Вось і мінулі цёплыя і бестурботныя летнія месяцы, рамантычны верасень і прахалодны дажджлівы кастрычнік. Але для вучняў навучальных устаноў раёна працягваецца час, насычаны на правядзенне разнастайных мерапрыемстваў, звязаных у першую чаргу з умацаваннем здароўя, развіццём цягавітасці і пачуцця каманднага духу.
Не так даўно ў Глыбачанскай школе быў праведзены Дзень здароўя. На стадыёне школы адбыліся эстафеты, спартыўныя конкурсы. Запамінальным стаў турыстычны злёт, падрыхтаваны адзінаццацікласнікамі школы, падчас якога вучням 5-11 класаў трэба было перабрацца праз каналы, пераадолець загадзя падрыхтаваныя перашкоды. Ад кожнага класа была прадстаўлена каманда па чатыры вучні.
Выхаванцы навучальнай установы цудоўна справіліся з усімі заданнямі, паказалі высокую фізічную падрыхтоўку, а галоўнае, весела і цікава правялі час. Каманды-пераможцы былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі.
Правядзенне такіх спартыўных святаў, напэўна, стане добрай традыцыяй у Глыбачанскай школе.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.