Антон Коробов и его сочинение

Наши дети

Здараецца, што чалавек на працягу ўсяго свайго жыцця працуе над сабой, развівае творчы патэнцыял, аднак яго творчасць застаецца незапатрабаванай, незаўважанай. А бывае і наадварот, упершыню паспрабаваўшы сябе ў ролі творцы, чалавек дасягае значных вяршыняў, вынік яго дзейнасці прызнаюць. Так здарылася з вучнем Вяркудскай школы Антонам Корабавым, які напрыканцы мінулага года ўпершыню прыняў удзел у творчым конкурсе “Юны выратавальнік вачамі дзяцей” – і адразу быў заўважаны членамі журы.

Тое, што хлопец вельмі здольны, калектыў Вяркудскай школы цудоўна ведае. Антон мае высокі паказчык паспяховасці па ўсіх прадметах, неаднаразова станавіўся пераможцам разнастайных конкурсаў і прадметных алімпіяд. А вось пра творчы патэнцыял Антона настаўнікам школы стала вядома не так даўно.

У 2009-2010 навучальным годзе ў тады яшчэ восьмы клас прыйшла працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце школы Галіна Васільеўна Казлова, якая адразу звярнула ўвагу на тое, з якой лёгкасцю і незвычайным запалам у душы Антон спраўляецца з напісаннем сачыненняў. Цікавы, глыбокі, удумлівы – такім бачыла хлопца настаўніца, таму прапанавала яму прыняць удзел у конкурсе  “Юны выратавальнік вачамі дзяцей”, які праводзіўся ў раёне.

Фантазія Антона падказала хлопцу сюжэт будучага апавядання, а імкненне да арыгінальнасці – структуру і сродкі мастацкай выразнасці. Канечне, без дапамогі Галіны Васільеўны не абышлося: разам з хлопцам яна абмяркоўвала сюжэт, сачыла за ходам думкі вучня, раіла, ацэньвала напісанае. У выніку гэтай работы за адзін тыдзень Корабавым Антонам было напісана апавяданне “Добры ты хлопец, Наташа”. Гэта кранальная гісторыя пра тое, як дзяўчынка Наташа выратавала маленькага хлопчыка ад смерці падчас пажару. Для таго, каб здзейсніць подзвіг, патрэбны не словы, а дзеянні, смеласць і рашучасць – такая галоўная думка сачынення.

Работа Антона Корабава заняла першае месца на раённым этапе конкурсу “Юны выратавальнік вачамі дзяцей”, на абласным – другое. Хлопец прымаў таксама ўдзел і ў рэспубліканскім этапе конкурсу, дзе атрымаў мноства станоўчых эмоцый і памятныя сувеніры. Для дзяцей была арганізавана цікавая экскурсія ў Мінскі камандна-інжынерны інстытут МНС.

Антон яшчэ не вырашыў, куды будзе паступаць пасля заканчэння школы, аднак не выключае той факт, што ў будучым стане выратавальнікам. Хочацца пажадаць Антону далейшых поспехаў у вучобе, высокіх творчых дасягненняў і спаўнення ўсіх жаданняў!

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *