Как проходит посевная кампания в КУСХП «Великодолецкое»?

Сельское хозяйство

“А можа не будзем фатаграфавацца? У вас жа маіх здымкаў ужо, напэўна, цэлая галерэя – вазьміце леташні: і тэхніка тая ж, ды і я асабліва не змяніўся”, – прапанаваў “аптымізаваць” працэс нашых стасункаў Сяргей Філімонаў (на здымку). Казаў гэта механізатар з доляй жарту, але мелася ў яго словах і сур’ёзная падаплёка: на полі ля Судзілавіч мы гутарылі ў мінулую сераду і гэта быў толькі першы дзень, калі ён вывеў на палеткі свой МТЗ-3022 з пасяўным агрэгатам, таму штатнаму сейбіту “Вялікадолецкага” зусім не хацелася губляць каштоўныя хвіліны.

З пачаткам пасяўной у адной з самых буйных гаспадарак раёна сёлета сапраўды прыкметна прыпазніліся. І прычына не толькі ў халоднай вясне, а і ў вельмі складанай сітуацыі з гатоўнасцю тэхнікі: многія адзінкі патрабавалі сур’ёзнага рамонту, на які не было сродкаў. Вось і энерганасычаны “Беларус” Сяргея Аркадзьевіча толькі за дзень да гэтага дачакаўся рухавіка, які прывезлі і ўстанавілі сталічныя маторарамонтнікі. Як ні сачы за тэхнікай – а дзесяць год “палявых выпрабаванняў” бясследна прайсці не могуць.

Напярэдадні адрамантавалі і яшчэ адзін МТЗ-3022, таму і ў Мікалая Хамёнка той дзень аказаўся стартавым на пасяўной. З раніцы механізатар, для якога гэта ўжо 32-гі хлебаробчы сезон, паспеў узараць значную частку 24-гектарнага поля ля Весніцка, і падчас нашай кароткай гутаркі на яго ўскрайку было бачна, як не церпіцца яму зноў заскочыць у кабіну. На ўздыме глебы заняты і трэці магутны “Беларус”, які сёлета даверылі Юрыю Стрыжонку: малады работнік у міжсезонні прайшоў перападрыхтоўку ў вучэбным цэнтры райсельгасхарча і адкрыў катэгорыю на кіраванне энерганасычанай тэхнікай. На трактарах меншай магутнасці ўзворваюць палеткі Віталь Бука і Васіль Алексяёнак, аднак сёння апошні павінен перасесці на сеялку СЗ-4,2.

М.Хамёнак.

Адказныя працаўнікі займаюцца і падрыхтоўкай глебы: вялікія аб’ёмы выконвае на “Кіраўцы” Андрэй Смаляк, на МТЗ-1221 з культыватарам шчыруе Рыгор Філімонаў. На падвозцы насення заняты Юрый Альбіновіч. Улічваючы складаную сітуацыю, давялося сёлета падключыць і памагатых – дзве адзінкі Полацкага аграрнага аб’яднання працуюць на ўзворванні і падрыхтоўцы.

Сапраўдным выпрабаваннем сталі апошнія месяцы для маладога кіраўніка сельгаспрадпрыемства Станіслава Міхайлавіча Лісічонка, якому давялося вырашаць пытанні па пошуку сродкаў, запчастак, ухіляць шэраг іншых праблем. У форсмажорных абставінах падставілі плячо раённыя ўлады, падтрымалі вопытныя спецыялісты і работнікі гаспадаркі. Як звычайна, граматна арганізоўвае палявыя работы галоўны аграном Аляксандр Віктаравіч Зянюк, у якога мы запыталіся пра нюансы аграрнага сезона. Яравы клін сёлета складзе 1987 гектараў, узараць вясной давядзецца 1534. 577 гектараў зоймуць зерневыя і зернебабовыя. Завезена 20 тон насення эліты пшаніцы і ячменю – пад іх адведзены ўчасткі ва ўрочышчах Сямёнаўка і Засценак з больш высокім утрыманнем у глебе фосфару, калію, гумусу. Будзе пасеяна 230 гектараў яравога рапсу – гэта больш, чым у іншых гаспадарках раёна, а вось плошчы пад кукурузу з 500 леташніх вырашана зменшыць да 300.

А.Смаляк.

Такім чынам, нягледзячы на ўсе складанасці, пасяўная ў гаспадарцы стартавала і ўпэўнена набірае абароты. Каб навярстаць упушчанае, руплівыя вялікадальчане працуюць яшчэ больш інтэнсіўна і сканцэнтравана, максімальна выкарыстоўваючы светлавы дзень. Угаворваць тут нікога не трэба: усе гатовы закасаць рукавы, каб паспяхова адолець першы этап аграрнага марафону.

…Ну а свежыя здымкі сейбітаў мы, канечне, зрабілі – за штогадовыя палявыя подзвігі кожны з іх дастойны нават персанальнай галерэі працоўнай славы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

  • Па стане на 20 красавіка ў “Вялікадолецкім” было засеяна 26 працэнтаў плошчаў, адведзеных пад зерневыя і зернебабовыя. Лідарства ж у пасяўной захапілі аграрыі “Маяка-Ушацкага” і “Дземенца” – 53,4 і 50,4 працэнта адпаведна. Па раёне гэты паказчык складаў 35,2.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *