Калі ўшацкія хлебаробы не трапілі ў лік перадавікоў вобласці, то вось нашым жывёлаводам ёсць чым пахваліцца. Аператар па доглядзе за свінаматкамі ПУП “Сарочына” Яўгенія Мікалаеўна Неруганёнак і аператары адкорму буйной рагатай жывёлы комплексу “Маяк” Аляксандр Васільевіч Андрэйчык, Яўгенія Віктараўна Атрашкевіч і Алег Фёдаравіч Каваленка сталі пераможцамі абласнога спаборніцтва.
Кілаграмовыя прывагі – гэта паказчык “вышэйшай пробы”. Прычым, як бычкі на дарошчванні, так і малыя цяляткі комплексу “Маяк” штодня прыбаўляюць амаль на тысячу грамаў. А калі дакладна – 909 грамаў дала група цялят, якую даглядаюць Ганна Фёдараўна Логінава, Надзея Яўгенаўна Чабоха і Наталля Анатольеўна Бутоўская. Гэта рэкорд і даглядчыц, і комплексу, бо раней цяляты на дарошчванні не прырасталі за дзень болей чым на 500-600 грамаў. Што змянілася?– Мы забыліся пра тыя часы, калі не хапала кармоў, – адказвае Мікалай Мікалаевіч Папоў – памочнік загадчыка комплексу, за плячыма якога і практыка даглядчыка. – Сена, авёс, мел, соль, камбікорм – цяляты выбіраюць, чаго арганізму хочацца, а кармушкі заўсёды поўныя. Прычым камбікорм спецыяльны: для малых — з усімі мікрадабаўкамі, неабходнымі для росту, для дарослых – іншы.
– І галоўнае, ён даецца без перапынкаў, — уступае ў размову загадчыца комплексу Галіна Канстанцінаўна Літвін. – Наладжана тэхналагічнае кармленне, а не час ад часу, для падкормкі. А яшчэ ў нас сёлета кармоў нарыхтавана ў дастатку: якаснага сенажу, пажыўнага кукурузнага сіласу, і мы не абмяжоўваемся нормамі. Плюс малады зацікаўлены калектыў. Ёсць кармы – ёсць прывагі, а значыць будзе і зарплата. Дарэчы, сярэдняя па комплексе — звыш 800 тысяч, таму і трымаюцца жывёлаводы за свае месцы.
Перакананняў таму дастаткова. Надзея Яўгенаўна Чабоха, напрыклад, памяняла работу на гарадскім прадпрыемстве на комплекс, хоць і даводзіцца ездзіць, не шкадуе. Аляксандр Васільевіч Андрэйчык – былы вадзіцель, для ўсёй кагорты якіх падпрацоўкі ў жывёлагадоўлі лічыліся ледзь не пакараннем. А тут, прыйшоўшы падменным, адчуў і перавагі. Стабільны графік з гарантаванымі выхаднымі і перапынкам на абед, амаль механізаваны працэс раздачы кармоў, і, канечне, своечасовыя і добрыя заробкі. Калі іх група дала 1700 грамаў прываг, то і атрымалі намнога больш за мільён. Такія высокія паказчыкі маюць дзякуючы здачы на мясакамбінаты жывёлы толькі вышэйшай укормленасці. Вось і дзесяцімесячны паказчык – 1118 грамаў – не проста рэкорд іх групы і комплексу, а і прыкметны паказчык у вобласці.
А наколькі на “Маяку” добра, гавораць прыклады. Тут ніколі не чутна галоднага гулу жывёлы, ну а трапіўшая з іншых гаспадарак, спачатку проста не адходзіцца ад кармушак. Цялят з “Селішча”, якія нядаўна папоўнілі рады, у першыя дні знаходжання нават абмяжоўвалі ў рацыёне, баяліся за непадрыхтаваныя да лішкаў страўнікі.
Толькі вось вольных месцаў на “Маяку” амаль не застаецца, нават папоўніўшы цялушкамі другі – малочнатаварны комплекс гаспадаркі. Тут па-ранейшаму гадуюцца як цялушкі для папаўнення дойнага статку, так і бычкі, пераважна мясной пароды. Большыя прывагі, як вядома, даюць менавіта яны — белагаловікі.
В.КАРАЛЕНКА.