Ці лёгкая работа ў выхавацеля? Пасля нядаўняга візіту ў яслі-сад №4 г.п.Ушачы магу з упэўненасцю даць адмоўны адказ. Пакуль гутарыла з гераіняй сённяшняга аповеду, у яе маленькіх падапечных кіпелі справы: адны бойка дзялілі на дыванку дэталі канструктара, другія ўстройвалі на машынках ралі-дакар, трэція, па чарзе ўсаджваючыся на рукі любімаму педагогу, расказвалі навіны, спявалі, а нехта цягнуўся да клеткі з папугаямі… Ужо праз паўгадзіны ад такой мітусні і гоману разбалелася галава. Для І.А.Харашкевіч жа такая абстаноўка не толькі прывычная, але і любімая. Спецыяліст вышэйшай катэгорыі, пераможца раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года-2017” не ўяўляе жыцця без зносін з дзецьмі і, вяртаючыся пасля рабочага дня дамоў, абавязкова ўключае для фону тэлевізар ці камп’ютар: у абсалютнай цішыні неяк няёмка.
З выбарам прафесіі ўраджэнка вёскі Градзянец ніколькі не сумнявалася – вучылася заваёўваць выхаваўчы “аўтарытэт” на малодшай сястрычцы Любові. Таму пасля заканчэння Ушацкай школы паступіла ў Полацкі дзяржаўны педагагічны каледж імя Ф.Скарыны, дзе атрымала кваліфікацыю выхавацеля дашкольнай адукацыі з дадатковай кваліфікацыяй “лагапедыя”.
Кар’еру Ірына Аляксандраўна пачынала на малой радзіме: спачатку ў Градзянцы, а пасля ў Мосары. З апошняга дамоў атрымлівалася прыязджаць толькі на выхадныя, на працягу ж тыдня малады спецыяліст жыла ў мясцовых бабулек. Прыгадвае І.А.Харашкевіч, як узімку, каб зрэзаць шлях і раней прыйсці ў дзіцячы сад, накіроўвалася да тутэйшага замерзлага возера. Ішла, бывала, і малілася, чуючы пад нагамі каварны хрумст. Мясцовыя ж жыхары жартавалі, маўляў, зноў Снягурачка (была па пояс у снезе) у ліку першых прачнулася, да сваіх маленькіх непасед, а іх у розны час было ад 6 да 21, спяшаецца. Аднак на гэта Ірына Аляксандраўна не крыўдзілася – сваю справу, нягледзячы на ўсе цяжкасці, любіла.
Давялося папрацаваць нашай гераіні і ў горадзе – чатыры гады была выхавацелем у Полацку. Аднак у 2010-м лёс зноў вярнуў жанчыну на малую радзіму. Некалькі месяцаў ездзіла ў Дубраўку, а ў кастрычніку прыйшла ў яслі-сад №4 г.п.Ушачы, дзе хутка асвоілася.
Зараз, працуючы ў другой малодшай інтэграванай групе, яна лёгка знаходзіць агульную мову з усімі 20 малышамі, вясёлымі і гарэзлівымі, дапытлівымі і сціплымі.
– Гэта наш маленькі артыст Ілья Міцкевіч, на ўсіх выступленнях ён у цэнтры! – знаёміць мяне з хлопчыкам, які па-дзіцячы шчыра, без усялякай нагоды падышоў абняць Ірыну Аляксандраўну. – А гэта Глаша Арцямёнак – дзяўчынка, здольная за сябе пастаяць. Сапраўдны знаўца аўтатэхнікі – Кірыл Лемяшонак: без праблем вызначыць марку машыны, а прагледзеўшы раніцай аўтастаянку ля садка, скажа бацькам, ці ёсць я ўжо на месцы.
Калі з дзецьмі працуеш не першы год, прызнаецца Ірына Аляксандраўна, прасцей. Калі ж толькі набіраеш малых, трэба быць да ўсяго гатовым. Бывала, што памочнік выхавацеля Наталля Уладзіміраўна Гатаўская і ўкусы, і сінякі атрымлівала, супакойваючы хлопчыкаў і дзяўчынак пры іх першых візітах у садок. Затое зараз усе яны лепшыя сябры, якія любяць разам бавіць час ва ўтульных памяшканнях установы, гуляць на вуліцы, назіраць за паводзінамі папугаяў Кешы і Сцешы, якіх на час летніх канікулаў “прытуляе” ў сябе дома І.А.Харашкевіч.
І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц – гэта дакладна пра выхавацеля. Паколькі кіраўніка фізічнага выхавання ў яслях-садзе №4 пакуль няма, функцыю гэтага спецыяліста выконвае сама Ірына Аляксандраўна. У сапраўдную майстэрню – з ватманамі, алоўкамі і фарбамі для падрыхтоўкі ілюстрацыйнага матэрыялу, сучасным прынтэрам для раздрукоўкі малюнкаў і тэкстаў да заняткаў, швейнай машынай для “вытворчасці” касцюмаў да ранішнікаў даўно ператварыўся асабісты пакой жанчыны ў яе дома.
– Памятаю, як шыла Джыну, ролю якога трэба было выканаць, каляровыя штаны, нічога не атрымлівалася – сядзела і плакала, – расказвае І.А.Харашкевіч. – Але ўсё прыходзіць з вопытам. Цяпер старому адзенню, любой рэчы знайду прымяненне. Нядаўна, напрыклад, прыкмеціла на агародзе ў матулі сетку для накрыцця градак – для касцюма кікімары аказалася ідэальнай!
Выхавацель, лічыць гераіня нашага аповеду, – гэта не проста прафесія, а прызванне. Кожнаму малышу патрэбна любоў, разуменне яго індывідуальнасці. Для таго ж, каб заслужыць павагу і цёплыя пачуцці, І.А.Харашкевіч проста жыве дзяцінствам: гуляе, марыць і фантазіруе разам з дзецьмі. Па душы ёй і зносіны з бацькамі, калегамі – з задавальненнем дзеліцца з імі сваімі ідэямі, адчувае падтрымку, што, вядома, дапамагае ў рабоце.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.