Молодые семьи Ушаччины постепенно обустраиваются в новых арендных квартирах

Общество

Мацвей Маслюк на арэлях ці горцы-машынцы гуляе пакуль што толькі з бацькамі. Аднаго не пускаюць: на вуліцы гразкавата, а добраўпарадкаванне двара яшчэ працягваецца. Сяброў жа ў новым 40-кватэрным доме №6 А па вуліцы Віцебскай пакуль не знайшоў. Хаця гэта, канечне, часова. Тут будаваліся пераважна маладыя сем’і, такія ж сталі і ўладальнікамі арэндных метраў.

Арцём і Яна Маслюк – адны з першых, хто іх абжывае. Хутчэй засяляліся не дзеля таго, каб “табурэтку паставіць”, маўляў, занята. У інтэрнаце ў Градзянцы, дзе “кватаравалі” да гэтага, было сыра, тут жа суха, цёпла, намнога бліжэй да работы. І хоць у пакоях пакуль мінімальны набор мэблі, а асвятленне выключна ў выглядзе лямпачак Ільіча, усё ж сюды можна засяляцца без папярэдніх рамонтаў. Арэнднае жыллё здаецца з поўнай аддзелкай – адразу з ламінатам, паклеенымі шпалерамі, пафарбаванай столлю.

Сям’я Маслюк.

Кватэру Арцём атрымаў ад камунгаса, дзе працуе трактарыстам на “Амкадоры”. Як і яшчэ адзін супрацоўнік гэтага прадпрыемства. Сярод шчасліўчыкаў работнікі некалькіх арганізацый рэальнага сектара эканомікі – Іван Шугалей і Ігар Клопаў з лясгаса, механізатар “Маяка-Ушацкага” Артур Карабань. А вось участковы Андрэй Піскун, настаўніца Таццяна Неруганёнак з Арэхаўскай школы, яе калега з Ушацкай і трое медыкаў – прадстаўнікі тых ільготных галін, што маюць першачарговае права на атрыманне арэнднага жылля. Як і суддзі, пракуроры, іншыя спецыялісты, што накіроўваюцца на працу ў пэўны рэгіён і, зразумела, не маюць тут свайго кута.

Адну з “двушак” атрымала сямейная пара дактароў Рамана і Анастасіі Клачкоў – выключна ўдалы варыянт, калі раён “займеў” такіх патрэбных урачоў узамен на адну кватэру. У гэтым яшчэ адна з мэт будаўніцтва арэндных метраў – зацікавіць патрэбных маладых спецыялістаў прыехаць працаваць, а паступова і вырашаць сваё кватэрнае пытанне. Іван Шугалей, напрыклад, узводзіць свой дом, ёсць такія, што стаяць на чарзе на будаўніцтва кватэры, але пакуль не могуць сабе дазволіць. Таму арэнднае ці камерцыйнае жыллё – ідэальны варыянт – лічы тое ж самае, што ў савецкія часы атрымаць дзяржаўную кватэру. Умовы не параўнаць з інтэрнатаўскімі, а аплату – са здымным. Залежыць яна, дарэчы, ад мноства фактараў: непасрэдна плошчы, рэгістрацыі, наяўнасці ці адсутнасці льгот. Аднак у любым выпадку гэта танней, чым жыць у чужой. “Мы 150 рублёў плацілі за здым кватэры, за люты за “двушку” ўсяго 70”, – расказваў радасны Артур Карабань, у якога нядаўна нарадзілася дзіця, што і дазволіла прэтэндаваць на камерцыйныя метры. – Вось толькі халадзільнік набудзем і пераязджаем”.

Тут на свой густ можна ўкладаць грошы ў інтэр’ер – не папросяць назаўтра пакінуць памяшканне. Адзіная ўмова – працаваць у той арганізацыі, якая хадайнічала перад райвыканкамам аб яго выдзяленні.

Паколькі ўсе арэндныя кватэры ў гэтым доме двухпакаёвыя, то і давалі іх сямейным парам з дзецьмі. Дарэчы, у прасторных калідорах стаяць каляскі, на стаянцы транспарт новых уладальнікаў жылля. Акрамя ўдалай планіроўкі можна адзначыць выгаднае месцараспалажэнне дома: некалькі хвілін хадзьбы да школы, літаральна ў вокнах “музыкалка” і фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

Ці спадабалася тут навасёлам? Адкажу фразай Арцёма Маслюка: “Хацелася б, каб адпрацаваўшы пэўны час, можна было прыватызаваць гэту кватэру”. Пакуль што заканадаўствам гэта не прадугледжана.

Вольга КАРАЛЕНКА.

  • У мінулым годзе ў Беларусі пабудавана 135 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля, у Віцебскай вобласці – 11,78. Больш за ўсё яго атрымліваюць у Мінску.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *