Ушачанин Семён Мхоян рассказывает, как получить профессиональный и личный успех

Экономика и малый бизнес

Выпускныя экзамены ва Ушацкай школе яшчэ былі наперадзе, а тагачасны адзінаццацікласнік Сямён Мхаян у свае 18 гадоў шукаў працу, каб спалучаць вучобу ў ВНУ і прафесійную дзейнасць, быць самастойным. Настаўнікі яшчэ ў пачатковым звяне настройвалі хлопца, які з-за праблем са здароўем да старэйшых класаў займаўся на доме, на станоўчы вынік, і да выпускнога ў юнака выкрышталізавалася разуменне, што не трэба губляць час. “Навошта спяшацца? Самы разумны?” – смяяліся з яго некаторыя з аднагодкаў. Сёння Сямён падсумоўвае, што мае дзякуючы такому кроку.

“Хацелася мець усе, аб чым марыў, не вісець на плячах у маці – была матывацыя працаваць на сябе і падавалася, што для гэтага шмат намаганняў не трэба”, – кажа пра юнацкія думкі суразмоўца. Малады нораў на першых жа занятках крыху збілі ўніверсітэцкія выкладчыкі: “Вы абралі самую складаную прафесію, калі ласка, стаўцеся да вучобы сур’ёзна. Проста атрымаць дыплом не выйдзе”.

Хлопец абраў інжынерную спецыяльнасць вытворчага і грамадзянскага будаўніцтва завочнага аддзялення ПДУ, знайшоў працу ў міжнароднай кампаніі, якая займаецца алюмініевай вытворчасцю. З ёй цяпер ён супрацоўнічае як партнёр, калі для кліента, напрыклад, трэба заказаць аўтаматычную браму. А напрыканцы вучобы зарэгістраваў прадпрымальніцва, паспеў папрацаваць і ўпраўляючым у кампаніі, што пераапрацоўвае будаўнічыя адходы ў шчэбень.

Уласна ж ён прапануе як прыватнікам, так і юрыдычным асобам аддзелку, паслугі “мужа на гадзіну” і больш сур’ёзныя работы па рэканструкцыі і будаўніцтве. “Летась было невялікае прасяданне з-за пандэміі, але вучымся працаваць у новых умовах. Хтосьці баіцца асабістых сустрэч? Дамовімся дыстанцыйна, калі гэта магчыма! У масках і з антысэптыкам прыйсці? Калі ласка!”, – расказвае Сямён. І дадае, што каб знаходзіцца на гэтым рынку, дзе вельмі шмат канкурэнтаў, неабходна ўважліва слухаць заказчыка, дакладна разумець, што трэба рабіць, узважваць свае сілы і не баяцца адмаўляць, калі ў пэўнай галіне ты не спецыяліст.

Перыядычна Сямён навучае стажораў продажам жылой нерухомасці – гэта адна з паралельных дзейнасцяў. Калі зацікавіўся гэтым накірункам, прыйшлося глыбока акунуцца ў псіхалогію, каб ведаць, як правільна наладжваць кантакты з людзьмі. Прафесійны досвед адбіўся і на асабістым светапоглядзе, дапамог у працы, навучыў больш якасна праводзіць вольны час. Ён пайшоў на каўказскія танцы, бо мае армянскія карані, час ад часу займаецца ёгай і плавае. Прыслухоўваючыся да сябе, не перастаў дбаць пра тое, каб жыццё блізкіх станавілася лепшым. Дарэчы, адноўлены пасля пажару дом Івана Макаравіча і Ганны Іванаўны Карабанёў (дзядулі і бабулі) з падвясной столлю, новымі перагародкамі – таксама справа яго рук.

“Ёсць нямала хлопцаў з такой жа адукацыяй, якія доўга ездзяць па краіне ў пошуках прыстойнай пасады. Ведаю і тых, хто стартаваў у незнаёмым горадзе без капейкі, але паступова стаў паважанай фігурай у сферы. Такія гісторыі натхняюць больш за ўсё, – дзеліцца суразмоўца. – Усім раю забыцца на ўстаноўку: нічога не атрымаецца. Трэба думаць: “А што, калі атрымаецца?”.

Сам жа Сямён думае пра далейшае развіццё. Прапрацоўвае чарговы накірунак: арэнды будаўнічай і іншай тэхнікі, а таксама плануе зарэгістраваць кампанію, каб пашырацца.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *