Михаил и Галина Синявские из Усаи знают, как красиво обустроить дачный участок

Общество

“Калі б вы на нашу сядзібу летам завіталі, то мы б вам шмат чаго паказалі, а зараз яшчэ не сезон прыгажосці!” – казалі Міхаіл Антонавіч і Галіна Афанасьеўна Сіняўскія з вёскі Усая. Аднак ужо праз 5 хвілін знаёмства стала зразумела, што яны праявілі сціпласць, і нават у халодны час года тут было на што паглядзець, чым захапіцца і ўпэўніцца, якія гэта працавітыя людзі.

Дом у маляўнічай вёсцы на самым беразе возера дастаўся Галіне Афанасьеўне ў спадчыну ад бацькоў. Хоць і была ў навапалачан свая добраўпарадкаваная дача ў іншым раёне, але, як кажуць, родныя мясціны не прадаюцца. Спачатку наведваліся на выхадных, а пасля выхаду на заслужаны адпачынак работнікі “Паліміра” канчаткова абаснаваліся на Ушаччыне. “Тут так камфортна і спакойна, няма гарадской мітусні і шуму, ніякай трывогі. Прачнешся раніцай і замест гулу аўтамабіляў чуеш спевы салаўя. А якое чыстае паветра! Аўтамагазін, пошта і ўсе іншыя службы прыязджаюць у вёску. Так што сваю дачу мы прадалі, а ўклаліся ў бацькоўскі дом, ды і зараз не перастаём усё даводзіць тут да ладу”, – расказвае сямейная пара.

А да толку тут усё на кожным кроку! Без перабольшвання можна сказаць, што ў гаспадара залатыя рукі. Так, некалі простая вясковая хата пераўтварылася ва ўтульны дом са зручнай планіроўкай. Унутры мужчына ўсё арыгінальна аформіў дрэвам – ад ложка і стала да адмысловай лесвіцы на зроблены ім другі паверх. Акуратна выглядае і веранда, а таксама кампактная лазня прама ў доме! А вось старая на ўскрайку ўчастка пераўтварылася ў летні домік, у якім і адпачыць можна, і папрацаваць. Зрэшты, вялікае задавальненне Міхаілу Антонавічу прыносіць і разьба па дрэве. Налічнікі на вокны, разныя лаўкі, драўляны свяцільнік – не пералічыць усіх яго вырабаў. З густам абсталяваў ён у двары і шашлычную, нават дрывотнік “аформлены” ў выглядзе шалаша. Асобная тэма для размоў – гэта гараж, якому б пазайздросцілі многія аўтааматары. “Зрабіў усё, аб чым марыў – прасторнае памяшканне з абагрэвам, ямай, сцены выклаў пліткай, абшыў столь, шмат месца для інструментаў. З машынамі, прызнаюся, люблю працаваць не менш, чым з дрэвам. Напрыклад, не спяшаючыся, у задавальненне, магу пафарбаваць аўто сабе ці знаёмым”, – расказвае аб яшчэ адным захапленні мужчына.

Пра любімы занятак гаспадыні тым часам падказалі некалькі скрынь з падрыхтаванымі да высадкі цыбулінамі гладыёлусаў. Гэты від кветак самы любімы ў Галіны Афанасьеўны, як і ружы, якіх налічваецца 17 відаў. “Мая маці Разалія Дзмітрыеўна вельмі любіла кветкі, хоць займацца імі ёй не было калі: трымалі вялікую падсобную гаспадарку, усё жыццё яна працавала на ферме ў Хадакова і Любжына. Можна сказаць, што споўніла маміну мару: сядзіба патанае ў кветках”, – кажа жанчына. Трэба адзначыць, што яна яшчэ і выдатны агароднік. У цяпліцы ў сярэдзіне сакавіка ўжо падрастала радыска, а на вуліцы, хоць яшчэ нічога не пасаджана, звяртаюць на сябе ўвагу акуратныя градкі. Вінаград, маліна, ажыны, бружмель, ірга, сумах – усе разнавіднасці кустоў і дрэў, размяшчэнне якіх на ўчастку прадумана, можна пералічаць доўга. Улетку паміж усімі агароднымі справамі жанчына паспявае і… парыбачыць! “Як не хадзіць на рыбалку, калі жывеш на беразе возера? Муж складае часам мне кампанію, але калі не клюе – доўга не вытрымлівае. А вось дачка Святлана вельмі любіць і летнюю, і зімнюю лоўлю”, – расказвае Галіна Афанасьеўна.

Трымае сям’я і падсобную гаспадарку – птушку, каліфарнійскіх трусоў, некалькі сямей пчол. “Участак апрацоўваем мотаблокам, не адмовіліся і ад вырошчвання зерневых. Чаму б не, ні разу не ўзнікла праблем з абмалотам. Ды і ў цэлым праца нам не ў цягасць”, – кажуць ужо былыя гараджане.

А яшчэ яны неабыякавыя да ўсяго, што адбываецца навокал: заўсёды адгукаюцца на просьбы старшыні сельвыканкама Веры Міхайлаўны Маслак, не раз сваімі сіламі падсыпалі, умацоўвалі дарогу да мясцовых могілак, дапамагаюць пажылым суседзям-дачнікам з Мінска, добраўпарадкавалі на возеры прыстань, а таксама крынічку і здзіўляліся, што мясцовыя пыталіся, ці можна прыходзіць да яе за вадой. Менавіта на такіх старанных людзях, што застаюцца вернымі малой радзіме, і трымаюцца многія маленькія вёсачкі Ушаччыны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *