На Ушаччине прошёл республиканский субботник

Общество

У суботу на вуліцах райцэнтра было па­незвычайнаму для выхаднога дня мнагалюдна: ушачане выйшлі на адно з самых масавых мерапрыемстваў вясны – рэспубліканскі суботнік. Аб’ектаў, дзе патрабуецца гаспадарская рука, у нас, сапраўды, нямала. Мэты ж, на якія будуць накіраваны заробленыя сродкі (закупка медыцынскага абсталявання і вакцыны ад каранавіруса, рэканструкцыя і аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей), толькі дабаўлялі стымулу годна папрацаваць.

Прадстаўнічы “дэсант” традыцыйна высадзіўся на мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Дружна, на чале са старшынёй райвыканкама У.Г.Аўдошкам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, навядзеннем парадку, падрыхтоўкай да “рэстаўрацыі” адной з зямлянак тут займаліся супрацоўнікі апарата раённага выканаўчага камітэта, аддзелаў па адукацыі, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. Афарбоўку выставачнай тэхнікі ўзялі на сябе газавікі, апор асвятлення – прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Напярэдадні веснавых рэлігійных святаў шмат клопатаў на грамадзянскіх могілках. Так, па вуліцы Кастрычніцкай пры ачыстцы несанкцыянаваных сметнікаў не адзін прычэп з высокімі бартамі запоўнілі прадстаўнікі Ушацкай СШ, дзіцячай школы мастацтваў, райбальніцы, рэдакцыі, Белдзяржстраха, філіяла аблспажыўтаварыства. “Як можна выкінуць на могілках прывезеныя з дому пластыкавыя бутэлькі, пакеты і іншае?! – абураліся яны. – Да тых, хто зневажае памяць продкаў і засмечвае наш прыгожы раён, трэба прымаць самыя жорсткія меры!”. Працягнуліся работы па ачыстцы ад галін, лісця, смецця, распачатыя падчас раённага суботніка, на каталіцкіх могілках па вуліцы Петруся Броўкі. На гэты раз тут былі задзейнічаны падаткавікі, прадстаўнікі ветстанцыі, райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, лясгаса, энергазбыту і энерганагляду, раёна электрычных сетак, цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы, цэнтральнай райаптэкі.

На славу папрацавалі падчас суботніка прадстаўнікі сектара спорту і турызму, на плечы якіх лёг абкос тэрыторыі ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Пацверджанне таму – вялізныя, амаль у рост чалавека кучы сабранай сухой расліннасці.

Актыўна вялася работа ўздоўж аўтамабільных дарог. Тут звінелі бензапілы работнікаў ДРБУ-105 і ДЭУ-37, якія займаліся ўборкай кустоўя, рэшткаў пасля высечкі. У многіх месцах праведзена ачыстка ад смецця, нанесена дарожная разметка.

Як заўсёды, вялікі фронт работы ўзялі на сябе камунальнікі: яны былі задзейнічаны літаральна на ўсіх прыгаданых аб’ектах, прыбіралі вуліцы гарпасёлка, фарбавалі дрэвы. Занятыя на апошнім відзе спраў жанчыны не хавалі эмоцый: “Хоць аб’ём работы вялікі, такая занятасць не ў цяжар. Прыемна бачыць, як на вачах мяняецца наваколле – родныя Ушачы становяцца больш чыстымі, акуратнымі”.

Многае зроблена падчас суботніка і на сяле. Так, напрыклад, у Ільюшыне прадстаўнікі сельвыканкама, дзіцячага сада і проста неабыякавыя мясцовыя жыхары акультурылі нічыйны яблыневы сад на ўездзе ў аграгарадок, пабялілі дрэвы. Работнікі прыгаданай дашкольнай установы займаліся таксама ўборкай дарогі па вуліцы Цэнтральнай, а сельвыканкамаўцы шчыравалі ў Жарах – наводзілі парадак у парку, ля помніка.

Прадстаўнікі вытворчых прадпрыемстваў і арганізацый Ушаччыны былі заняты на рабочых месцах, займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторый. Масавыя суботнікі наладзілі старшыні сельвыканкамаў і старэйшыны некаторых вёсак. Аднак яшчэ нямала месцаў, якія па-ранейшаму чакаюць клапатлівых рук. Работы па навядзенні парадку будуць працягвацца.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *