У гэтым навучальным годзе напярэдадні калядных святаў адзначалася дата, адметная для ўсіх аматараў музычнага мастацтва – 250-годдзе з дня нараджэння аднаго з найвялікшых кампазітараў у сусветнай гісторыі Людвіга ван Бетховена.
Не маглі абысці ўвагай гэту падзею і ва Ушацкай дзіцячай школе мастацтваў. Аддаць даніну павагі карыфею, прыгадаць яго жыццё і творчасць вырашылі ў незвычайнай форме – зрабіць адмысловы відэапраект “Памяці Людвіга ван Бетховена”.
Задума фільма належала загадчыку фартэпіяннага аддзялення Веры Эдуардаўне Кароткай. “Бетховен разам з Фрыдэрыкам Шапэнам – у ліку маіх любімых кампазітараў, бо ў яго творах увасоблена страсць на мяжы чалавечых магчымасцяў. Але я з горыччу заўважаю, што гэта вялікая музыка ад нас паступова аддаляецца – і такім праектам мы хочам унесці хаця б маленькую лепту ў яе захаванне”. У фільме шмат музыкі і малавядомых фактаў пра Бетховена. Удзел у здымках роліка прынялі настаўнікі і навучэнцы аддзялення, а зманціраваць яго дапамог педагог ДШМ Уладзімір Ігаравіч Мірончыкаў.