Ці можна лічыць работу даяркі лёгкай? Упэўнена, што наўрад ці знойдуцца людзі, якія адкажуць станоўча на гэта пытанне. Не кожны можа жыць і працаваць у такім рытме. У пяць гадзін раніцы трэба пачынаць работу, увечары яна таксама заканчваецца зацемна, у летні час наогул даводзіцца спаць па тры гадзіны ў суткі. Заўсёды здзіўляюся вытрымцы і працаздольнасці гэтых людзей.
Прозвішчы Валянціны Іванаўны Волах і Надзеі Зігмундаўны Рагавенкі (на здымку) добра вядомы не толькі ў “Райаграсэрвісе”, дзе працуюць, але і ў раёне. Трэба сказаць, што такія вынікі жанчынам даюцца няпроста. На ферме Ліпавец, у адрозненне ад іншых ферм гаспадаркі, няма малакаправода, і кожны надоены літр трэба пераносіць уручную. Халадзільнае абсталяванне таксама ўжо састарэла. Аднак нягледзячы на ўсе нюансы, на ферме не толькі самыя высокія надоі, але і якаснае малако. Яно здаецца толькі вышэйшым гатункам і экстрай.
В.І.Волах і Н.З.Рагавенка – невыпадковыя людзі ў сельскай гаспадарцы, працуюць у жывёлагадоўлі вельмі даўно. Абедзве жывуць у Ліпаўцы, а таму зручна дабірацца да сваіх працоўных месцаў. Прывыклі да такога ладу жыцця і ў перапынках паміж трыма дойкамі за дзень паспяваюць рабіць яшчэ шмат сваіх хатніх спраў.
Адным са складаемых поспеху яны называюць дысцыпліну, без якой не можа быць парадку. І ўпэўнены —кожны можа быць на пазіцыях лідараў.
В.ПОЛАЗАВА