Собрание ветеранов в Дубровке

Общество

На мінулым тыдні, 26 лістапада, у вёсцы Дубраўка адбыўся справаздачна-выбарны сход мясцовай пярвічнай ветэранскай арганізацыі, удзельнікі якой падвялі вынікі работы за мінулае пяцігоддзе і вызначылі задачы на далейшае яе развіццё.

Прысутныя заслухалі і абмеркавалі даклад старшыні Дубраўскай пярвічнай арганізацыі ветэранаў А.З.Кучко, якая ў сваім выступленні адзначыла дасягненні ветэранаў, глыбока, усебакова прааналізавала асноўныя кірункі дзейнасці пярвічкі.

За мінулы перыяд арганізацыяй ветэранаў была зроблена вялікая і сур’ёзная праца.  Вырашаліся арганізацыйныя, сацыяльныя і прававыя пытанні. Заўсёды знаходзіліся ў полі зроку патрыятычная, культурна-масавая і спартыўна-аздараўленчая работа.

Жанчыны і мужчыны паважанага ўзросту, як адзначыла дакладчыца, жывуць паўнацэнна і цікава, удзельнічаючы ў важнейшых справах. Так, ніхто з ветэранаў не застаўся абыякавым да правядзення конкурсу па добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі, які праводзіўся ў рамках Года зямлі. Алена Захараўна падвяла вынікі гэтага конкурсу, разам са старшынёй Вяркудскга сельвыканкама В.П.Цянюгам уручыла пераможцам граматы і кветкі.

А.З.Кучко падкрэсліла, што Дубраўская пярвічная арганізацыя ветэранаў на працягу пяці апошніх гадоў праводзіла сваю дзейнасць у цесным узаемадзеянні з раённай ветэранскай арганізацыяй на чале з У.М.Малаткаўцом. Напрыканцы свайго выступлення Алена Захараўна сардэчна падзякавала адміністрацыі Вяркудскага сельвыканкама і гаспадаркі КУСГП “Дубраўка” за неацэнную дапамогу ў рабоце аб’яднання.

Даўшы выдатную адзнаку дзейнасці ранейшага складу Дубраўскай пярвічкі, удзельнікі сходу перайшлі да працэдуры абрання новага старшыні, аднагалосна прагаласавалі за тое, каб гэтую пасаду і на наступную пяцігодку займала А.З.Кучко, якая працавала выдатна: ніводная просьба, ніводны зварот ветэранаў не засталіся без увагі, усім аказвалася пасільная дапамога.

Клопат аб ветэранах вайны і працы, задавальненне іх жыццёвых патрэб – справа гонару многіх прадпрыемстваў і арганізацый, якія шэфствуюць над ветэранамі. Трэба сказаць, што большасці кіраўнікоў такі напамін не патрэбен. Старшыня мясцовага сельвыканкама В.П.Цянюга, дырэктар КУСГП “Дубраўка” Б.Т.Юргенс заўсёды з разуменнем і павагай ставяцца да ветэранаў і не прамінаюць выпадку падзякаваць ім за іх гераічнае мінулае – словам і справай.

Падчас пасяджэння з ліку ўдзельнікаў Дубраўскай пярвічнай арганізацыі ветэранаў былі таксама абраны дэлегаты на раённую справаздачна-выбарную канферэнцыю ветэранаў, якая адбудзецца  ў сакавіку 2011 года.

Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі У.М.Малаткавец выступіў перад прысутнымі са словамі ўдзячнасці за плённую працу, акрэсліў асноўныя задачы работы ветэранскай арганізацыі на наступныя гады. Уладзімір Мікалаевіч адзначыў, што клопат аб пажылых людзях – адзін з прыярытэтных момантаў палітыкі нашай дзяржавы, таму робіцца ўсё магчымае для таго, каб ветэраны сёння не былі пакрыўджаныя: своечасова атрымлівалі пенсіі, адчувалі клопат з боку розных службаў.

З цікавым канцэртам перад ветэранамі, удзельнікамі пасяджэння выступілі ўдзельнікі самадзейнасці.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *