Его слово было авторитетным. Сергей Тарасеня принимал тёплые поздравления с 85-летием

Общество

У доме Сяргея Ананьевіча Тарасені па Каранеўскага цягнуцца да сонейка саджанцы памідораў. Хоць і сустрэў мужчына 85-ы дзень нараджэння, аднак самастойна ўпраўляецца з гаспадаркай, у якой і трусы маюцца, і агарод з цяпліцай, пладамі нават з сынам дзеліцца. Але здзівіла безліч вазонаў з кветкамі. “Дзе ж гэта відана, каб падаконнік пусты быў? Вось і перасаджваю”, – адказаў бадзёры ветэран. Я ж на ўсялякі выпадак пастукала па дрэве, каб і заставалася такой незалежнай яго восень жыцця, па якім, дарэчы, можна вывучаць гісторыю Ушаччыны.

Хоць сам Сяргей Ананьевіч і немясцовы. Апынуўся тут, пакінуўшы Піцер, з-за цешчы. Усяго адна дачка ў яе, вось і хацелася, каб жылі бліжэй, хоць юнака пасля заканчэння вучылішча пакінулі на Кіраўскім заводзе і бронь ад арміі далі. Выплаўляў загатоўкі для будаўніцтва падводных лодак, кватэру б хутка атрымаў. Ды назаўсёды пасяліўся ля чырвонага млына ва Ушачах. Спачатку ў шматкватэрным доме, дзе раней знаходзілася і кантора прамкамбіната, а потым і ў асобным, будаўніцтва якога кантраляваў, выконваючы абавязкі галоўнага інжынера.

Хоць у С.А.Тарасені сярэдняя адукацыя, “рукамі працаваў” усяго некалькі год у пачатку кар’еры. “Рабочы лесазавода”, – такі запіс зроблены ў 1959-м. У сталярцы, што размяшчалася практычна там, дзе і зараз, майстравалі рамы, дзверы, а потым і мэблю. Калі адвучыўся на шафёра, на ЗІЗе вазіў лес. Усяго два рэйсы за дзень атрымлівалася зрабіць, бо выцягвалі і грузілі бярвенні вадзіцелі самастойна. Выязджалі калонай, такім чынам і дапамагалі адзін аднаму, і загразлыя машыны выцягвалі. Паражняком і на дзялянкі не ішлі… на борце стаяў конь, на якім падцягвалі да дарогі сыравіну. “Станем так, каб узгорак быў, борт адчынім і зводзім яго, пужлівага”.

Адбудоўваліся пасля вайны людзі, узводзіўся Наваполацк. І прадукцыя прамкамбіната ішла нарасхват. Немудрагелістыя шафы, сталы, школьныя парты і дошкі. Далёка ім да сённяшняга “Пінскдрэва”, аднак служылі спраўна: і зараз стаіць у С.Тарасені кухонная камода, тумбачка.

“Вельмі смачная наша крупа была, прыгожая, зярнятка да зярнятка,– паказваючы праз вакно на млын, Сяргей Ананьевіч тлумачыць прынцып работы жорнаў, якія круціла вада. – І самая лепшая мука “Путлянка”. Тры выдатныя спецыялісты працавалі кругласутачна. Чарга заўсёды стаяла, падводы і машыны з іншых раёнаў. Ну а жонка з акон змятала не пыл, а муку, ёй у доме ўсё засыпана было”.

Гліняныя жбанкі, кружкі, міскі і нават лыжкі выпускалі мясцовыя ўмельцы. Пасля вайны ў канцы Каранеўскага ля млына працавала і абутковая майстэрня. Камбінат развіваўся, пачаў пашыў спецадзення. Дарэчы, сённяшні Ушацкі філіял “Сцяга індустрыялізацыі” з гэтай фабрыкай меў стасункі і тады. Ездзілі за тканінай, а наогул самым складаным быў пошук сыравіны. І на Азоўскім моры індыйскі паркаль для бялізны Сяргей Ананьевіч атрымліваў, і ў Маскву на выставы ездзіў, дзе заключаў дагаворы на пастаўку асноўнай прадукцыі швейнага цэха – рукавічак. “Ананьевіч вярнуўся, нам работа будзе,” – радасна сустракалі збытчыка і здабытчыка швачкі. З 1968 па 2000, як пайшоў на пенсію, ён працаваў на прадпрыемстве старшым таваразнаўцам.

– Паралельна і функцыі інжынера даводзілася выконваць. На цагляным заводзе механізавалі працэс. Тачкі спачатку рабочыя ўручную цягалі, потым устанавілі люлечны канвеер. Людзі будаваліся і ўсім патрэбна была цэгла для печаў. Машыны ж на рамонт ганялі ў Літву. Вяртаюся на другі дзень, дырэктар пытаецца, калі можна будзе забраць. А машына ўжо стаіць. Іншая, ды такой жа маркі і спраўная. Тады можна было забіраць не сваю, я ж меў падыход да людзей. Аднойчы з абласнога аб’яднання тэлефануюць, што план па рэалізацыі на 10 тысяч не выконваецца. Папрасіў толькі машыну. Аб’язджаў розныя базы вобласці: дзе былі наладжаны стасункі, дзе знаёміўся, аднак рэалізаваў. У мяне заўсёды з сабой былі пячаткі і чэкавая кніжка, так што дагаворы заключаліся на месцы.

Неаднойчы яго спрабавалі накіраваць на вучобу. “Колькі ж можна вучыцца, – жартаваў мужчына. – Столькі курсаў павышэння кваліфікацыі прайшоў”. А лепшымі было само жыццё. Пасляваеннае, на Случчыне, яно прымушала працаваць, не шкадуючы сябе. Маці адна падымала чацвярых дзяцей, якія летам “падраджаліся” пастухамі: малыя – птушкі, потым авечак, кароў. Падчас адной з такіх пашавых вартаў Сяргей прасіў маланку, каб забіла, бо не было ў прамоклага да ніткі галоднага хлапчука сіл утрымаць у навальніцу жывёлу. На дзень маці магла даць блін і паўлітра малака, і то пасля таго, як разжыліся каровай. Да гэтага, як кажуць: лебяда і вада. Вельмі складана было атрымаць пашпарт, каб паехаць на вучобу ў тое ж вучылішча. Пашкадавалі тады юнака. Хаця з яго ў любым выпадку атрымаўся б толк. Бо рукасты, кемлівы, кантактны, ён не баяўся ніякай работы. Падчас непрацяглага вяртання на радзіму, дарэчы, будаваў у Салігорску шахты. Усё толькі распачыналася. Ёсць што прыгадаць за сваё працяглае жыццё, сямнацць год узначальваў партарганізацыю прамкамбіната, яго слова было аўтарытэтным, шмат сяброў займеў.

Апошняе, дарэчы, пацвердзіла мерапрыемства, наладжанае ў рамках пасяджэння прэзідыума раённага савета ветэранаў да юбілею мужчыны. Старшыня грамадскага аб’яднання Ніна Аляксандраўна Васілеўская сабрала ў адной зале тых, хто ўсе гэтыя гады быў з Сяргеем Ананьевічам разам. Шмат у гэты дзень прагучала ў яго адрас шчырых віншаванняў і песень ад удзельнікаў хору народнага клуба “Ветэран”, членам якога з’яўляецца. Цёплыя сяброўскія сустрэчы за адным сталом прыгадала Валянціна Лукашонак. Вясёлымі гумарэскамі парадавала Тамара Кроцік. Пра тое, што за 40 гадоў знаёмства з мужчынам той ніколькі не змяніўся – дагэтуль застаецца ўсмешлівым, бадзёрым, з палаючымі вачыма – падзялілася Іна Клімава. Пра юбіляра як віртуоза-гарманіста расказаў Уладзімір Мамаеў. Ініцыятыўнасць жа С.А.Тарасені як актывіста грамадскай дзейнасці адзначыла, уручаючы Падзяку старшыні райвыканкама, намеснік старшыні А.В.Пашковіч.

Не спыняліся віншаванні ў адрас героя нашага аповеду і пасля ўрачыстасці. Доўгіх гадоў жыцця, новых адкрыццяў жадалі яму былыя калегі з прамкамбіната. Для іх ён быў не толькі выдатным кіраўніком, настаўнікам, але і сапраўдным сябрам, якому заўсёды можна даверыцца, атрымаць параду. А на такіх людзях, няма сумненняў, і трымаецца свет.

Вольга КАРАЛЕНКА, Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

  • Выраблялі на Ушацкім флагмане мясцовай прамысловасці ў шасцідзясятыя таксама цэглу, посуд, адзенне, муку і крупы.
  • Да мясцовай прамысловасці, а значыць і прамкамбіната адносіўся і млын у Замошшы Вялікадолецкага сельсавета, цагляны завод у Кублішчыне, адным часам нават Ветрынскі прамкамбінат, ганчарная майстэрня па Ленінскай.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *