікалаевіч Апёнак.

А для тых ушачан, у каго яшчэ застануцца пытанні, Ушацкім лясгасам штомесяц праводзіцца “дзень адчыненых дзвярэй”, інфармацыю пра дату правядзення можна даведацца на сайце www.ushles.by у раздзеле “Навіны”. Па ўсіх пытаннях дзейнасці лясгаса любы жадаючы можа звярнуцца як да спецыялістаў, так і кіраўніцтва па адрасе: г.п.Ушачы, вул.М.Бабаедава,6. Вітаецца папярэдні запіс па тэлефоне 5-79-16.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *