Знаёмцеся – сям’я Дукмасавых, пераможцы раённага конкурсу сямейнай творчасці “Мір вашаму дому”. Хаця многія ўшачане добра ведаюць гэтых людзей: тата Максім уносіць вялікі ўклад у справу выратавання людзей, працуючы начальнікам каравула ў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1, мама Алеся як і мае быць псіхолагу ТЦСАН – добразычлівы і ўраўнаважаны чалавек, гатовы кожнаму дапамагчы словам і парадай. Ну а актыўнасці і талентаў іх дачушкам не займаць: малодшая Ксюша захапляецца танцамі, а старэйшая Насця – маляваннем і… стральбой! У іх доме заўсёды пануе дружная і творчая атмасфера, а таму перамога ў конкурсе стала не выпадковасцю, а заканамернасцю.
За перамогу ў раённым конкурсе сёлета спрачаліся чатыры ўшацкія сям’і. Паколькі конкурс быў творчым, то ў адпаведным ключы ўдзельнікам трэба было паказаць візітку, прадэманстраваць таленты на сцэне, а таксама загадзя падрыхтаваць выставу сваіх твораў. Перад пачаткам мерапрыемства нельга было не спыніцца ў фае ля сямейных прэзентацый. Так, Анастасія Шараева захапляецца фатаграфіяй, і ў кадры часцей за ўсё і з’яўляюцца менавіта члены сям’і – другая палавінка Аляксей, а таксама дзеці Антон і Яна. Дарэчы, у гэты дзень дзяўчынка не толькі ўдзельнічала ў конкурсе, а і адзначала свой чацвёрты дзень нараджэння. Ствараюць у сям’і і цэлыя фільмы і казкі. Ну а пра тое, як Антон здымаецца ў фільмах, займаецца мадэлінгам і спортам, мы ўжо расказвалі нашым чытачам.
“Так нязвыкла сябе адчуваю і хвалююся, што, здаецца, лепш бы рамонт каму-небудзь бясплатна зрабіў”, – прызнаваўся перад пачаткам галава сям’і Рэвенка Віталь. Разам з жонкай Веранікай яны выхоўваюць траіх сыноў – Арцёма, Цімафея і Андрэя, любяць разам падарожнічаць па Беларусі і займацца добраўпарадкаваннем уласнага дома. Яго Віталь – індывідуальны прадпрымальнік у сферы будаўніцтва ўзводзіў сам. Хоць і хваляваліся ў новым амплуа на сцэне, аднак творчы аповед пра сям’ю і ўзаемаадносіны атрымаўся надзвычай цікавым і шчымлівым.
А ў доме Ірыны і Яўгена Ціханавых, якія выхоўваюць Івана ды Мар’ю, заўсёды смачна пахне пірагамі і тартамі – ужо не першы год маладая гаспадыня займаецца салодкім хобі, а яшчэ яна выдатны кветкавод, слабасць якога – ружы. Сям’я з’яўляецца актыўнай удзельніцай многіх раённых мерапрыемстваў і ніколі не сумуе. Ну а аб тым, што яны любяць і цэняць адзін аднаго, падказвала песня ў выкананні маленькай Машы.
Ад твораў Дукмасавых на выставе-прэзентацыі літаральна разбягаліся вочы: Алеся займаецца вязаннем, мастацтвам канзашы, пляценнем з газет і лазы, разам з дзецьмі – алмазнай вышыўкай і маляваннем. А Максім у вольны час не супраць папрацаваць з дрэвам. Арыгінальна падышла сям’я да аповеду пра сябе са сцэны. Зрэшты, расказвалі не толькі самі, а і калегі, сябры, аднакласнікі праз відэа ў вершаванай форме. “Калі сумна нам бывае, мы да Алесі на прыём” – канстатавалі работнікі ТЦСАН з экрана, яны ж у гэты дзень прадстаўнічай камандай завіталі ў цэнтр культуры. “Калегі не толькі горача падтрымлівалі на мерапрыемстве, а і вельмі дапамагалі да яго падтрыхтавацца, за што ім вялікі дзякуй!” – падкрэсліла А.Дукмасава.
Сям’я-пераможца ўзнагароджана дыпломам і каштоўным падарункам ад раённай арганізацыі “Белая Русь”. А паколькі дастойныя былі ўсе ўдзельнікі, то і адзначаны ў розных намінацыях. А Рэвенкі і Ціханавы атрымалі яшчэ і заахвочвальныя прызы ад раённага аб’яднання прафсаюзаў і раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын.
Святочную атмасферу на працягу ўсяго мерапрыемства дапаўнялі выставы раённай бібліятэкі, народных майстроў, а таксама канцэртныя нумары выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў і работнікаў цэнтра культуры.
*–*–*
Да Міжнароднага дня сям’і былі падведзены і вынікі нашага фотаконкурсу “Сямейнае фота ў аб’ектыве “Патрыёта”, які рэдакцыя праводзіла сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, аддзелам загса. Прыемна, што конкурс выклікаў цікавасць не толькі ва ўдзельнікаў, а і нашых чытачоў: падчас інтэрнэт- і тэлефоннага галасавання сем’і падтрымалі больш за 1600 чалавек! Перамога ж у выніку дасталася сям’і Дзіяны і Аляксандра Булыкіных. Другое месца занялі Дзіяна і Сяргей Калбасавы, а вось трэцяе раздзялілі паміж сабой адразу тры сям’і – Дар’і і Вадзіма Кулага, Кацярыны і Вадзіма Рыкцер, Анастасіі і Аляксея Шараевых. Падчас прыгаданага мерапрыемства пераможцы атрымалі заслужаныя падарункі. Віншуем сем’і, дзякуй усім за ўдзел і актыўнасць!
Вольга КАМАРКОВА.