Празднование Дня Победы в Ушачах

Общество

Памятаць аб подзвігу 1945-га, аб’яднацца дзеля захавання міру сёння – пад такім дэвізам ушачане адзначылі Дзень Перамогі. Ва ўсіх куточках нашага раёна наладжаны дзясяткі ўрачыстасцяў, ля кожнага помніка – кветкі і словы падзякі за мірнае неба. Сімвалічна, што сёлета галоўнае свята краіны супала з Днём Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

Галоўныя героі – ветэраны

Час бязлітасны. Яшчэ некалькі гадоў таму ў Дзень Перамогі на “Прарыве” для самых шаноўных гасцей – удзельнікаў вайны – ставілі некалькі радоў крэслаў. Сёлета ж яно было ўсяго адно: з 7 ветэранаў Вялікай Айчыннай, што жывуць зараз на Ушаччыне, сілы прыйсці на ўрачыстасць знайшоў толькі Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня. Як і належыць сапраўднаму воіну, мужчына бадзёрыўся: уставаў пад гукі Дзяржаўнага гімна, ахвотна паціскаў руку ўсім, хто падыходзіў персанальна яго павіншаваць. Гэтак жа жвава сустракаў напярэдадні ў сябе ў Глыбачцы і гасцей з упраўлення тэрытарыяльнай абароны Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, якія, вядома, прыехалі з падарункамі.

Без цёплых слоў, увагі не засталіся і іншыя ветэраны – кожнага з іх прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх арганізацый Ушаччыны наведалі асабіста. Здаецца, на вачах памаладзела М.І.Дворка, калі ў яе пакой у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН завіталі госці. Яно і нядзіўна: што можа лепш узняць настрой жанчыне, чым вялікая колькасць падарункаў – і тым больш калі паднесены яны кіраўніком раёна. А перш чым зрабіць памятнае фота, Марыя Іванаўна паспяшалася паправіць хусцінку – жаноцкасць непадуладная гадам.

Прыгожы касцюм з медалямі апрануў Васіль Мікалаевіч Казачонак з Завыдрына. “Усім вам таксама жадаю здароўя і такой жвавасці, як у мяне! – спрытна прытопваючы нагамі, казаў ветэран. – Вось зараз гармонік з таварышам адрамантуем – і будзе сапраўднае свята, з песнямі, прыпеўкамі. Аптымізм у любых абставінах губляць не трэба!”

З раніцы чакаў гасцей і жыхар вёскі Рагуцкія Міхаіл Сцяпанавіч Іваноў – нават стол быў накрыты, ды франтавыя сто грамаў прыгатаваны, якія ветэран прапанаваў падняць за ўсіх тых, хто не ўбачыў пераможных залпаў. У свае 98 мужчына адчувае сябе бадзёра, плануе, як праз месяц адзначыць 99-годдзе, а наступным летам – у свой векавы юбілей – абавязкова запросіць раённае кіраўніцтва, якое так многа робіць для яго і ўсіх ветэранаў.

Памяць жыве

У часы ваеннага ліхалецця ўсе яны былі гатовы ахвяраваць жыццём дзеля свабоды Радзімы і будучых пакаленняў. Пра гэта казаў на мітынгу ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у гарпасёлку старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. Ён яшчэ раз пажадаў ветэранам моцнага здароўя, падзякаваў за мужнасць і гераізм, за сённяшні мір і спакой.

Ад імя пакалення дзяцей вайны са святам ушачан, гасцей раёна павіншаваў былы вязень Пётр Мечыслававіч Мажэйка. Са здымкамі сваіх родных прыйшлі на ўрачыстасць удзельнікі акцыі “Беларусь памятае”. З кранальным нумарам – як знак таго, што нашчадкі годна нясуць памяць аб подзвігах продкаў – выступіла старшыня Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна Паліна Сазонава. А благачынны Ушацкага раёна іерэй Аляксандр Таляронак правёў у гэтым знакавым месцы памінальную літыю. Як знак павагі прысутных – хвіліна маўчання, вянкі і кветкі да пахаванняў воінаў-вызваліцеляў.

Не менш было іх у гэты дзень і на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, дзе з усяго раёна і не толькі сабраліся дэлегацыі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і простыя людзі. З віншаваннямі да ўсіх іх звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, а ад імя моладзі – выпускнік Ушацкай школы Яўген Бародзіч.
Цяжка было ўтрымацца і не падцягнуць песні ваенных часоў, пад якія ліха танцавалі юнакі і дзяўчаты ў гімнасцёрках і белых, як у анёлаў, сукенках. Яркім атрымалася выступленняе юных дзяўчат-барабаншчыц. Увогуле дзеці ў гэты дзень былі важнымі асобамі амаль кожнага дзейства: разам з татамі і мамамі ішлі ў працоўных калонах, з імпэтам цягнулі ручкі з кветкамі да мемарыяльных пліт ля помнікаў – і гэта правільна, бо менавіта для іх цяперашняга бясхмарнага жыцця 76 гадоў таму здабылі Перамогу героі Вялікай Айчыннай.

На “Прарыў” – з усёй вобласці

Мемарыяльны комплекс “Прарыў” стаў адной з галоўных кропак і ў маршрутным лісце патрыятычнага аўтапрабегу, арганізаванага да Дня Перамогі, а таксама Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь супрацоўнікамі ўнутраных спраў паўночнага рэгіёну. Прыемна, што прадстаўнікі 8 аддзелаў вобласці і непасрэдна УУС Віцебскага аблвыканкама, якое стала ініцыятарам і арганізатарам акцыі, прыехалі на Ушаччыну цэлымі сем’ямі, з дзецьмі. Тут, на месцы прарыву ў маі 1944-га варожай блакады брыгадамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, для іх праведзены мітынг, падчас якога да мемарыяльных пліт ускладзены вянкі і кветкі. Госці раёна даведаліся пра гісторыю і сучаснасць комплексу, прагуляліся па зямлянках, падсілкаваліся ў адмысловай салдацкай кухні, наладжанай у “Лясной школе”.

Такія мерапрыемствы – гэта даніна памяці і павагі загінуўшым героям, якія падарылі нам мірнае неба над галавой, незалежнасць беларускай зямлі. А Віцебшчына страціла ў гады Вялікай Айчыннай кожнага трэцяга жыхара. Тое ж, што аўтапрабег аб’яднаў розныя пакаленні, асабліва сімвалічна ў Год народнага адзінства.

На плошчы спявалі “Кацюшу”

Праграма дня была насычана відовішчнымі падзеямі, цікавымі для людзей рознага ўзросту. Поўніўся звонкімі галасамі гарадскі сквер, дзе працавалі атракцыёны і гульнявыя пляцоўкі. Чытачы дзіцячай бібліятэкі разгадвалі “сакрэтныя данясенні” і пераадольвалі “міннае поле”, юныя мастакі чаравалі над сваімі малюнкамі, а аматары паэтычнага слова чыталі вершы пра вайну. Вядома ж, не магло абысціся свята без выступлення хора народнага клуба “Ветэран”, кожны нумар якога знаходзіў жывы водгук у слухачоў.

Асноўныя ж падзеі святкавання разгарнуліся на цэнтральнай плошчы. З цікавасцю спыняліся ўшачане ля насычаных пазнавальнай інфармацыяй стэндаў музея і раённай бібліятэкі, на тэматычных пляцоўках сельскіх клубных устаноў, райбальніцы, МНС, раённага цэнтра дзяцей і моладзі, набывалі сувеніры і вырабы майстроў раённага Дома рамёстваў, клуба “Адраджэнне”, гурткоў ТЦСАН, удзельнічалі ў латарэях.

Відэаролік са святочных канцэртаў можна паглядзець на YouTube-канале “Патрыёта”.

Шмат цікавага падрыхтавалі для ўшачан актывісты БРСМ: з нагоды Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь яны абсталявалі “Пункт міру” і праводзілі адмысловую акцыю – дарылі папяровых галубоў з нацыянальнай сімволікай, а літаральна кожны маленькі ўдзельнік свята адыходзіў ад іх пляцоўкі з яркімі малюнкамі на шчочках. Увогуле дзятва знаходзіла сабе шмат забаў – напрыклад, уважліва “даследавала” партызанскую палатку музея, а творчы дуэт Улада Маковіча і Ксюшы Уліновіч нават заняўся “выпускам газеты” і засяроджана набіраў тэкст на старажытнай друкарскай машынцы, выстаўленай на пляцоўцы рэдакцыі.

Амаль нон-стопам на плошчы ладзіліся канцэрты. Тон гэтаму марафону задалі маладыя выканаўцы – і адчувалася, што кожны выходзіў на сцэну з асаблівым настроем. Нават ваенныя песні гучаць бадзёра ў выкананні Дзмітрыя Ярмоша, прыемна было бачыць у праграме і вясковую моладзь – вельмі пранікнёна спела складаную “Баладу аб фарбах” вялікадальчанка Лілія Смаляк. Трагізм вайны падкрэслілі пранізлівыя тэатральныя і вакальна-харэаграфічныя нумары праграмы, якую падрыхтавалі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці і школа мастацтваў. Ну а вячэрні канцэрт ладзілі госці з Цэнтра культуры “Віцебск” – ушачане цёпла віталі артыстаў, разам з імі спявалі “Кацюшу” і іншыя ваенныя шлягеры. “Выдатны падарунак ад віцябчан. Але ж і нашы спадабаліся не менш!” – рэзюмавала пасля заканчэння праграмы ўшачанка Яўгенія Пятніца.

Не скончылася святкаванне і з прыцемкамі – моладзь працягнула танцавальны вечар на плошчы, суполка полацкіх рокераў і ўшацкі рок-гурт “Цень казак” зладзілі канцэрт у Ціханятах, а многія нашы землякі і госці раёна адправіліся паглядзець на незвычайна велічны ў начной падсветцы “Прарыў”. “Відовішча проста ўражвае, – падзяліўся з намі Аляксандр Раманавіч Міхалевіч. – Правесці 9 Мая ва Ушачах асабліва хацеў сын Цімур і спецыяльна прыехаў са сталіцы”.

Патрыятычныя пачуцці ўласцівыя кожнаму ўшачаніну, а падчас такіх народных святаў яны становяцца яшчэ больш моцнымі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ,
Наталля БАГДАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *