Праздник поэзии

Общество

Такое свята наладжваецца ўпраўленнем культуры аблвыканкама, абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці ў некалькі гадоў адзін раз. Раней праводзілася ў Верхнядзвінску, а нядаўна прайшло ў Наваполацку пад назвай “Песняры Прыдзвінскага краю”.

Сёлета, у адрозненне ад ранейшых святаў, калектывам выдзелілі пяць хвілін для візітнай карткі і столькі ж для творчага конкурсу. Часу, канечне, было мала, таму клубы бясконца зацягвалі яго, і ніхто не спыняў. Прадстаўнікі кожнага раёна хацелі паказаць свае таленты як мага шырэй.

Наш творчы калектыў прадстаўлялі: настаўніца Галіна Данілёнак, якая чытала пераклад верша з нямецкай мовы на беларускую; студэнтка медуніверсітэта Вольга Шлёнская, а таксама інжынер Аляксандр Лосеў і энергетык Сяргей Каранеўскі з паэтычнымі творамі; работніца дзіцячага сада №4 Таццяна Сандзюк – з песняй “Беларусь” на свае словы. Вышываныя карціны дэманстравалі настаўніца Галіна Данілёнак і сям’я Соф’і Уладзіміраўны Бумага: дачка Таццяна і ўнучка Вольга. Вырабы вельмі спадабаліся тым, хто прыйшоў на свята. Такія ж майстрыхі з Шуміліна, Шаркаўшчыны, Талачыно зацікавіліся вырабамі, захацелі наладзіць абмен эскізамі. Уладзімір Іванавіч і Алена Канстанцінаўна Бязрукавы дэманстравалі прысутным ганчарныя вырабы, што таксама выклікала цікавасць.

Творчы конкурс нашых удзельнікаў складаўся кампазіцыйна з вершаў на тэму аб малой радзіме. У ім, як і ў папярэднім, удзельнічала і кіраўнік клуба”Муза” Галіна Варатынская, якая чытала свой верш “Радаўніца”.

Многія адзначалі, што творы нашых удзельнікаў – даволі высокага ўзроўню.

За час свята ўвацоўваліся творчыя сувязі калектываў. Прапановы сустрэцца клубамі паступілі з Полацка, Шаркаўшчыны, іншых раёнаў.

Думаецца, атмасфера свята, атрыманы дыплом стварылі добры настрой нашым удзельнікам надоўга. Аб сваіх уражаннях яны раскажуць сябрам па клубу, якія не змаглі паехаць з-за абмежавання колькасці ўдзельнікаў і месцаў у мікрааўтобусе.

Наперадзе ў сяброў клуба цікавае навагодняе пасяджэнне.

С.ТАРАСЕНЯ,

дырэктар раённага Дома культуры.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *