13 лістапада ўступілі ў дзеянне новыя правілы вядзення палявання і паляўнічай гаспадаркі, якія зацверджаны указам Прэзідэнта №386 ад 23 ліпеня бягучага года. Якія канкрэтна змены адлюстраваны ў новых правілах, расказаў дырэктар раённай арганізацыі “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” В.І.Шэршань.
Новым дакументам унесены змяненні ў парадак палявання на дзікіх кабаноў. Здабываць дзікоў можна будзе фактычна круглы год. Такі крок выкліканы тым, што за апошнія гады колькасць гэтай дзікай жывёлы прыкметна павялічылася. Сёння папуляцыя налічвае каля 63,8 тысячы галоў. Такім чынам, з 1 мая па 30 верасня на дзікоў можна будзе паляваць з засады і з падыходу, з 1 кастрычніка па 30 снежня — загонам і з сабакамі, з 1 студзеня па 30 красавіка — толькі з засады і з вышак. У новай рэдакцыі правілаў дзікі падзеленыя на дзве катэгорыі: дарослых і маладняк да двух гадоў. Вось апошні, прычым, любога полу, і можна будзе здабываць амаль на працягу ўсяго года.
Новыя правілы спрасцілі парадак выдачы дазволаў на здабычу рачнога бабра, якія ў апошні час наносяць немалы ўрон лясной і сельскай гаспадарцы, меліярацыйным сістэмам. З мэтай прывесці папуляцыю жывёлы да аптымальных памераў у новую рэдакцыю правілаў закладзены іншыя тэрміны палявання на бабра. Калі раней асенне-зімовы сезон зброевым і бяззброевым спосабамі, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі, доўжыўся з 1 кастрычніка па 31 снежня ў светлы час сутак, то цяпер здабываць яго можна будзе з 1 верасня па 1 сакавіка. У тым ліку з 1 лютага па 1 сакавіка — бяззброевым спосабам: з дапамогай пастак, сачкоў, капканаў, паляўнічых сабак. Акрамя павелічэння тэрмінаў палявання, будзе спрошчаны і сам яго парадак. Калі раней пры здабычы жывёлы абавязкова павінен быў прысутнічаць у якасці кіраўніка палявання работнік паляўнічай гаспадаркі — егер, то з уступленнем у сілу новых правіл дакументы на здабычу будзе атрымліваць сам паляўнічы. Такія ж тэрміны палявання, як і на бабра, будуць дзейнічаць у дачыненні здабычы рачной выдры.
Веснавое паляванне на качак цяпер будзе дазволена толькі на качара і крыжанку. Прычым толькі з засады, з выкарыстаннем падсадной качкі, чучала або вабіка. Падобным чынам можна будзе надалей паляваць і на гусей. Тэрміны веснавога палявання на глушцоў і цецерукоў зменшацца на 10 дзён.
Да паляўнічых птушак цяпер аднесены шызы голуб і фазан, а выключаны варона і сарока.
Карыстальнікам паляўнічых угоддзяў цяпер дадзена права самастойна ўстанаўліваць дні тыдня (акрамя выхадных і святочных), дазволеныя для палявання. Так, ушацкай раённай арганізацыяй “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” устаноўлены два дні – панядзелак і аўторак.
Запісала В.ПОЛАЗАВА.