Масштабно и ярко прошло в Ушачах празднование 77-й годовщины прорыва вражеской блокады партизанами Полоцко-Лепельской зоны

Общество

Напачатку мая па ўсёй краіне адзначаецца шэраг знакавых святаў. На Ушаччыне ж ёсць сваё, адметнае – незадоўга да Дня Перамогі ў нас ладзіцца маштабнае мерапрыемства, прымеркаванае да прарыву варожай блакады брыгадамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. Прычым збірае такое дзейства шосты год запар не толькі жыхароў нашага раёна, але і шматлікіх гасцей з усёй вобласці.

Вось і ў аўторак, 4 мая, Ушачы сталі своеасаблівым святочным эпіцэнтрам. На плошчы гарпасёлка з раніцы “кіпелі” справы: абмяжоўваўся рух транспарту, апошнімі прыгатаваннямі да паказальных выступленняў займаліся спартсмены, удалыя глядацкія пазіцыі займалі жыхары, госці райцэнтра.

– Ушаччына свята захоўвае памяць аб слаўнай гісторыі нашага краю, – зазначыла старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч. – Сыходзяць з жыцця ўдзельнікі, сведкі ваенных падзей, але застаецца непадуладная часу памяць, якая натхняе нас на стваральную дзейнасць, а значыць працвітанне рэспублікі.

Сярод арганізатараў урачыстасці традыцыйна былі прадстаўнікі ДТСААФ, якія прымаюць актыўны ўдзел у справе ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны, не раз ладзілі аўтапрабегі дарогамі вызваліцеляў. Ад 150-тысячнага саставу таварыства прысутных вітаў старшыня Віцебскай арганізацыйнай структуры, наш зямляк Васіль Васільевіч Корабаў, які цікава расказаў пра тэхнічныя віды спорту, прэзентаваў выставу зброі, авія- і аўтамадэляў. Нікога не пакінулі раўнадушнымі паказальныя заезды картынгістаў і мотакрасменаў. Нават не верылася, што так па-майстэрску манеўруюць на высокіх хуткасцях зусім юныя спартсмены. Уразілі і заезды невялічкіх машын, кіраванне якіх ажыццяўляецца спецыяльнымі пультамі. Усе жадаючыя мелі магчымасць прадэманстраваць трапнасць у выязным ціры, паўдзельнічаць у віктарыне на веданне гісторыі ўшацкага краю.

Працягнулася святкаванне на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, дзе фінішавалі лёгкаатлетычны і аўтапрабег. Зрэшты, першы прадставілі ўшацкія школьнікі, рабочая моладзь, што сімвалічна: па добрай традыцыі ў гэтае святое месца прыходзяць нашчадкі тых, хто абараняў нашу зямлю. У мітынгу прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Канстанцінавіч Ліневіч, кіраўнікі раёнаў, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, жыхары Ушаччыны.

– Штогод у гэты дзень мы збіраемся, каб ушанаваць памяць мірных жыхароў і партызан, якія ў ноч на 5 мая пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза палкоўніка Уладзіміра Лабанка вывелі з акружэння больш за 15 тысяч мірных жыхароў. Значнасць гэтага подзвігу немагчыма пераацаніць. З глыбокай павагай мы схіляем галовы перад тымі, хто самааддана набліжаў дзень Перамогі. Іх прыклад абавязвае нас умацоўваць абараназдольнасць і суверэнітэт Беларусі, – падкрэсліў кіраўнік вобласці.

У гэты памятны дзень прыйшоў на мемарыял і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня. Нагадаем: ён быў сярод тых, хто ў маі 1944-га прарываўся праз варожую блакаду. Сёння, кажа, жыве за сябе і за тых хлопцаў, якія назаўсёды засталіся ляжаць ва ўшацкай зямлі. Да падзей 77-гадовай даўніны былы партызан вяртаецца ў сваіх карцінах. Боль вайны прыглушаюць шум бяроз, цішыня азёр, прыгажосць роднага краю, якія самадзейны мастак перадае на сваіх палотнах.

– Ніколі не перастанем схіляцца перад мужнасцю нашых землякоў, якія прайшлі праз пякельны агонь вайны, – адзначыў старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. – Усё, што яны зрабілі для Радзімы, – годная спадчына новым пакаленням, якія будуюць незалежную суверэнную Беларусь, пакараюць працоўныя вышыні, вырашаюць нялёгкія задачы, галоўная з якіх – захаванне міру.

Эмацыянальнасці мерапрыемству дадалі вакальныя і харэаграфічныя нумары ў выкананні культработнікаў, дзіцячых калектываў. Непадалёк працавалі тэматычныя пляцоўкі “Партызанскі прывал”, медсанбат, палявая пошта. Кульмінацыйным жа момантам стала ўскладанне вянкоў і кветак да пліт з прозвішчамі загінуўшых.

“Мы проста не маглі ў гэты дзень быць у іншым месцы і не раздзяліць з землякамі важную падзею”, – адзначыла ўдзельніца вялікай дэлегацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ушацкага раёна Вольга Шчэрбік. Аддалі даніну памяці загінуўшым і работнікі іншых працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый Ушаччыны.

– Мы на “Прарыве” ўпершыню, эмоцыі перапаўняюць! – падзялілася з намі навапалачанка Анастасія, якая прыехала на мемарыял з шасцігадовымі сыночкамі-блізнятамі. – Зрабілі сёння для сябе нямала адкрыццяў, прыемна, што і малыя зацікавіліся гісторыяй.

А вось студэнты Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, удзельнікі праекта па развіцці міжнароднага турызму “Жамчужныя каралі святой Русі” пра Ушаччыну ведалі многае, хоць дагэтуль тут не бывалі. На працягу года пад кіраўніцтвам педагога Наталлі Казіміраўны Юргевіч яны завочна вывучалі знакавыя мясціны нашага раёна, у тым ліку “Прарыў”, для ўключэння іх у адмысловы “Атлас памяці”, у гэты ж асаблівы дзень убачылі іх рэальна і нават знялі невялікі фільм.

І да світанку ззяў агнямі “Прарыў” – як і ў тую лёсавызначальную ноч 77 гадоў таму… Толькі мірнымі, якія не палохалі, а заклікалі прайсці па слядах партызан.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *