“Сястра павінна мець трайную кваліфікацыю: сардэчную – для падтрымкі пацыентаў, тэхнічную – для догляду за імі, навуковую – для разумення захворвання”, – казала 101 год таму англічанка Флорэнс Найтынгейл, якая падчас Крымскай вайны арганізавала першую ў свеце службу сясцёр міласэрнасці. Дзень нараджэння жанчыны – 12 мая – стаў пазней асаблівым святам медыцынскіх сясцёр, якое адзначаюць у многіх краінах свету. Ярка і прыгожа прайшло яно сёлета і ва Ушацкай ЦРБ.
Лепшае прызнанне для ўсіх, хто сабраўся ў мінулую сераду ў актавай зале райбальніцы, – шчырыя ўсмешкі пацыентаў, якія паправіліся. Пра іх, хто днём і ноччу дапамагае людзям, з’яўляючыся правай рукой і вачыма доктара, хто ўмее лячыць не толькі цела, але і душу, у віншавальным слове казалі галоўны ўрач ЦРБ Анжаліка Анатольеўна Міранкова і галоўная медыцынская сястра Антаніна Васільеўна Бабенка. Адзінае, пра што яны шкадавалі, дык гэта немагчымасць узнагародзіць адразу ўсіх.
У сістэме аховы здароўя Ушаччыны, сапраўды, працуе нямала выдатных спецыялістаў. Доказ таму – адмысловы фільм пра іх нялёгкія рабочыя будні, зняты пры непасрэдным удзеле галоўных віноўніц урачыстасці. Сярод тых жа, хто атрымаў Ганаровыя граматы Ушацкай ЦРБ, былі: Валянціна Іванаўна Жодзік – медыцынская сястра педыятрычнага аддзялення, Святлана Мікалаеўна Пятніца – інфекцыйнага, Валянціна Пятроўна Гарбаценкава – аддзялення сястрынскага догляду Глыбачанскай БСД, Таццяна Мікалаеўна Баркоўская – кабінета ўльтрагукавой дыягностыкі, Алена Яўгенаўна Карабань – стаматалагічнага, Ірына Сяргееўна Завадзінец – дэрматавенералагічнага, Ірына Уладзіміраўна Роўба – ясляў-сада №2 г.п.Ушачы, Алена Міхайлаўна Ардынская – медсястра агульнай практыкі Вялікадолецкай БСД, Рэгіна Іванаўна Гладыш – фельчар выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі, Анастасія Віктараўна Лабёнак – загадчык Матырынскага фельчарска-акушэрскага пункта. Прыемны сюрпрыз чакаў і актывістак пярвічкі раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” – памятныя падарункі ад грамадскага аб’яднання атрымалі старшы фельчар і фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Марына Генадзьеўна Харэвіч і Юлія Аляксандраўна Паршонак, медсястра (працэдурная) хірургічнага аддзялення Таццяна Уладзіміраўна Шалак, старшыя медыцынскія сёстры агульнапаліклінічнага персаналу і фізіятэрапеўтычнага аддзялення Валянціна Аркадзьеўна Бурак і Таццяна Міхайлаўна Станевіч, галоўная медсястра Антаніна Васільеўна Бабенка.
Шмат прагучала ў гэты дзень цёплых слоў, пажаданняў. Але ж, пагадзіцеся, для іх не патрэбны канкрэтныя даты – калі хочаце сказаць спецыялістам у белых халатах шчыры “дзякуй” за іх міласэрную справу, зрабіце гэта ўжо зараз!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.