Укрепить организм и стать более уверенным помогут тренировки в клубе единоборств «Самооборона»

Cпорт

Як умацаваць арганізм і характар, стаць больш упэўненым у сабе, а яшчэ і знайсці новых сяброў? Запісацца ў клуб адзінаборстваў – адкажуць многія беларускія мужчыны, ды і дзяўчаты таксама. Вось толькі ў нашым райцэнтры, які мае адметныя традыцыі ў дзюдо і самба, да нядаўняга часу такой магчымасці не было – і калі для школьнікаў працуюць адпаведныя аддзяленні ДЮСШ, то дарослым аматарам заставалася хіба што ездзіць на трэніроўкі ў бліжэйшыя гарады.

Але месяц таму сітуацыя змянілася: пры Ушацкім ФСК адкрыўся клуб адзінаборстваў “Самаабарона”. Ініцыятарам яго стварэння і кіраўніком стаў трэнер спартыўнай школы Канстанцін Дук. “Вядома ж, перш чым распачаць праект, вывучыў яго запатрабаванасць, – расказвае ён. – Запытаўся ў хлопцаў, з якімі раней вучыўся ў ДЮСШ, у сваіх былых выхаванцаў, – і ўсе разам мы вырашылі – клубу быць!” Прайшло толькі паўтара тыдні пасля пачатку яго дзейнасці – а ў барцоўскай зале спарткомплексу сабралася аж 16 чалавек. У дзень, калі мы завіталі на трэніроўку, на татамі былі і больш сталыя аматары, і старшакласнікі (наведваць заняткі можна з 15-гадовага ўзросту). На час адпачынку прыехаў на радзіму з Масквы Ілья Васілеўскі – дзюдаіст з таленавітай плеяды выхаванцаў былога трэнера ДЮСШ Дзмітрыя Юр’евіча Барадзёнка. “Вельмі рады такой магчымасці з карысцю праводзіць вольны час, ды яшчэ і ў кампаніі старых сяброў!” – не хаваў задавальнення малады чалавек. Зусім нядаўна мы пісалі пра медалі, якія прывозілі са спаборніцтваў Максім Малак і Даніла Кузняцоў, аднак навучанне ў ДЮСШ хлопцы ўжо скончылі – цяпер жа вырашылі ўдасканальваць майстэрства ў клубе. Адзін з самых юных наведвальнікаў Яраслаў Кашненка – прыязджае на заняткі (якія, дарэчы, праходзяць па вечарах тройчы на тыдні) з Двор Пліна.

“Першае, з чаго мы пачынаем курс – навыкі самастрахоўкі і правільнага падзення. Бачыце, хлопцы працуюць у парах і, перш чым прызямліцца корпусам, робяць хлапок далонню па татамі – гэта якраз элемент, які дазваляе не ўдарыцца пры падзенні, – распавядае К.Дук. – Дарэчы, узяць яго на ўзбраенне могуць не толькі барцы: калі вы згубілі раўнавагу на лёдзе ці асфальце, пастарайцеся вывернуцца так, каб хлопнуць па іх рукой – будзе больна, затое не пацерпяць больш уразлівыя часткі цела”. Адпрацоўвалі ўдзельнікі трэніроўкі і элементы баявога самба – дарэчы, Канстанцін, напэўна, адзіны ўшачанін, які прымаў удзел у спаборніцтвах высокага рангу па гэтым відзе адзінаборстваў, асвойваў яго і падчас вучобы ў Белдзяржуніверсітэце фізічнай культуры. Да таго ж, нягледзячы на малады ўзрост, ён ужо даволі вопытны трэнер: за плячамі некалькі год работы ва Ушачах, Барысаве. Зараз жа лёс зноў прывёў Канстанціна на малую радзіму – і ён мае шмат энтузіязму і цікавых задум як у рабоце з дзецьмі, так і ў клубе “Самаабарона”.

Заняткі ў апошнім, прынамсі, не абмяжоўваюцца спарынгамі: удзельнікі бегаюць кросы, плаваюць у басейне, займаюцца на трэнажорах, асвойваюць акрабатычныя элементы. А яшчэ, каб, як кажуць, не варыцца ў сваім саку, плануюць цесна супрацоўнічаць з полацкім клубам адзінаборстваў “Патрыёт”, якім кіруе прызёр чэмпіянату Еўропы па баявым самба Сяргей Фірсаў. У гэтыя ж выхадныя на ўшацкім татамі прайшоў першы выставачны бой у фармаце спартыўнага самба паміж прыгаданым вышэй Ільёй Васілеўскім і Віктарам Полазавым, які спецыяльна прыехаў з Мінска. Задавальненне ад відовішчнай сустрэчы атрымалі і барцы, і балельшчыкі.

Калі вам не хапае ў жыцці фізічнай актыўнасці і адрэналіну – далучайцеся да спартыўнай суполкі, патэлефанаваўшы па нумары (8-025) 922-71-05.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *