Работники Ушачского участка электросвязи следуют высоким технологиям

Общество

7 мая работнікі Ушацкага ўчастка электрасувязі Полацкага занальнага вузла Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” адзначаць сваё прафесійнае свята. Гэта сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, а іх арганізацыя – своеасаблівая нервовая сістэма ў дзейнасці раёна. Бо як сёння ўявіць работу любой службы без тэлефоннай сувязі, інтэрнэта? Гэта не проста вырашэнне надзённых пытанняў – высокія тэхналогіі дазваляюць на адлегласці заключаць дагаворы, перадаваць дакументы, весці фінансавыя разлікі. Без паслуг электрасувязі, вядома, не абысціся і нам, абанентам-прыватнікам.

Г.Арлоўскі, У.Шайтар, М.Лёля, Л.Барысёнак.

Прадстаўляе ж іх у годнай якасці невялікі калектыў (на сённяшні дзень 22 спецыялісты) на чале з Аляксандрам Уладзіміравічам Шакутам. Першым у краіне наш участак адышоў ад электронных лічбавых станцый, зрабіўшы стаўку на больш актуальныя і “функцыянальныя” вузлы перадачы даных – зараз у раёне іх 23. Па шэрагу паказчыкаў ушацкія электрасувязісты традыцыйна займаюць высокія пазіцыі ў абласным рэйтынгу – так, за І квартал бягучага года яны на 13 месцы з 27.

У лінейна-тэхнічнай групе Ушацкага ўчастка электрасувязі працуюць выключна высокакваліфікаваныя і вопытныя спецыялісты. На іх абслугоўванні – 1900 кіламетраў медных кабельных ліній, каля 40 – оптавалаконных, 20 – кабельнай каналізацыі з 396 аглядавымі калодзежамі і больш за 15 тысяч абаненцкіх прылад (прыставак).

– Папулярнасць ва ўшачан даўно заваявалі інтэрнэт ад Byfly (правадны і бесправадны), а таксама лічбавае тэлевяшчанне Zala – такіх абанентаў у нас 3731 і 5294 адпаведна, – расказвае А.У.Шакута. – Даспадобы аказаліся і пакеты паслуг лінейкі “ЯСНА”, “Сямейны” – у раёне імі карыстаюцца 2893 чалавекі. Думаю, і навінкі ад “Белтэлекама” землякі ацэняць. А гэта “ЯСНА Кіно” і “ЯСНА Кіно +” для кінааматараў: акрамя стандартнага набору, у які ўваходзяць інтэрнэт, тэлебачанне і тэлефон, прадстаўляецца доступ да тысяч фільмаў, серыялаў, мультфільмаў на любы густ і ў добрай якасці.

Сярод новых прапаноў участка электрасувязі – магчымасць набыць тэлевізар у растэрміноўку на два гады. Выкарыстаць яе могуць фізічныя асобы, якія больш года карыстаюцца пакетамі “ЯСНА”, “Сямейны” ці паслугамі доступу ў інтэрнэт. Першачарговага плацяжу, як і даведак пра даходы, паходаў у банк не патрабуецца, а памер штомесячнай платы застаецца нязменным на ўвесь перыяд. Атрымаць падрабязную кансультацыю можна ў сэрвісным цэнтры ці па кругласутачным тэлефоне 123.

Спецыялісты па продажы Н.Сакалова, Н.Віннік.

Сёлета, па словах кіраўніка, работа ўчастка накіравана на развіццё сучаснай тэлекамунікацыйнай інфраструктуры шляхам падключэння фізічных і юрыдычных асоб да аптычнай сеткі GPON, самай прагрэсіўнай тэхналогіі доступу ў інтэрнэт, здольнай забяспечыць зайздросную хуткасць абмену інфармацыяй – да 100 Мбіт у секунду. Яе вартасці ўжо ацанілі ў больш чым 50 арганізацыях і прадпрыемствах раёна, а таксама абаненты-прыватнікі.

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так участак “Белтэлекама” – з сэрвіснага цэнтра, ці групы па продажы паслуг. Званкі з пытаннямі грамадзян тут амаль не сціхаюць, многія асабіста прыходзяць за кансультацыяй і заключэннем дагавораў.

Актыўна працуюць спецыялісты і па падключэнні ў юрсектары сістэмы відэакантролю. Устаноўленыя на 11 прадпрыемствах камеры (іх тут 141) дазваляюць весці кантроль за тым, што адбываецца на тэрыторыі, не дапусціць злачынных фактаў. Запатрабаванай аказалася паслуга і ў фізічных асоб – устанавіць абсталяванне на шматкватэрным доме – з захопам у аб’ектыў месца стаянкі аўтамабіляў ці, скажам, дзіцячай пляцоўкі – паспяшаліся многія жыхары вуліцы Віцебскай, што ў райцэнтры. На сённяшні дзень тут 18 камер, доступ да якіх маюць 146 абанентаў. Дарэчы, папоўніць іх рады магчымасць ёсць – для падключэння “Відэакантролю” з бясплатнай устаноўкай 1 камеры патрабуецца ўсяго 8 жадаючых. Кошт месячнай абанплаты для абанентаў электрасувязі – усяго 2,5 рубля, для ўсіх астатніх – 5.

У планах прадпрыемства на ІІ квартал бягучага года – будаўніцтва вузлоў сеткі перадачы даных, якія працуюць па тэхналогіі GPON, у Мосары і Старым Сяле Жарскага сельсавета (на сённяшні дзень сярод сельскіх населеных пунктаў Ушаччыны ёсць толькі ў Матырыне). Оптавалакно тут прыйдзе практычна ў кожны дом, што дазволіць жыхарам карыстацца высокахуткасным інтэрнэтам і тэлебачаннем Zala. Мяркуецца, што да канца 2021-га падобныя вартасці з’явяцца ў вяркудскім баку: вёсках Лозы, Загор’е, Турасполле, Зарэчча, Кугоні, а ў 2022-м – у Жарах, а таксама ў прыватным сектары райцэнтра: у мікрараёне царскага пасёлка, па вуліцах Камсамольскай, П.Броўкі і іншых.

– Галоўная ўзнагарода для нас – адсутнасць скаргаў абанентаў, наяўнасць заяў на развіццё сучасных сродкаў сувязі, цеснае і плённае супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі, – кажа А.У.Шакута. – Лічу, што ўсё гэта ў нас атрымліваецца. Карыстаючыся выпадкам, напярэдадні прафесійнага свята жадаю калегам і ветэранам працы новых здзяйсненняў і адкрыццяў, заўсёды верыць ва ўласныя сілы і заставацца на сувязі!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *