Предупредить пожары

Общество

Прайшло чарговае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Асноўнае пытанне, вынесенае на павестку дня, – “Аб стане пажарнай бяспекі ў жылым фондзе Ушацкага раёна і мерах па папярэджанні гібелі людзей на пажарах”.

На пасяджэнне прэзідыума былі запрошаны старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, пракурор раёна В.С.Бабашынскі, начальнік аддзела ўнутраных спраў С.А.Алабін. У мерапрыемстве прыняла ўдзел член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.М.Падаляк, а таксама першы намеснік начальніка ўстановы “Віцебскае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь” С.П.Шэвяка.

З інфармацыяй аб стане пажарнай бяспекі ў нашым раёне выступіў начальнік інспекцыі дзяржпажнагляду раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях С.М.Громаў.

За 10 месяцаў бягучага года ва Ушацкім раёне адбылося 22 пажары, што на 12 менш, чым за аналагічны перыяд 2009 года, загінула 3 чалавекі, што на аднаго менш, чым у мінулым годзе. Матэрыяльны ўрон ад пажараў склаў 200 мільёнаў рублёў. Аналіз пажараў паказаў, што ў гэтым годзе асноўнымі прычынамі з’яўляліся неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правіл эксплуатацыі печаў, мантажу і ўстройства электраабсталявання, дзіцячае свавольства з агнём.  За прайшоўшы перыяд 2010 года работнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з супрацоўнікамі міліцыі праведзена 19 праверак, абследавана 134 домаўладанні неспрыяльных грамадзян, накіравана 26 інфармацый аб неабходнасці накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый асоб, якія злоўжываюць спіртным. Аднак дзейнасці аднаго толькі аддзела па надзвычайных сітуацыях і праваахоўных органаў недастаткова, каб вырашыць праблемы прафілактыкі пажараў і гібелі людзей. Для аказання дапамогі ў правядзенні прафілактычнай работы створаны пазаштатныя пажарныя фарміраванні, аглядавыя камісіі, рабочыя групы па абследаванні ўмоў пражывання ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Затым адбылося актыўнае абмеркаванне названага пытання. Былі заслуханы ўсе старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў. Яны далажылі аб стане пажарнай бяспекі на сваіх тэрыторыях, выказалі прапановы па ўдасканаленні прафілактычнай работы. Рост пажараў і гібелі людзей адбыўся ў Глыбачэнскім сельсавеце, дзе адбылося 3 пажары і загінула 2 чалавекі. Асобна разглядаўся нядаўні выпадак гібелі людзей у Кубліцкім сельсавеце. Папярэдняя прычына пажару – курэнне ў нецвярозым стане.

Пракурор раёна В.С.Бабашынскі ў сваім выступленні выказаў думку, што трэба прыцягваць дзяцей да ўстаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў сваім адзінока пражываючым бацькам. Камісіі павінны пастаянна праводзіць агляды жыллёвага фонду.

Начальнік аддзела ўнутраных спраў С.А.Алабін падкрэсліў, што пажарная бяспека – агульная справа ўсёй грамадскасці. Супрацоўнікі аддзела актыўна падключацца да мерапрыемстваў у гэтым накірунку.

А.М.Падаляк прапанавала ўдзяліць асаблівую ўвагу прафілактычнай рабоце па пажарнай бяспецы праз сродкі масавай інфармацыі.

С.П.Шэвяка акрэсліў сітуацыю з пажарамі ў рэспубліцы і вобласці, сказаў, што ў нашым раёне вядзецца недастатковая работа па ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у дамах адзінока пражываючых людзей. У гэтым накірунку трэба больш актыўна папрацаваць сельскім Саветам, работнікам аддзела па надзвычайных сітуацыях, упраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч падвяла вынікі абмеркавання, зрабіла выснову, што ў бліжэйшы час неабходна правесці абучэнне членаў аглядавых камісій, няштатных пажарных фарміраванняў. Да канца першага квартала 2011 года трэба завяршыць работу па ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў адзінока пражываючым людзям (а такіх у раёне каля 700). Гэтыя  і іншыя пункты былі адзначаны ў пастанове прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.

В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *