Нядаўна ў Арэхаўскім сельскім Доме культуры прайшло важнае свята “Хвала і пашана табе, хлебароб!”, на якім ушаноўвалі лепшых работнікаў КУСГП “Арэхаўна” па выніках сельскагаспадарчага года. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Г.П.Грабоўскі павіншаваў усіх работнікаў са святам і выказаў ім найлепшыя пажаданні здароўя і дабрабыту. Вядучыя паднеслі яму каравай з зерня новага ўраджаю.
На сцэну былі запрошаны работнікі малочнатаварнай фермы Ліпаўкі, якія надаілі на адну карову 3625 кілаграмаў малака. Па гаспадарцы ферма, загадчыцай якой з’яўляецца Л.П.Станкевіч, займае першае месца, а па раёне – чацвёртае. Былі адзначаны і лепшыя аператары машыннага даення. Так, самы высокі паказчык у гаспадарцы паказала А.А.Спірыдовіч, якая надаіла 3669 кілаграмаў малака ад каровы і заняла трэцяе месца па раёне. Нядрэнныя вынікі сёлета і ў аператараў машыннага даення Г.І.Яўсеевай, А.П.Шульга, а таксама жывёлаводаў М.М.Рубаніка, А.В.Мілага, слесара В.М.Станкевіча.
Быў адзначаны і калектыў комплексу ў вёсцы Слабада, дзе таксама добрыя паказчыкі па надоях. На сцэну былі запрошаны аператары машыннага даення Г.В.Балотнік, Т.А.Мароз, асемянатар А.М.Калбасава.
За нялёгкую, старанную працу падарункі атрымалі і механізатары П.А.Тарашкевіч, які на трактары МТЗ-82 выпрацаваў 2459 эталонных гектараў і заняў трэцяе месца па раёне, С.С.Первянёнак, які на трактары МТЗ-1221 выпрацаваў 3545 эталонных гектараў, і А.В.Папко, які на кормаўборачным камбайне К3Р-10 нарыхтаваў 6460 тон кармоў, заняў чацвёртае месца па раёне.
Адзначылі кіраўнікі адказнасць да сваёй працы трактарыстаў А.С.Гозіна і М.У.Коўшаля.
Сёлета на сваіх рабочых месцах добрасумленна працавалі і жывёлаводы. Сярод іх В.У.Каваленка і В.Ф.Гайко, якія працуюць на Сарочынскай ферме, сярэднясутачная прывага цёлак дасягнула 598 грамаў. З фермы Чарсцвяды былі адзначаны жывёлаводы М.А.Шалыга і В.Л.Каваленка – сярэднясутачная прывага ў іх гадаванцаў склала 536 грамаў.
Добра папрацавалі на працягу года і вадзіцелі У.У.Сабін, В.В.Жарнасек, С.М.Новікаў, А.А.Лабань, а таксама ўсе работнікі інжынернай і дыспетчарскай службы, кіраўнікі вытворчых участкаў, аграномы, повары, загадчыкі складоў гаспадаркі.
У гэты вечар цёплыя словы віншаванняў гучалі ў адрас кіраўніка і спецыялістаў, без якіх не дасягнулі б такіх высокіх вынікаў. Як заўсёды, на вышыні былі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Арэхаўскага СДК. Для гасцей гучалі песні ў выкананні юных артыстаў і дарослай вакальнай групы, былі прачытаны вершы і цікавыя гумарэскі. На “біс” былі выкананы любімыя песні ўдзельнікаў свята.
Дэлегацыя КУСГП “Арэхаўна”, у складзе якой былі аператар машыннага даення А.А.Спірыдовіч, механізатары П.А.Тарашкевіч і А.В.Папко, асемянатар А.М.Калбасава, прыняла ўдзел і ў раённым свяце аграрыяў, дзе ім былі ўручаны прэміі.
В.МАЦУЛЕВІЧ,
мастацкі кіраўнік Арэхаўскага СДК.