“Грашавітая” знаходка
Колькасць злачынстваў у сферы інфармацыйных тэхналогій працягвае расці. Прычым, як паказвае практыка, уладальнікі банкаўскіх картак часта церпяць з-за сваёй няўважлівасці, бестурботнасці.
30 сакавіка судом Ушацкага раёна разгледжана крымінальная справа па ч. 2 арт. 212 КК Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін Н. прыкмеціў ля банкамата пакінутую без нагляду чужую банкаўскую картку (як пазней высветлілася, тая выпала з кішэні ўладальніка) і прысвоіў яе. З дапамогай бяскодавых плацяжоў мужчына ў шэсць этапаў атаварыўся ў магазінах райцэнтра на агульную суму 101 рубель 15 капеек. Вось толькі хутка трапіў пад увагу праваахоўнікаў. Названы “ўчынак” абярнуўся парушальніку пакараннем у выглядзе штрафу ў памеры 50 базавых велічынь (1450 рублёў).
Раю трымальнікам банкаўскіх картак быць больш пільнымі. Выкарыстоўвайце смс-паведамленні, якія праінфармуюць пра зняцце грашовых сродкаў, своечасова блакіруйце згубу, нікому не перадавайце свае персанальныя даныя. Калі ж вы знайшлі чужую картку, не распараджайцеся наяўнымі на ёй грашыма, а аднясіце гэты плацежны сродак у банк.
А.МІШУТА, старшыня суда Ушацкага раёна.
Па новай схеме
Ашуканцы пачалі выкарыстоўваць новую схему падману грамадзян. Як патлумачыў старшы оперупаўнаважаны групы крымінальнага вышуку Ушацкага РАУС М.Храпавіцкі, яе сэнс заключаецца ў тым, што нібыта з банка (часцей фігуруе “Беларусбанк”) чалавеку дасылаецца электронны дакумент на пераафармленне рахунка. Пры ўважлівым аглядзе “паперы” можна зразумець, што гэта грубая падробка: пячатка змазана, назва банкаўскай установы напісана няправільна. Задача ашуканцаў – даведацца такім чынам даныя карткі ці логін і пароль ад інтэрнэт-банкінгу.
Не трапляйце на кручок зламыснікаў – калі атрымалі падобны дакумент, патэлефануйце ў кол-цэнтр банка.