Нелёгкие будни передовых работников водопроводно-канализационного хозяйства Сергея Хаткевича и Леонида Шевченко

Общество

Па журналісцкіх справах з работнікамі ўчастка водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Ушацкага раёна даводзілася сустракацца неаднойчы – і, здаецца, ніводнага разу не бачыла іх у негатыўным настроі. Працаўнікі заўсёды шчыра расказваюць пра свае нялёгкія будні, ахвотна пасвячаюць у тэхналагічныя тонкасці і абавязкова зазначаюць: “Вы ж не забудзьце прыгадаць і іншых нашых калег, яны гэтага заслугоўваюць!”

Не выбівалася са звыклага сцэнарыя і наша нядаўняя сустрэча з двума перадавымі работнікамі ўчастка – слесарам аварыйна-аднаўленчых работ Сяргеем Уладзіміравічам Хаткевічам і электраманцёрам Леанідам Іванавічам Шаўчэнкам. Адбылася яна раніцай на станцыі абезжалезвання ля спарткомплексу, куды спецыялісты прыехалі, каб зняць паказанні прыбораў. Гэта была першая кропка дзённага маршруту, пасля чаго работнікі ўзялі курс на Арэхаўна – таксама для праверкі абсталявання. Увогуле ж УАЗік службы спраўна намотвае штодня па дарогах раёна каля 200 кіламетраў, у чым заслуга вадзіцеля Васіля Васільевіча Апёнка, які добра сочыць за няновай тэхнікай.

С.Хаткевіч, Л.Шаўчэнка.

Зрэшты, адказнасць і прафесіяналізм уласцівы ўсёй брыгадзе водаканальшчыкаў. Гэтай зімой у прыгаданым вышэй аграгарадку раптоўна зменшыўся напор вады. Каб выявіць прычыну, рамонтнікам давялося раскопваць камунікацыі ў некалькіх месцах, але яны знайшлі забіты ўчастак на стыку труб і аднавілі нармальнае водазабеспячэнне. Не адзін марозны дзень правялі на гэтым аб’екце Віктар Паўлавіч Кароткі, Віталь Аркадзьевіч Дробыш, Генадзь Уладосавіч Чарняускас, Віталь Мікалаевіч Маісеенка, граматна кіраваў працэсам брыгадзір Андрэй Сяргеевіч Дзямешка. А ў сакавіку да ночы працавалі рамонтнікі ў Мосары, ухіляючы чарговы разрыў на зношаным вясковым водаправодзе.

Займаецца брыгада і тэхнічным абнаўленнем – нядаўна памянялі помпы і прылеглыя да іх трубы на свідравінах у Загор’і і Крукоўшчыне. Праводзяць планавую замену лічыльнікаў у жылым фондзе – гэта справа даручана Сяргею Мацюшу і Віталю Дробышу, а за абслугоўванне каналізацыйных сістэм раёна адказвае Міхаіл Васільевіч Маковіч.

Усе прыгаданыя спецыялісты прысвяцілі камунальнай сферы значную частку жыцця. Хаця пачыналі некаторыя сваю кар’еру на прадпрыемствах іншай галіны. С.Хаткевіч перайшоў ва УП ЖКГ 8 год таму з сарочынскага свінакомплексу, калі з-за эпідэміі там было ліквідавана пагалоўе. Адаптаваць базавыя слясарныя навыкі да новай сферы Сяргею дапамог вопытны камунгасавец Ігар Сямёнавіч Бурак. Л.Шаўчэнка запатрабаваную спецыяльнасць электрыка атрымаў у наваполацкім вучылішчы і мог уладкавацца на нафтаперапрацоўчы гігант, аднак разам з жонкай яны абралі для жыхарства экалагічна чыстую Ушаччыну. Школай працоўнага майстэрства сталі для яго 18 год работы на агароднінасушыльным заводзе: Леанід Іванавіч і зараз з цеплынёй прыгадвае той калектыў і яго тагачаснага кіраўніка Ніну Іванаўну Аўдошку. Ненамнога меншы адрэзак часу прысвяціў мужчына і камунальнай гаспадарцы. І калі ва УП ЖКГ за электрыку адказвала цэлая адпаведная служба, то на ўчастку водаканала ён адзіны штатны спецыяліст гэтага профілю. “Зрэшты, гэта не зусім так, – з усмешкай адзначае Л.Шаўчэнка. – У экстраннай сітуацыі мяне можа падмяніць наш кіраўнік Руслан Васільевіч Селезень, які выдатна разбіраецца ў электраабсталяванні”.

І сапраўды начальнік участка шмат часу праводзіць на аб’ектах, а калі трэба – возьме ў рукі і адвёртку, і лапату. За дзелавыя і чалавечыя якасці яго паважаюць усе работнікі, а здаровы мікраклімат, які водаканалаўцам удалося стварыць у сваім калектыве, станоўча ўплывае і на агульныя вынікі дзейнасці ўчастка.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *