Пенсіі, дапамогі і сацыяльныя паслугі — тэмы заўсёды актуальныя. На “прамой лініі”, якую нядаўна праводзіла ў рэдакцыі газеты “Патрыёт” начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вікторыя Станіславаўна ГУГІНА, паступіла многа тэлефанаванняў
Першае тэлефанаванне датычылася вырашэння праблемы налічэння пенсіі па ўзросце. Грамадзянка звярнулася ў арганізацыю, дзе працаваў яе сын, за даведкай аб атрыманні заработнай платы. Аказалася, што ў 2000-м і 2001-м гадах па дакументах у сына значацца пропускі агульным тэрмінам 17 месяцаў, што не адпавядае рэчаіснасці. Жанчыне патлумачылі, што ведамасці па атрыманні заработнай платы за 2000-ы год не захаваліся, а ў 2001-м – праходзіць такое ж прозвішча, як і ў сына грамадзянкі, аднак з іншымі ініцыяламі. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што ў арганізацыі працуе некалькі чалавек з аналагічным прозвішчам, але ініцыялы, якія значацца ў ведамасцях, не адпавядаюць ніводнаму. Для таго, каб разабрацца ў сітуацыі, В.С.Гугіна прапанавала грамадзянцы звярнуцца ў суд, паспрабаваць даказаць факт атрымання заработнай платы работнікам арганізацыі ў тэрмін, калі ў яго значацца пропускі.
Другая грамадзянка спытала, ці ёсць адрозненне паміж працоўным дагаворам і дагаворам падраду, ці гарантуе апошні атрыманне мінімальнай заработнай платы. Вікторыя Станіславаўна патлумачыла, што нельга змешваць адносіны, якія маюць месца пры заключэнні і выкарыстанні дагавора падраду і працоўнага дагавору.
Дагавор падраду рэгулюецца Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь. Згодна з ім адзін бок (падрадчык) павінен выканаць па заданні другога боку (заказчыка) пэўную работу і здаць яе вынік у вызначаны тэрмін, а заказчык – прыняць вынік работы і аплаціць. Трэба адзначыць, што работа выконваецца за рызыку падрадчыка.
Працоўны дагавор жа ў сваю чаргу – гэта дамова паміж работнікам і наймальнікам, у адпаведнасці з якой работнік павінен выконваць работу па пэўнай адной ці некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях, улічваючы штатны расклад і ўнутраны працоўны распарадак, а наймальнік павінен прадставіць работу, забяспечыць работніка ўмовамі працы, прадугледжаныя заканадаўствам і дамоўленасцю бакоў, своечасова выплачваць заработную плату.
Працоўны дагавор у адрозненне ад дагавору падраду рэгулюецца Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь, згодна з 56 артыкулам якога работніку арганізацыі ці прадпрыемства гарантуецца выплата мінімальнай заработнай платы. Абавязацельствы, якія не падпадаюць пад дзеянне працоўнага Кодэксу, губляюць сілу. Гэта значыць, што па дагавору падраду гарантыі атрымаць мінімальную заработную плату няма.
Нельга не звярнуць увагу наймальнікаў на той факт, што змяненне назвы дагавору не гаворыць аб змяненні сутнасці адносінаў паміж бакамі і прадмета дагавору. Калі такія адносіны маюць усе прыкметы працоўнага дагавору, ён будзе лічыцца працоўным, нават калі яго назвалі дагаворам падраду, бо першаснае значэнне мае прадмет дагавору, а не яго назва.
Трэцяе тэлефанаванне было наконт выпадкаў назначэння дапамогі па доглядзе. Вікторыя Станіславаўна адказала, што права на атрыманне дапамогі па доглядзе за інвалідамі першай групы або асобамі, якія дасягнулі 80 гадоў і якім патрабуецца па медыцынскіх заключэннях пастаянны догляд, маюць працаздольныя асобы, якія нідзе не працуюць, не займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, не атрымліваюць пенсію, дапамогу па беспрацоўі і ажыццяўляюць догляд за названай катэгорыяй грамадзян. Факт ажыццяўлення догляду ўстанаўліваецца спецыяльнай камісіяй па назначэнні пенсій. Пры гэтым улічваюцца дакументы і акты абследавання фактычных абставінаў догляду, якія складаюцца спецыялістамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, па звестках, атрыманых шляхам апытання чалавека, за якім ажыццяўляецца догляд, суседзяў і інш.
Пад пастаянным доглядам разумеецца дапамога аднаго чалавека другому для ажыццяўлення адной або некалькіх нерэгулюемых надзённых запатрабаванняў (апрананне, прыём ежы, асабістая гігіена і іншыя), патрэбнасць у задавальненні якіх узнікае адзін і больш разоў за суткі.
Заява на атрыманне дапамогі па доглядзе падаецца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства асобы, за якой ажыццяўляецца догляд.
Гэта найбольш значымыя пытанні, але былі і прыватнага характару, на іх адказы дадзены адразу ж.
Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.