На посвящённом Дню работников бытового обслуживания населения и ЖКХ мероприятии в торжественной обстановке были награждены специалисты и ветераны

Общество

“Нядаўна задаўся такім пытаннем: а колькі ўсяго відаў дзейнасці ажыццяўляе зараз прадпрыемства камунальнай гаспадаркі? Падлічыў – аказалася, парадка паўсотні”, – адзначаў на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Дню работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дырэктар Ушацкага УП ЖКГ Андрэй Аляксеевіч Сідзюк.

В.Роўба, Т.Жукава, У.Аўдошка, В.Цароў, В.Ярмош.

І сапраўды, камунгасаўцы няспынна суправаджаюць нас у розных сферах жыцця, робячы яго больш камфортным і ўладкаваным. Гэта падкрэсліў, віншуючы работнікаў прадпрыемства са святам, старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. “Нават тое, што ў агульнай структуры зваротаў, якія паступаюць ад насельніцтва, пераважаюць менавіта камунальныя пытанні, гэта прыкмета вашай асаблівай запатрабаванасці”, – зазначыў кіраўнік раёна. Вялікую працу камунальнікаў у справе добраўпарадкавання не толькі райцэнтра, а і сельскіх населеных пунктаў, вылучыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч.

А.Вялюга, Н.Марковіч, М.Гіраўка.

Пра тое ж, што прадпрыемства ў цэлым няблага спраўляецца са сваімі задачамі, сведчыць прыведзены яго кіраўніком факт, што па выніках мінулага няпростага года нявыкананымі аказаліся толькі тры паказчыкі дзейнасці. Гэта дастойны вынік, асабліва калі ўлічваць надзвычай высокую ступень зношанасці тэхнікі і абсталявання, недастатковае фінансаванне работ па рамонце жылфонду, добраўпарадкаванні (каб выконваць стандарты, патрэбна ўдвая больш сродкаў).

М.Несцярэнка, А.Сідзюк, Л.Губанкова.

Паспяхова вырашаць няпростыя задачы ўшацкаму прадпрыемству ўдаецца найперш за кошт высокага прафесіяналізму яго работнікаў. Вось і ў гэты святочны вечар на сцэну за ўзнагародамі ўздымаліся спецыялісты самых розных камунальных службаў. Ганаровай граматай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь адзначана плённая праца галоўнага эканаміста Вольгі Уладзіміраўны Жданавай, а машыніст аўтагрэйдара Віктар Фёдаравіч Цароў і вадзіцель аўтамабіля Аляксей Сяргеевіч Селявёнак атрымалі адпаведна Ганаровую грамату Віцебскага аблвыканкама і Падзяку яго старшыні. Дыспетчар Таццяна Рыгораўна Жукава, вадзіцель Валянцін Уладзіміравіч Роўба і прыбіральшчык тэрыторыі Васіль Антонавіч Ярмош адзначаны Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама. Трактарыст Андрэй Аляксандравіч Бародзіч, слесар па рамонце абсталявання цепласетак Аляксандр Аляксандравіч Кароткі, раскражоўшчык Аляксандр Мікалаевіч Полазаў і слесар па рамонце абсталявання кацельных Дзмітрый Мікалаевіч Сазонаў атрымалі Ганаровую грамату УП ЖКГ.

Д.Філімонава, А.Гераеўскі, У.Аўдошка, С.Манецкі, А.Камовіч.

Па традыцыі на ўрачыстасць былі запрошаны і ветэраны прадпрыемства, якія ўнеслі вялікі ўклад у яго развіццё. А ўладальнікам знака “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі” Людміле Васільеўне Губанковай, Мікалаю Прохаравічу Несцярэнку, Тамары Мікалаеўне Спірыдзёнак, Мікалаю Максімавічу Чорнаму, Людміле Леанідаўне Шлюбскай былыя калегі падрыхтавалі кветкі і грашовыя падарункі.

Вельмі пастараліся зрабіць запамінальным свята камунальнікаў работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Яны паказалі не толькі музычныя нумары і кранальную відэапрэзентацыю, а і знялі гумарыстычны ролік, у якім паспрабавалі пераўвасобіцца ў людзей гэтай прафесіі. Атрымалася весела і цікава. Ды ўсё ж напрыканцы фільма стала зразумела, што лепш за нашых прафесіяналаў гэтую адказную справу не зможа выканаць ніхто! Усе мы гэта ведаем і цэнім іх нялёгкую паўсядзённую працу.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *