Турыстычная сфера больш за іншыя пацярпела ад наступстваў пандэміі. Новыя ўмовы прымушаюць рабіць акцэнт на ўнутраны турызм, шукаць формы яго папулярызацыі, усяляк стымуляваць уязны, павышаць якасць аказання паслуг. Перапрацаваны праекты асноўных дакументаў па развіцці галіны, створаны план падтрымкі арганізацый, што займаюцца ўязным і ўнутраным турызмам, прымаецца шэраг мер, каб зрабіць Беларусь прывабнай і даступнай для замежных турыстаў.
А наколькі моцна паўплывала пандэмія на турыстычную сферу краіны і нашага раёна ў прыватнасці? Гэтую тэму абмеркавалі з загадчыкам сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргеем Іванавічам ЦІХАНЁНКАМ.
– Каранавірус істотна знізіў паказчыкі экспарту турыстычных паслуг. Як абстаялі справы ў нашым раёне?
– Экспарт турпаслуг па арганізацыях Ушаччыны склаўся летась толькі на ўзроўні 32 працэнтаў ад паказчыку 2019 года. Прыкметна не далічыліся кліентаў усе 6 арганізацый турыстычнай індустрыі – у тым ліку санаторый, гасцініца УП ЖКГ, дамы паляўнічых.
– Асобная ўвага надавалася дзейнасці здраўніц, многія з якіх нават на пэўны час зачыняліся. Зараз справы паляпшаюцца?
– Распрацоўка рэабілітацыйных праграм пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі, актыўная дзейнасць прафсаюзаў, іншыя захады дапамаглі вярнуць людзей у беларускія здраўніцы і іх сярэдняя запаўняльнасць у сакавіку складала 68 працэнтаў. Што датычыцца “Лясных азёр”, то мінулы год для санаторыя быў няпростым, на пэўны час давялося нават аб’яўляць вымушаны прастой, а сярэдні працэнт загрузкі здраўніцы склаў 55. І тым больш прыемна канстатаваць, што ў пачатку 2021-га санаторый быў запоўнены.
– А вось агратурыстычную сферу краіны пандэмічныя наступствы закранулі не надта моцна: колькасць кліентаў зменшылася толькі на 18,8 працэнта. Гэты бізнес нават “прырос”: на 1 студзеня 2021 года ў Беларусі зарэгістравана 2936 сядзіб, тады як пазалетась іх было 2760. А як перанеслі выпрабаванні ўшацкія аб’екты?
– За мінулы год на нашых сядзібах было заключана 159 дагавораў з аграэкатурыстамі (гэта лічба не адлюстроўвае колькасць чалавек, бо дакументы могуць афармляцца і на групу адпачываючых). Як адзначаюць гаспадары, адсутнасць гасцей з-за мяжы ў цэлым кампенсаваў попыт з боку суайчыннікаў.
– Важным напрамкам у нас з’яўляецца спартыўны турызм. Ці быў запатрабаваны летась комплекс “Юнацтва-Ушачы” для правядзення збораў і спаборніцтваў?
– На мінулы год было адобрана 13 заявак на вучэбна-трэніровачныя зборы на базе нашага комплексу, пры гэтым з-за закрыцця межаў удалося правесці толькі адзін для спартсменаў з Расіі.
– Беларусы прывыкаюць падарожнічаць па сваёй краіне. Увогуле, па меркаванні сусветных экспертаў, аптымальныя суадносіны ўнутранага і знешняга турызму павінны складацца ў прапорцыі 4:1, тады як у Беларусі яны раней былі прыкладна роўнымі. Летась за мяжу на адпачынак выехала ўтрая менш нашых суайчыннікаў, а інтарэс да вандровак па радзіме па-ранейшаму вялікі. Атрымліваецца, што пандэмія падштурхнула нас да выпраўлення балансу. А чым мяркуе прывабліваць турыстаў Ушаччына?
– Летась распрацаваны 9 турыстычных маршрутаў па тэрыторыі раёна – сярод іх пешыя, веласіпедныя і водныя (азнаёміцца з імі можна на сайце сектара спорту і турызму). Прапануюцца тры экскурсійныя напрамкі (гістарычны, героіка-патрыятычны і літаратурны). Дарэчы, Ушацкі музей народнай славы імя У.Е.Лабанка і яго філіялы, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, наведалі летась каля 12 тысяч экскурсантаў. Спадзяёмся, што сёлета цікавасць будзе яшчэ большай, бо экспазіцыя ў Кублічах, прысвечаная жыццю і быту яўрэяў з інсталяцыяй “Ушацкае гета”, увайшла ў адмысловы турыстычны маршрут, распрацаваны Нацыянальным агенцтвам па турызме сумесна з Ушацкім, Докшыцкім і Глыбоцкім райвыканкамамі.
Так што паспяховага ўсім нам турыстычнага года!
Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.
- 4 лютага гэтага года прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №40, накіраваны на ўдасканаленне дзейнасці ў сферы аграэкатурызму. У ім, у прыватнасці, працягнута магчымасць ільготнага крэдытавання суб’ектаў да 2025 года.
- Вельмі важна мець эфектыўныя метады абароны правоў спажыўцоў турыстычных паслуг. Таму ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь унесены праект Закона “Аб турызме”. Дакумент скіраваны на ўзмацненне адказнасці тураператараў пры рэалізацыі паслуг турыстам і экскурсантам, увядзенне форм яе фінансавага забеспячэння, размежаванне адказнасці турагентаў і тураператараў, забарону на ажыццяўленне экскурсій асобам, што не маюць пасведчання аб прафесійнай атэстацыі экскурсавода, гіда-перакладчыка, і іншае.