З мэтай павышэння сацыяльнай актыўнасці і ўсебаковага развіцця асобы інвалідаў, паляпшэння якасці іх жыцця, павышэння ўзроўню камфорту асяроддзя іх жыццядзейнасці, развіцця ў грамадстве пазітыўнага стаўлення да інвалідаў і іх праблем у рэспубліцы распрацаваны і рэалізуюцца праграмы па папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў на 2006-2010 гады і «Безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці фізічна аслабленых асоб на 2007-2010 гады».
У раёне пражывае 743 інваліда, з іх 35 – інвалідаў-калясачнікаў, інвалідаў па зроку – 67 чалавек. Інвалідаў першай групы – 107, другой – 412, трэцяй – 194, маладых інвалідаў – 25, дзяцей-інвалідаў (да 18 гадоў) – 30.
За 2009-2010 гады ў Віцебскім абласным тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання ветэранаў і інвалідаў прайшлі рэабілітацыю 4 інваліды-калясачнікі і 5 інвалідаў па зроку.
На базе аддзялення медыцынскай рэабілітацыі ЦРБ інвалідам аказваецца неабходная дапамога. Медыцынскімі работнікамі праводзіцца штоквартальны патранаж інвалідаў першай групы.
Аказваюцца псіхалагічная, гуманітарная, адрасная і матэрыяльная дапамога, а таксама паслугі па надомным абслугоўванні. Усяго за 10 месяцаў 2010 года аказана матэрыяльнай дапамогі 54 інвалідам на суму 3885 тыс. рублёў, 13 сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, – на суму 1500 тысяч рублёў.
Штогод інваліды забяспечваюцца тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі. У цэнтральнай раённай бібліятэцы адчынены аддзел агучанай літаратуры – набыта 29 экземпляраў спецыяльных дыскаў.
У раёне штогод праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя Дню інваліда з прыцягненнем дзяцей-інвалідаў да ўдзелу ў культурна-масавых мерапрыемствах. Распачата работа па адкрыцці аддзялення дзённага прабывання інвалідаў у старым будынку канторы “Райаграсэрвіса”, дзе патрабуецца бягучы рамонт.
Зараз дзейнічае праграма «Безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці фізічна аслабленых асоб на 2007-2010 гады». Мэтай праграмы з’яўляецца забеспячэнне бесперашкоднага доступу інвалідаў і іншых катэгорый фізічна аслабленых асоб да аб’ектаў сацыяльнай і іншай інфраструктуры і паляпшэнне якасці іх жыцця. У прыватнасці, зроблена кантрасная разметка першай і апошняй прыступак ўваходу і на ўнутраных маршах будынка Вялікадолецкай і Дуброўскай бальніцы. Пад кантролем УП ЖКГ знаходзяцца дрэвы, якія растуць уздоўж дарог (праводзіцца абразанне галінак, змешчаных на ўзроўні вачэй). Ажыццяўляецца рэканструкцыя пешаходных пераходаў да грамадскіх месцаў, добраўпарадкаванне прылягаючых тэрыторый. Праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя па вуліцах Камсамольская, Савецкая, Калінінская, Школьная, Садовая. З пачатку рэалізацыі мерапрыемстваў праграмы ў раёне элементамі безбар’ернага асяроддзя абсталявана 73 аб’екта сацыяльнай інфраструктуры.
Галоўная мэта дзвюх праграм – звярнуць увагу на людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і дапамагчы ім у пераадоленні бытавых цяжкасцей.
В.ГУГІНА,
начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.