Напярэдадні пасяўной мы вылучалі “Агра-Селішча” як гаспадарку, што найбольш старанна і дбайна рыхтавала тэхніку да старту палявых работ. І справа тут не толькі ў адказнасці мясцовых механізатараў – машынны парк прадпрыемства сціплы, і кожнай адзінцы адведзена важная роля ў вытворчым ланцугу.
А таму як зрэнку вока берагуць адзіны і ўжо немалады энерганасычаны МТЗ-3022, на якім Анатоль Жаваранак рыхтуе глебу да сяўбы. Хоць і шчыруе перадавік так, што ўваходзіць у лік лідараў па раёне, аднак дзённая выпрацоўка, якая пры сёлетніх умовах складае парадка 20 гектараў, пры ўсім жаданні не дазваляе паспяваць за тэмпамі ўзворвання, бо тры адзінкі тэхнікі з плугамі робяць за змену да 30. Тым, як выправіць “крэн”, былі заняты думкі галоўнага інжынера гаспадаркі Уладлена Паўлаўца – усяго месяц працуе малады спецыяліст у “Агра-Селішчы”, аднак стараецца максімальна хутка ўвайсці ў курс спраў. “Паспрабуем зняць з глебаапрацоўчага пасяўнога агрэгата сошнікі, прычапіць яго да “Кіраўца” і адправіць на падрыхтоўку”, – дзяліўся ён планамі.
Старым, але яшчэ спрытным К-701, выгадна набытым летась, кіруе Ілья Загародні, які не першы год дапамагае “Агра-Селішчу” падчас сезонных работ, а з пачатку пасяўной быў заняты на ўзворванні. За гэтым жа працэсам засталі мы на палетках ля Лісічына мэтраў механізатарскай справы Аляксандра Бараўцова і Алега Крывёнка. Зусім не веснавая шэрань і нудны дождж, ад якога пласты гліністай глебы рабіліся яшчэ больш цяжкімі, ніяк не спрыялі добраму настрою, тым не менш механізатары сустрэлі нас прыветліва. Гутарылі з імі ў асноўным таксама пра тэхніку: МТЗ-1221 Аляксандра летась атрымаў новы рухавік і з пачатку пасяўной “бегае” па полі без праблем. А вось “жалезны конь” Алега тры папярэднія дні правёў у рамонтнай майстэрні – і толькі вярнуўся на палеткі.
Ва ўсю кіпела справа і на вялікім полі ля Забораўна, дзе яшчэ адзін перадавік гаспадаркі Генадзь Хадасевіч сеяў пшаніцу. У гэтым ключавым відзе веснавых работ ён знаходзіцца сярод лідараў раённага спаборніцтва, што, зрэшты, нядзіўна для такога майстра. Пад’ехалі ж мы ў самы ўдалы момант, калі рабочы Генадзь Кандрацкі запаўняў сеялку зернем – механізатару не прыйшлося спецыяльна прыпыняцца для зносін з прэсай, а мы між справай пагутарылі і з вадзіцелем Сяргеем Бараўцовым, занятым на падвозцы – ветэран прадпрыемства, які адпрацаваў у ім 35 год, не так часта трапляе ў аб’ектыў фотакамер, аднак спраўна ўносіць сваю важную лепту ў агульную хлебаробскую справу. За гэты час Сяргей Афанасьевіч пабачыў шмат кіраўнікоў, і яго словы ў адрас цяперашняга дырэктара Сяргея Аляксандравіча Плігаўкі, якога ён характарызуе як стараннага і талковага спецыяліста, дарагога каштуюць.
З маладой кагорты і галоўны аграном гаспадаркі Максім Чарнабаеў – летам будзе тры гады, як ён працуе ў “Агра-Селішчы”. За гэты час ужо добра разабраўся ў мясцовых урочышчах, не саромеецца раіцца з вопытнымі аграрыямі – і з кожным сезонам расце як спецыяліст. Бачна, што абраная справа яго шчыра цікавіць. “Няблага перазімавалі азімыя, рапс ужо нават двойчы падкармілі. Другі год спрабуем сеяць свірэпіцу: леташнія 100 гектараў пад гэтую культуру сёлета павялічылі да 160. А вось яравы рапс, на нашу думку, гаспадарцы не надта выгадны. 180 гектараў засеялі вікай, на 150 будзе пшаніца. На ўчастку, які сёння ўзворвалі, паспрабуем пасеяць 20-25 гектараў чыстага гароху”, – грунтоўна распавядае пра сваю сферу малады спецыяліст.
Пасяўная, якую селішчанскія аграрыі называюць адной з самых складаных за апошні час, працягваецца. Да справы яны заўсёды ставяцца сумленна, але сёлета працаваць давядзецца яшчэ больш напружана. Зрэшты, да гэтага ў гаспадарцы заўсёды гатовы.
Наталля БАГДАНОВІЧ.