Телефонные мошенники не перестают зарабатывать на доверчивости граждан

Профилактика и безопасность

Ашуканцы працягваюць зарабляць на даверлівасці беларусаў. На сённяшні дзень рэкорд крадзяжу ў фізасобы – больш за 200 тысяч долараў. Такой сумы пазбавіўся мужчына, якому патэлефанавалі нібыта са службы бяспекі банка і расказалі, што ў іх установе праблемы з супрацоўнікамі: тыя “зліваюць” банкаўскія даныя, а каб іх злавіць, трэба ўступіць у аператыўную гульню. “Мы абяцаем, што Вашы грошы нікуды не дзенуцца, яны ўсе пазначаны”, – запэўнівалі яны. Як ні дзіўна, схема спрацавала – беларус на працягу двух тыдняў ажыццявіў 253 транзакцыі: ён прыходзіў у банк, адкрываў розныя рахункі і клаў на іх грошы. Работнікі банка папярэджвалі, маўляў, той звязаўся з ашуканцамі. Але ён не верыў. Да таго часу, калі ўсе яго грошы не “растварыліся”…

Яшчэ адзін нядаўні прыклад. Маладой жанчыне патэлефанаваў незнаёмец, прадставіўся супрацоўнікам банка і дзеля правядзення аперацыі на яе карысць папрасіў даныя карткі. Тая паверыла – і з яе рахунка знікла некалькі соцень рублёў. Калі ж грамадзянка прыйшла ў банк, высветлілася, што ад яе імя аформлены крэдыт на чатыры тысячы. Толькі дзякуючы аператыўнасці звороту апошні ўдалося заблакіраваць.

Памятайце, што трэція асобы ні ў якім разе не павінны ведаць рэквізіты вашай банкаўскай плацежнай карты: яе нумар, тэрмін дзеяння, код CVV, сеансавыя ключы і іншую інфармацыю з SMS-паведамленняў. Сапраўдным супрацоўнікам банка няма неабходнасці ўдакладняць у кліентаў персанальныя данныя – яны імі валодаюць з пачатку абслугоўвання. Пры мінімальным падазрэнні на нядобрасумленнасць таго, хто тэлефануе, спасылайцеся на занятасць, спыніце размову і самі набярыце ў банк, каб пераканацца ў сваёй бяспецы. Дарэчы, у выпадку рэальнай пагрозы карта блакіруецца банкам без усялякага ўдзелу трымальніка.

Падобныя выпадкі, хоць і са значна меншымі сумамі, фігуруюць і ў зводках Ушацкага райаддзела міліцыі. Як расказаў старшы оперупаўнаважаны М.А.Храпавіцкі, махляры выклікаюць абанентаў пераважна з нумароў, якія пачынаюцца на +370, +371, +372, +376. Як правіла, прадстаўляюцца супрацоўнікамі “Беларусбанка” (напрыклад, са службы бяспекі або фінансавага маніторынгу) і рознымі “зачэпкамі” спрабуюць атрымаць звесткі аб рэквізітах плацежных карт, астатках па рахунках, даведацца коды з SMS-паведамленняў ад банка, пашпартныя даныя. Дарэчы, часта зламыснікі звяртаюцца па імені, імені па бацьку, што яшчэ больш усыпляе пільнасць людзей.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *