“Бульбу садзіць будзем пасля абеду, я зараз на ралі… Ну што тут незразумелага? Гонкі ў нас ля Слабады праходзяць!” – распавядала камусьці па тэлефоне дачніца Ліля. Разам з сяброўкай Алай сонечнай нядзельнай раніцай яны, як і многія жыхары наваколля, адклалі ўсе справы і занялі зручнае месца на высокім пагорку, адкуль добра праглядалася звілістая дарога на Бутава, па якой ліха праносіліся гоначныя машыны.
Апошнія спаборніцтвы па ралі-спрынце ў нашай краіне праводзіліся ў кастрычніку 2019 года, і аматары гэтага відовішча ўжо паспелі засумаваць. А што казаць пра саміх гоншчыкаў, якія літаральна лічаць дні да старту Першага этапу Кубка Беларусі, прымаць які будзе Ушаччына. А каб перад спаборніцтвамі, што пройдуць у апошнюю суботу вясны, праверыць сябе і машыну, яны сабраліся на трэніровачны збор. Лепшы экіпаж у праходжанні 5,8-кіламетровай трасы не вызначаўся, і настрой у гоншчыкаў перад стартам быў не надта засяроджаны. “Прыехалі ўспамінаць, як паварочваць руль!” – жартаваў пілот Кірыл Ермаковіч, а яго жонка і штурман па сумяшчальніцтве Вольга (на здымку) дэманстравала ліст з дзіўнымі значкамі і тлумачыла нам, што на слэнгу гоншчыкаў ён называецца “сценка” (ад слова “сценаграма”), а працэс яго складання падчас папярэдняга праезду па трасе – “прапіска”. Гэтыя тэрміны яшчэ толькі вучыць самы малады ўдзельнік гонкі – 17-гадовы Кірыл Рагозін: для першакурсніка БДУІР гэта быў дэбют у штурманскім крэсле, і вопытны пілот Дзмітрый Ніказачанка ўсяляк яго падбадзёрваў. Прынамсі, менавіта іх экіпаж нечакана стаў галоўным аб’ектам глядацкіх сімпатый: “Хварэем за “народны аўтамабіль” – тлумачылі слабадчане, указваючы на маленькі “Фольксваген-Пола”, які шпарка імчаў па гравійцы. Гоншчыкі, дарэчы, развівалі хуткасць каля 180 кіламетраў у гадзіну, пераадольваючы ўчастак за тры хвіліны. Нам жа трэніровачны фармат мерапрыемства даў унікальную магчымасць прачуць на сабе адрэналін спрынту: праехаць у аўтамабілі разам з арганізатарам мерапрыемства, гоншчыкам з вялікім стажам Сяргеем Алегавічам Аўчыннікавым. Яго “субару” не абсталяваны для ралі, аднак да 140 мы ўсё ж разагналіся!
…“Калі я вырасту, таксама буду гоншчыцай!” – сказала пасля заездаў маленькая глядачка Улада. Зрэшты, каб паспрабаваць сябе ў гэтай якасці, дзецям нават не трэба чакаць паўналецця: падчас этапу па ралі-спрынце, які пройдзе 29 мая, для іх на комплексе “Юнацтва-Ушачы” будуць наладжаны кіберспаборніцтвы на сімулятары, запланаваны і конкурсы для дарослых удзельнікаў – пераможцаў узнагародзяць ва ўрачыстай абстаноўцы разам з лаўрэатамі гонкі. Само ж ралі пройдзе па дзвюх трасах: Бычкі-Белюкоўшчына-Скачыхі-Сорзава (старт у 12.50) і Замошша-Пораўна-Бараўцы-Рагуцкія (15.30), так што ўбачыць яго змогуць і аматары, якія спецыяльна прыедуць у глядацкія зоны, і жыхары навакольных вёсак.
Наталля БАГДАНОВІЧ.