Зіма. Маразы. А на цэнтральнай кацельні ўцечка гарачай вады. Павінна была недзе прабіцца праз зямлю. Абышлі ўсю трасу па гарпасёлку, аблазілі кустоўе – клубаў пары нідзе няма. Магутнасці кацельні і так не хапае, а ідзе дадатковы расход энергіі на падагрэў халоднай, якой падсілкоўваем сістэму. Тры дні шукалі, пакуль выпадкова не заўважылі запацеўшае шкло на вокнах. Парнасць у кватэрах стаяла не адзін дзень, аднак ніхто з жыхароў Савецкай,8, дзе пад тамбурам парвала трубу, не паведаміў.
Гэта адзін са свежых рабочых момантаў, што прыгадала галоўны інжынер УП ЖКГ Ушацкага раёна Анжаліка Джонаўна Хахлова. Зборы ў сталіцу, прычоска, дарэчы ў цырульні “Анжаліка”, хваляванні, віншаванне міністра і атрыманне знака “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі” – таксама. Аднак святочныя – вельмі рэдкія, падобны – наогул адзінкавы за тысячы падобных эпізодаў, якімі насычаны будні камунальнікаў.
Звычайна ж так, як і падчас гадзіны нашай размовы – пастаянныя тэлефонныя званкі. Парваўся трос – шукае замену на падвозку дроў. Пасярод ночы залівае кватэру – выходзіць на адпаведных спецыялістаў. 31 снежня – канчатковы тэрмін здачы двух аб’ектаў – едзе пасля абеду ў Лепель за заключэннем тэхнагляда… Дарэчы, працоўны аўтамабіль, бо вадзіцеля ў галоўнага інжынера няма, стаіць ля дома. На ўсялякі выпадак. Ну а тэлефон наогул побач і не адключаецца ніколі.
“Я таму нікуды не выязджаю з раёна, – тлумачыць Анжаліка Джонаўна, – Толькі на выключныя падзеі: вяселлі дзяцей, хрысціны ўнукаў. Памятаю, стаім пад дзвярыма раддома на выпіску, а ўсе чакаюць, пакуль я скончу гаварыць. У адпачынак былы дырэктар пускаў толькі пры ўмове, што заўсёды на лініі, калі нешта патрэбна. Ды і сама ведаю, як гэта важна, калі выконваеш яшчэ і чужыя абавязкі, каб падказалі, што рабіць, дзе які дакумент шукаць. Затое ў нас ніколі не сумна, дні проста мільгаюць. Ды і бываць на аб’ектах, арганізоўваць працэс я люблю. Больш стамляюць шматлікія справаздачы, папяровая работа. Шчыра кажучы, і пераходзіць на пасаду галоўнага інжынера з намесніка не хацела, паколькі апошні курыруе будоўлі, рамонты, я ж скончыла факультэт грамадзянскага будаўніцтва палітэхнікума, а першы адказвае наогул за ўсё і, галоўнае, цеплавую гаспадарку, у якой я не надта разбіралася.
Але ўсё прыходзіць у працэсе. І калі Анжаліка Джонаўна расказвае пра рэканструкцыю кацельняў у аграградках Глыбачка, Арэхаўна, цэнтральнай і перасыпае яго джоўлямі ды гігакалорыямі, ні на хвіліну не сумняваешся, што яна не цеплатэхнік. Падкрэслівае, што дапамагаюць начальнікі ўчасткаў, А.В.Апёнак, які адказвае за стан жыллёвага сектара гарпасёлка.
Хаця, з яе знешнасцю і фігурай проста павінна была марыць пра кар’еру артысткі, а ніяк не інжынера. Аказваецца, не. Анжаліка хацела стаць фармацэўтам. Дакументы здала, іспыты паспяхова прайшла ў Хмяльніцкае медвучылішча, а калі ў магазіне выбірала канцтавары, спужалася: “Там людзі на ўкраінскай мове размаўлялі. Такім чужым мне ўсё падалося, захацелася дамоў, а ад маіх Калінкавічаў да Мазыра ўсяго 14 кіламетраў”.
І хоць па размеркаванні трапіла ў Валгаград, працаваць таксама засталася на радзіме – на мясакамбінаце, там праходзіла маштабная рэканструкцыя і амаль дзесяць год існаваў аддзел капітальнага будаўніцтва. А 23 сакавіка было роўна 23, як яна ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі, з 2007 года – ва Ушацкім раёне.
Майстрам, інспектарам па субсідыях і тэхнагляду, інжынерам па ахове працы, начальнікам вытворча-тэхнічнага аддзела… Прайшла практычна ўсе пасады. І хоць гэта галіна як ніякая іншае ўбірае ў сябе шмат самых розных напрамкаў і прафесій, Анжаліку Джонаўну можна назваць універсалам і прафесіяналам.
Не магла не пацікавіцца, адкуль такое рэдкае імя па бацьку, пад якое падабралі сугучнае імя. “Дзед быў чарцёжнікам на ваеннай дарозе, многа чытаў, вельмі любіў Джэка Лондана. Яго расстралялі як члена падпольнай арганізацыі. Бабулі ж перад арыштам загадаў, што калі народзіцца хлопчык, каб назвала Джонам. Напэўна ад яго перадаліся здольнасці да чарчэння.
Самы напружаны час А.Хахлова так і не вылучыла. У Калінкавічах толькі шматпавярховак 198 абслугоўвалі. Ва Ушачах за плячыма маштабная рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў, замена цепласетак, рамонты дамоў, а раней і капітальны выконвалі самі. Зараз вельмі складана, бо гэта ацяпленне ўсяго раёна… Прыгадала толькі гадавы адпачынак – так у параўнанні з цяперашнімі абавязкамі і адказнасцю называе час работы начальнікам участка ў Вяркудах. “Няпростым будзе і сёлетні год. На цэнтральнай кацельні і газ давядзецца пераносіць, і дах разбіраць. Выконваць рэканструкцыю ў асноўным будуць падрадчыкі, а вось кантраляваць, паколькі эксплуатаваць нам, давядзецца пастаянна.
Зразумела, што яна ўвесь час кантактуе з людзьмі. Прыродная камунікабельнасць спрыяе, а таксама дабрыня. Анжаліка Джонаўна лічыць, што прымусам, крыкам зробіш толькі горш, хаця шчыра прызнаецца, што ў камунальнай гаспадарцы калі-нікалі зрываецца нават самы вытрыманы. Недахопам сваёй работы называе тое, што яе не бачна. “Ну так, прыгожым стаў дом 16 па Ленінскай, аднак не я непасрэдна яго ўцяпляла і фарбавала. Напэўна таму люблю вязаць. І канкрэтны вынік, і стрэс выдатна здымае.”
Як выключную рысу калегі называюць яе суперадказнасць. Ад сябе магу дабавіць яшчэ дакладнасць. Паколькі менавіта на яе плечы перакладаем частку скарг нашых чытачоў, пераканаліся – калі яна паабяцала, значыць камунальнікі ў чарговы раз дапамаглі людзям.
Вольга КАРАЛЕНКА.