Цёплае надвор’е ў прайшоўшыя выхадныя паспрыяла не толькі навядзенню парадку, а і таму, што многім захацелася пазбавіцца ад сухой травы з дапамогай запалак. Менавіта выпальванне расліннасці стала прычынай пажару ў вёсцы Янова, дзе ў нядзелю агнём поўнасцю знішчана лазня на адной з сядзіб (на здымку). Гаспадароў домаўладання ў гэты момант не было.
Зрэшты, за апошнія дні выратавальнікі некалькі разоў выязджалі на паведамленні аб палах. Так, напрыклад, у суботу на абочынах аўтадарогі Ушачы-Лепель нехта падпаліў сухую траву, месцамі машынам было складана пераадольваць асобныя ўчасткі з-за шчыльнай дымавой завесы. А з аднаго боку вецер падхапіў агонь, які па полі хутка прыйшоў да дамоў вёскі Дворыца.
– Сёлета па прычыне палаў на Ушаччыне ўжо згарэлі дзве лазні. Людзі павінны разумець, што выпальванне леташняй травы можа прывесці да больш маштабных бедстваў. У ветранае надвор’е (а ў суботу парывы ветру дасягалі і 18 метраў за секунду) надзвычай складана кантраляваць агонь, нават калі вы спальваеце на ўчастку невялікую кучу смецця. Нядаўна ў Чашніцкім раёне прама на сваім падворку загінула 84-гадовая пенсіянерка, якая захацела навесці парадак з дапамогай запалкі, а калі агонь разгуляўся, не змагла справіцца з вогненнай стыхіяй, – расказвае начальнік Ушацкага райааддзела па надзвычайных сітуацыях І.В.Кошкін.
У МНС таксама нагадалі, што за незаконнае выпальванне сухой расліннасці прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь, за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах або з парушэннямі правілаў пажарнай бяспекі – да 12.
Трымаюць руку на пульсе ў гэты гарачы сезон і работнікі лясгаса: вядзецца авіяназіранне, на сезон уведзена пасада пажарнага вартаўніка, леснікі ў сваіх угоддзях робяць абыходы, ва ўсіх лясніцтвах кантралюецца сітуацыя з вышак і пры дапамозе камп’ютарных тэхналогій, у зонах масавага адпачынку абсталёўваюцца спецыяльныя месцы для развядзення вогнішчаў, робяцца мінералізаваныя палосы ў лясных масівах. На шчасце, пакуль у раёне не было лясных пажараў з-за палаў травы.
– Мінулай вясной больш 20 разоў змагаліся з агнём за лес, які па сухой траве ішоў у лясны фонд з палёў і населеных пунктаў. Настойліва просім грамадзян не кідаць падпаленых запалак і акуркаў, не разводзіць вогнішча ў лясных масівах, на тарфяніках і ў месцах з падсохлай травой, не пакідаць у лесе прамаслены альбо прамочаны гаручымі рэчывамі матэрыял, – кажа інжынер па ахове лесу Ушацкага лясгаса І.С.Шугалей.
Зацікаўленыя службы штодня праводзяць рэйды, абследуючы населеныя пункты. Гэтая актуальная тэма ў ліку іншых абмяркоўваецца ў цяперашні час з працоўнымі калектывамі, вяскоўцамі і ў рамках рэспубліканскай акцыі “За бяспеку разам!”, якая праходзіць у краіне да канца красавіка.
Вольга КАМАРКОВА.