На Ушаччине продолжается профилактическая акция МЧС «Не оставляйте детей одних»

Профилактика и безопасность

Уся краіна з заміраннем сэрца сочыць за навінамі пра здароўе 12-гадовага хлопчыка Ромы Кагадоўскага з Мядзельскага раёна, які выратаваў на пажары свайго маленькага браціка, а сам моцна пацярпеў. 28 красавіка іх тата адлучыўся з дому, каб сустрэць маці, якая вярталася з працы з суседняга населенага пункта. Зусім ненадоўга дзеці засталіся адны, і ў гэты час у жыллі адбылося ўзгаранне (па адной з версій – з-за тэлевізара).

Схапіўшы двухгадовага брата, Рома вынес яго на вуліцу і страціў прытомнасць. Малыш не пацярпеў, а вось падлетак атрымаў апёкі 50% цела і паражэнне дыхальных шляхоў. У той жа дзень верталёт МНС даставіў хлопчыка ў Мінск, дзе за яго жыццё вось ужо трэці тыдзень змагаюцца медыкі. Вядома, што яго стан стабілізаваўся, але дагэтуль застаецца цяжкім. Гэтая гісторыя так ускалыхнула грамадства, што многія жыхары краіны не толькі захацелі дапамагчы сям’і матэрыяльна, а і запусцілі ў інтэрнэце акцыю ў падтрымку падлетка пад назвай “Рома, жыві!” – вядомыя артысты і простыя грамадзяне запісваюць відэа са словамі падтрымкі хлопцу і яго бацькам.

Каб такой страшнай бяды не здарылася ў сем’ях ушачан, выратавальнікі зараз актыўна праводзяць прафілактычную акцыю “Не пакідайце дзяцей адных!”. Яе назва гаворыць сама за сябе. Выйсці ненадоўга ў магазін, да суседкі, на агарод – пяці хвілін дастаткова, каб малому дзіцяці знайсці запалкі, паспрабаваць на смак незнаёмую вадкасць, праглынуць батарэйку, адчыніць вакно… Самых маленькіх нельга выпускаць з поля зроку, а старэйшым варта пастаянна расказваць пра элементарныя правілы бяспекі. Яны павінны ведаць нумары экстранных службаў, што ў выпадку пажару неабходна выбягаць на вуліцу. Захоўвайце запалкі ў недаступных месцах, не дазваляйце самастойна карыстацца газавымі і электрычнымі прыборамі. Пра гэта супрацоўнікі МНС нагадваюць на сустрэчах з бацькамі, у месцах масавага знаходжання людзей і падчас гульнявых мерапрыемстваў непасрэдна з дзецьмі. Напрыклад, на мінулым тыдні на фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва-Ушачы” для маладых ушацкіх сямей была арганізавана тэматычная спартландыя “МНС-лэнд”. Выкарыстоўваюць выратавальнікі і іншыя формы: напамін “Не пакідайце дзяцей адных!” з’явіўся на таварных чэках некаторых магазінаў гарпасёлка.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *