Кабельщик-спайщик Николай Шайтор не оставит ушачан без электросвязи

Общество

Рабочы дзень кабельшчыка-спайшчыка пятага разраду Ушацкага ўчастка электрасувязі Полацкага занальнага вузла Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” М.У.Шайтара распісаны літаральна па хвілінах. Інакш у гэтай сферы немагчыма: з распаўсюджаннем высокіх інфармацыйных тэхналогій многае мяняецца – трэба ісці ў нагу з часам, асвойваць новыя веды, навыкі. Для спецыяліста ж з амаль 30-гадовым стажам такая занятасць толькі па душы. Вось і падчас нашай сустрэчы Мікалай Уладзіміравіч з хваляваннем паглядаў на гадзіннік – баяўся спазніцца на аб’екты, а значыць, пакінуць землякоў без годнай электрасувязі.

Дарэчы, у названую галіну ўраджэнец вёскі Салонец прыйшоў, можна сказаць, выпадкова. Пасля заканчэння Ушацкай школы, службы ў арміі пачуў многа станоўчых водгукаў пра раённы вузел электрасувязі ад свайго старэйшага брата Уладзіміра, які тут ужо працаваў, і вырашыў таксама паспрабаваць уліцца ў калектыў. Скончыў адмысловыя курсы і ў снежні 1991-га дасягнуў пастаўленай мэты. Доўгі час быў электраманцёрам, калі ж шэсць гадоў таму мужчыну прапанавалі адказную вакансію кабельшчыка-спайшчыка, не задумваючыся пагадзіўся.

– Лінейна-тэхнічная група, у склад якой уваходжу, – дружная каманда аднадумцаў, – падзяліўся з намі М.У.Шайтар. – Працуем пад умелым кіраўніцтвам М.М.Лёлі. Рамантуем кабелі, пераключаем ушачан на оптавалаконныя лініі сувязі. І ведаеце, сапраўды, паляпшаецца якасць “малюнка”, хуткасць інтэрнэту – як вынік, абаненты задаволены. З аптымізацыяй праваднога радыё знікла функцыя абслугоўвання радыёкропак. Але спраў менш не стала. Ліквідуем пашкоджанні і аварыі на лініях, праводзім унутрыдамавыя і вонкавыя работы, а таксама ў тэлефоннай каналізацыі.

Пры непасрэдным удзеле героя нашага аповеду ў 2019 годзе на новыя вузлы доступу пераключаны абаненты вуліц Ленінскай, Бабаедава і Калінінскай у райцэнтры. У 2020-м актыўна працаваў на падключэнні фізічных і юрыдычных асоб да паслугі “Відэакантроль”. Нямала адказных спраў на плечы кабельшчыка-спайшчыка легла і сёлета. Аднак суразмоўца аказаўся вельмі сціплым і расказваў пра сябе стрымана. “Менш слоў, больш справы” – такі яго дэвіз.

Не сядзіць склаўшы рукі ён і дома. Новыя паслугі электрасувязі пратэсціраваць, мадэмы, іншую тэхніку адрамантаваць – для яго не праблема. Блізкія, сябры ведаюць Мікалая Уладзіміравіча як добрага гаспадара, сем’яніна. Дарэчы, яго другая палавіна – жонка Марына – таксама прадстаўніца сувязі, толькі паштовай. З ёй вырасцілі двух дзяцей – дачка працуе поварам, сын абраў ваенную спецыяльнасць.

Карыстаецца заслужаным аўтарытэтам М.У.Шайтар і ў калектыве. Па словах начальніка ўчастка электрасувязі А.У.Шакуты, Мікалай Уладзіміравіч – адзін з самых вопытных і адказных работнікаў, да якога заўсёды можна звярнуцца з пытаннямі ці за парадай.

– Ад тэхнічных спецыялістаў залежыць якасная сувязь, – падкрэсліў Аляксандр Уладзіміравіч. – У любую пару, любое надвор’е павінны працаваць тэлефон, тэлебачанне і інтэрнэт, каб не было нараканняў ад нашых абанентаў. А значыць, заўсёды трэба трымаць руку на пульсе, быць гатовым да нечаканых выпрабаванняў.

І з гэтай задачай герой нашага аповеду ўдала спраўляецца. Пацвярджэнне таму – аб’яўленая да прафесійнага свята Падзяка генеральнага дырэктара РУП “Белтэлекам”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *