Хоць нашаму льнозаводу цяжка канкурыраваць з іншымі заводамі і дабівацца высокай якасці выпускаемай прадукцыі, у першую чаргу з-за зносу абсталявання, тым не менш працаздольны калектыў пастаянна імкнецца выканаць запланаваныя паказчыкі.
Нарыхтаванай за апошнія гады сыравіны хапала, не паспявалі яе перапрацоўваць. Сёлета пасяўныя плошчы льну былі скарочаны да 500 гектараў. Для павышэння якасці набылі новыя сарты “Віта”, “Старт”, “Е-68”. І ў гэтым годзе вырас ураджай лепшы мінулагодняга. Нарыхтавана 1092 тоны льнотрасты сярэднім нумарам 1,02. У мінулым годзе сабралі 1254 тоны льнотрасты з плошчы ў 700 гектараў, а сярэдні нумар склаў толькі 0,84.
У небывала кароткія тэрміны ў гэтым годзе ўдалося ўбраць лён з палёў сухім, што таксама павышае шанцы на якасную прадукцыю. Хоць у сховішчах яшчэ маецца сыравіна мінулых гадоў, адразу прыступілі да перапрацоўкі новага ўраджаю. Плануюць перапрацаваць яе да наступнага сезона, а пасяўныя плошчы пакінуць такімі ж.
Наогул за студзень-кастрычнік бягучага года выпрацавана 240 тон ільновалакна, у тым ліку даўгога – 30 тон, якасць якога ідзе 11 нумарам.
Зараз завод працуе ў звычайным двухзменным рэжыме. Рэгулярна ідзе адгрузка прадукцыі пераважна кароткага валакна для выканання дзяржзаказу на Аршанскі льнокамбінат і экспартныя базы.
Час паказвае, што адмаўляцца ад вырошчвання льну не трэба, зараз у гэтай галіне пераходны этап, пасля якога, магчыма, можна будзе выйсці на больш высокі ўзровень і выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, якая ўсё больш карыстаецца попытам.
Сёння калектыў ушацкага льнозавода складаецца з 77 чалавек. Многія з іх увесь свой працоўны шлях і прысвяцілі менавіта перапрацоўчай справе. На прадпрыемстве павіншавалі з прафесійным святам усіх працаўнікоў, якія агульнымі намаганнямі робяць няпростую справу – вырошчваюць і перапрацоўваць лён, кожнаму ўручаны падарункі – льняныя вырабы.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымку:
за работай змена Н.К.Хвошч.