На Ушаччине прошла экологическая акция, приуроченная Году народного единства

Общество

«У адзінстве наша сіла» — пад такім дэвізам на Ушаччыне прайшла экалагічная акцыя, прымеркаваная Году народнага адзінства. Ініцыятарам мерапрыемства выступіла раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын. Як патлумачыла яе старшыня Алена Пашковіч, сабраныя грашовыя сродкі, а гэта звыш 600 рублёў, накіраваны на закупку дэкаратыўных вечназялёных раслін: больш сотні туй, ядлоўцаў, якія ў мінулую пятніцу знайшлі “пастаяннае месца прапіскі” ля новага будынка дзіцячай школы мастацтваў.

На закладцы алеі – сям’я Дрозд.

Да вялікага суботніка па азеляненні гарадскога пасёлка далучыліся грамадскія арганізацыі на чале са сваімі кіраўнікамі, усяго ў работах прыняло ўдзел звыш 40 чалавек. Так, напрыклад, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Шаўчэнка не толькі асабістымі фінансавымі ўкладаннямі падтрымала акцыю, але і падштурхнула на добрую справу тры галіновыя прафсаюзы: работнікаў адукацыі і навукі, аграпрамысловага комплексу, а таксама работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

Уліліся ў годную справу прадстаўнікі падрастаючага пакалення. Шчыравалі на суботніку члены Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна. Імянныя туі на адмысловай сямейнай алеі разам з дзеткамі высаджвалі Святлана і Раман Фядосенкі, Святлана і Мікалай Шустровы, Кацярына і Іван Гірсёнкі, Марына і Дзмітрый Дрозд.

М.Шаўчэнка, А.Пашковіч, Д.Калбасава, І.Ціханава, Н.Глінская, С.Дулуб.

– Перафразую вядомае выказванне: мы ў адказе за ўсё, што пасадзілі. Таму, упэўнена, удзельнікі акцыі будуць даглядаць маладыя дрэўцы і з цеплынёй назіраць за тым, як яны разрастаюцца з гадамі, – адзначыла маладзёжны лідар раёна Дзіяна Калбасава.

Не засталася ўбаку і раённая ветэранская арганізацыя. Удзел у азеляненні родных Ушач прынялі прадстаўнікі старэйшага пакалення на чале з Наталляй Глінскай.

Зрабіць Ушаччыну яшчэ больш прыгожай пажадалі актывісты раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Яе старшыня Ірына Ціханава прапанавала працягнуць такую годную ініцыятыву і з удзелам усіх грамадскіх арганізацый сёлета ператварыць у жыццё яшчэ нямала карысных спраў, паколькі наша сіла – у адзінстве!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *