Актуальные вопросы жителей обсудили на сельском собрании в Кубличах

Общество

Ідэю правядзення сельскіх сходаў з абмеркаваннем актуальных для вяскоўцаў пытанняў і ўдзелам запатрабаваных спецыялістаў, якія могуць даць кампетэнтную параду, старшыня Кубліцкага сельвыканкама Марыя Васільеўна Ярмош упершыню апрабавала ў Селішчы. Ну а паколькі мерапрыемства аказалася плённым і было станоўча ацэнена сяльчанамі – цікавы вопыт атрымаў працяг у Кублічах. Ацаніць новую форму работы з насельніцтвам захацелі і мы.

Людзі зараз у аграгарадку жывуць пераважна немаладыя, а таму галоўны ўрач Ушацкай ЦРБ Анжаліка Анатольеўна Міранкова была для прысутных, безумоўна, цікавым госцем. Натуральна, што размова найперш зайшла пра ніяк, на жаль, не губляючую актуальнасць “кавідную” тэму. У Кублічах на дзень правядзення сходу апроч сацработнікаў прышчапіліся ад каранавіруса толькі каля дзясятка чалавек – як бачна, да патрэбных для фарміравання калектыўнага імунітэту 60 працэнтаў тут яшчэ вельмі далёка. Сярод прычын прамаруджвання ў вакцынацыі вяскоўцы называлі як боязь пабочных наступстваў ад працэдуры, так і нежаданне ехаць дзеля яе ў райцэнтр. Другую, дарэчы, можа ўхіліць прыбыўшая ў раён партыя вакцыны кітайскай вытворчасці, якая па якасці не саступае “Спутніку V”, аднак не такая патрабавальная ў плане ўмоў захоўвання – расійскую трэба ўтрымліваць пры тэмпературы не вышэй за мінус 18, кітайскую – ад 1 да 8 градусаў, таму яе прасцей даставіць у любы населены пункт і правакцынаваць людзей на месцы.

“Вакцынацыя – самы надзейны спосаб прафілактыкі ад COVID-19, – адзначыла Анжаліка Анатольеўна. На пытанне, ці варта вакцынавацца тым, хто ўжо перахварэў, яна адказала станоўча і адзначыла, што сярод жыхароў раёна маюцца людзі, якія перанеслі каранавірус двойчы і нават тройчы. Аднак трэба мець на ўвазе, што рабіць прышчэпку можна не раней чым праз 2-3 месяцы пасля выздараўлення. Былі ў кублічан і іншыя пытанні наконт медыцынскага абслугоўвання – у прыватнасці, яны выказвалі пажаданні аб удасканаленні талоннай сістэмы і магчымасці аднаўлення ў нашай райбальніцы такой запатрабаванай працэдуры, як пракол пры абвастрэнні хранічнага гаймарыту. Галоўны ўрач паабяцала прааналізаваць гэтыя запыты. Увогуле ж жыхары аграгарадка і навакольных вёсак медыцынскім абслугоўваннем задаволены, за што дзякуюць урачам Вялікадолецкай бальніцы сястрынскага догляду Аляксандру Уладзіміравічу і Але Мікалаеўне Крыштопенкам, работніцы мясцовага ФАПа Ірыне Уладзіміраўне Цвіклінскай.

З цікавасцю слухалі вяскоўцы і начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях І.В.Кошкіна, які не толькі нагадаў асноўныя правілы супрацьпажарнай бяспекі, а і на канкрэтных прыкладах патлумачыў, якія хібы прыводзяць да непапраўнага. Адпаведна апошнім лічбам статыстыкі, 53 працэнты грамадзян, што загінулі на пажарах у нашай вобласці, былі асобамі пенсійнага ўзросту, таму пажылым людзям, іх родным варта асабліва пільна ставіцца да забеспячэння бяспекі. А вось рэакцыя на пытанне, у каго дома ўстаноўлены пажарныя апавяшчальнікі, Ілью Віктаравіча, безумоўна, парадавала: рукі ўзнялі амаль усе прысутныя на сходзе.

Шмат слушнай інфармацыі да людзей данёс і начальнік Ушацкай энергагазінспекцыі Сяргей Леанідавіч Ярмош. Летам колькасць электратраўмаў на сяле павялічваецца. У прыватнасці, ён параіў пры рамонце даху, які многія зараз распачынаюць, папярэдне тэлефанаваць дыспетчару РЭС, каб спецыялісты на час правядзення работ адключылі электрычнасць. Расказаў і пра трагічны выпадак, калі дзядуля вырашыў напоўніць для ўнукаў надзіманы басейн, апусціў электрапомпу ў сажалку, а калі высветлілася, што яна не працуе, паспрабаваў адрамантаваць прыбор, не адключыўшы яго ад сеткі.

Вельмі ўражваючым, светлым эпізодам сходу стала для вяскоўцаў размова з благачынным Ушацкага раёна іерэем Аляксандрам Таляронкам. Ён закрануў тэмы, аб якіх задумваецца кожны з нас, а таксама адзначыў, як гэта важна і добра, што ў аграгарадку ёсць царква, і паабяцаў абавязкова прыехаць да кублічан на богаслужэнне.
Прыйшоўшыя на сход людзі не пашкадавалі аб праведзеным тут часе – зносіны ў пазітыўнай атмасферы атрымаліся нефармальнымі і вельмі карыснымі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *