Лета – перыяд адпачынку і аздараўлення. У аддзеле па адукацыі Ушацкага райвыканкама паклапаціліся, каб школьнікі мелі магчымасць правесці канікулы не толькі цікава, але і карысна. У чэрвені-жніўні ў 16 лагерах (гэта на два больш, чым летась) плануецца заняць 425 дзяцей.
З 2 па 25 чэрвеня ва ўсіх школах раёна будуць працаваць аздараўленчыя дзённыя лагеры, а таксама лагеры працы і адпачынку. У гэты ж час ва Ушачах вучняў запросіць ваенна-патрыятычны летнік, работа якога будзе арганізавана сумесна з райаддзелам па надзвычайных сітуацыях.
Напачатку лета адчыніць дзверы і кругласутачны аздараўленчы лагер “Турасполле”. Ён традыцыйна будзе працаваць у тры змены, кожная працягласцю 18 дзён. Першая стартуе 9 чэрвеня, другая – 29 чэрвеня, трэцяя – 20 ліпеня. Поўны кошт пуцёўкі сёлета складае 464 рублі 22 капейкі, бацькоўская даплата – 249 рублёў 22 капейкі.
Акрамя гэтага на базе “Турасполля” будзе адкрыты дзевяцідзённы палатачны эколага-біялагічны лагер. Пуцёўкі ў яго будуць распаўсюджвацца без бацькоўскай даплаты – у першую чаргу для дзяцей, якія знаходзяцца на розных відах уліку, а таксама з мнагадзетных і малазабяспечаных сямей.
Парадуе хлопчыкаў і дзяўчынак турысцка-краязнаўчы летнік на базе раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Тут жа з 26 ліпеня па 18 жніўня будзе працаваць дзённы лагер мастацкага профілю. У гэты ж час ва Ушацкай школе акрамя педагогаў ладзіць мерапрыемствы будуць праваахоўнікі. Запросяць вучняў таксама спартыўныя пляцоўкі, камп’ютарныя класы, гурткі і секцыі родных альма-матэр.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.