Читайте, нужно ли носить маску после вакцинации от COVID-19?

Здравоохранение

Усе мы чакалі, што са з’яўленнем вакцыны ад каранавіруснай інфекцыі многае зменіцца: чалавецтва атрымае абарону ад COVID-19, можна будзе, як і раней, прымаць удзел у масавых мерапрыемствах, абдымацца з сябрамі – і не насіць пры гэтым маску. Аднак прэпарат (і не адзін) ужо прымяняецца, а масачны рэжым не адмяняецца… Чаму? Адказаць на гэтае пытанне мы папрасілі галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ушацкага раёна Паўла Аляксандравіча САЎЧАНКУ.

Захварэць магчыма

Як паказваюць даследаванні, поўны курс вакцынацыі прэпаратам “Спутнік V” (дзве дозы) абараняе ад COVID-19 на 95 працэнтаў. Гэта значыць, што 95 з сотні прышчэпленых пасля кантакту з вірусам не захварэюць. Але кожны 20-ты такой гарантыі не мае.

Патрэбны час!

Імунітэт да каранавіруса не з’яўляецца адразу ж пасля ўвядзення вакцыны. Гэта актуальна для “Спутніка V”, у склад якога ўваходзяць два адэнавірусныя вектары. Той, што ўводзіцца першым, – дастаткова распаўсюджаны штам адэнавіруса Ad5. У людзей, якія ўжо хварэлі на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі, выкліканыя ім, арганізм знішчыць яго адразу пасля ін’екцыі – імунітэт да COVID-19 у такім разе не выпрацуецца. Таму ў вакцыну ўваходзіць другі, больш рэдкі штам, што павялічвае шансы на поспех.
Аб фарміраванні імунітэту можна казаць толькі праз 2-3 тыдні пасля ўвядзення другой дозы, практычна праз 1,5 месяца пасля першай вакцынацыі. Увесь гэты час чалавека варта лічыць неабароненым ад каранавіруса, і маска для яго – абавязковая.

Масачны рэжым стрымлівае не толькі распаўсюджванне COVID-19. У бягучым эпідсезоне, дзякуючы нашэнню масак, у свеце ажно на 94-98 працэнтаў знізілася захваральнасць на грып.

Не стаць распаўсюджвальнікам

Прышчэпкі ад COVID-19 з вялікай верагоднасцю абароняць нас ад развіцця захворвання, а вось ад пранікнення віруса ў арганізм – наўрад ці. Гэта значыць, што пасля кантакту з інфекцыяй на працягу некаторага часу чалавек можа прадстаўляць патэнцыяльную небяспеку для акружаючых. І маска – галоўны “блок” на гэтым шляху.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *